29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусам для інфармацыі: у Бадэн-Вюртэмбергу спрасцілі працаўладкаванне замежнікаў

Беларусам для інфармацыі: у Бадэн-Вюртэмбергу спрасцілі працаўладкаванне замежнікаў

Кухарам у гэтай федэральнай зямлі Нямеччыны прапаноўваюць да 2922 еўраў.

Кухар, маляр, цырульнік... Праект PuMa дапамагае спецыялістам гэтых і іншых прафесій з краінаў, якія не ўваходзяць у ЕЗ, працаўладкавацца ў Нямеччыне.

У 2016 годзе ў федэральнай зямлі Бадэн-Вюртэмберг пастанавілі апрабаваць новую мадэль прываблівання кваліфікаваных працоўных мігрантаў з-за межаў ЕЗ. Пілотны праект пад назвай PuMa набліжаецца да апошняй стадыі ў верасні сёлета. DW высветліла, якія плады ўжо прынёс гэты эксперымент.

На працу – праз 100-бальную сістэму

Праект прымеркаваны для спецыялістаў з дыпломам аб сярэдняй прафадукацыі і абмежаваны адным рэгіёнам: фірма-працадаўца павінна знаходзіцца ў Бадэн-Вюртэмбергу. Спецыяліста, які падаў заяўку, ацэньваюць праз 100-бальную сістэму, дзе 100 балаў з'яўляюцца "ўваходным квітком" на нямецкі рынак працы. Вельмі важнае значэнне пры гэтым мае веданне мовы. Акрамя кваліфікацыі, валоданне нямецкай мовай на ўзроўні B2 і вышэй забяспечвае 100 балаў і адразу адкрывае доступ да рынку працы. Мінімальнае патрабаванне – узровень A2 (ён дае 25 балаў).

Калі веды нямецкай ніжэйшыя за ўзровень B2, дабраць балы можна ў іншых чатырох крытэрах. Напрыклад, калі спашукальнік ужо знаходзіўся ў Нямеччыне на працы ці вучобе, у агульнай колькасці не менш як год, гэта дае яшчэ 50 балаў. Сваякі да другой ступені сваяцтва ў Бадэн-Вюртэмбергу – 50 балаў. Паўгода вучобы або працы ў адной з краінаў ЕЗ – 25 балаў. Веды ангельскай або французскай моваў на ўзроўні B1 – 25 балаў.

Гэтая праграма палегчанага працаўладкавання адчыненая для прадстаўнікоў усіх прафесій, якія не могуць прэтэндаваць на атрыманне "блакітнай карты" і якіх няма ў так званым "белым спісе" (Positivliste) Федэральнага агенцтва працы. У ім пералічаныя групы працоўных спецыяльнасцяў, у якіх Нямеччына больш за ўсё мае патрэбу ў спецыялістах не з ЕЗ.

Што перашкаджае працаўладкавацца ў Нямеччыне

У Цэнтральнай службе дапамогi ў працаўладкаваннi за мяжой (ZAV) пры Федэральным агенцтве працы падкрэсліваюць тэставы характар гэтага праекта, вынікі якога нельга ацэньваць толькі праз колькасць працаўладкаваных спецыялістаў. Такіх, на самай справе, усяго 33, у тым ліку з Расеі і Украіны. Пры гэтым, як адзначаюць у ZAV, якая каардынуе праект, попыт на праграму ёсць. Колькі ўсяго чалавек цікавіліся магчымасцямі ў рамках PuMa, колькі заявак было адхілена, а таксама іншыя звесткі яшчэ трэба падлічыць. Але галоўнае, што ўжо пацвердзіў тэст: перашкоды на шляху да працаўладкавання ў Нямеччыне істотныя.

"Мы падсумавалі практычны досвед, атрыманы ў ходзе праекта. Нашы высновы будуць разгледжаныя пры абмеркаванні новага закона пра іміграцыю кваліфікаваных кадраў", – адзначыла прэс-сакратарка ZAV Беатэ Рабе (Beate Raabe) у інтэрв'ю DW. Законапраект быў ухвалены ўрадам ФРГ у снежні 2018-га. За яго яшчэ павінен будзе прагаласаваць нямецкі парламент да канца гэтага года.

Як паказаў праект, асноўная перашкода для спецыялістаў-замежнікаў у Нямеччыне – слабое веданне нямецкай мовы. "Акрамя таго, у спашукальнікаў мала інфармацыі пра фармальнасці вельмі складанага працэсу працаўладкавання. Як функцыянуе прызнанне дыплома? Што такое "белы спіс"? – тлумачыць Беатэ Рабе. – З іншага боку, у працадаўцаў высокія патрабаванні да спашукальнікаў. Ад замежнікаў яны чакаюць такога самага ўзроўню падрыхтоўкі, як у нямецкіх спецыялістаў. Фірмам яшчэ трэба вучыцца, як падыходзіць да прэтэндэнтаў з-за мяжы".

Яшчэ адна выснова ZAV: спашукальнікі, якія з якіх-небудзь прычынаў ужо знаходзяцца ў Нямеччыне (праводзяць тут адпачынак або наведваюць сваякоў, напрыклад), больш актыўна карыстаюцца магчымасцямі праекта PuMa, і ім адносна лягчэй справіцца з асобнымі этапамі працэсу працаўладкавання, чым тым, хто знаходзіцца за мяжой.

Хто можа ўдзельнічаць у праекце палегчанага працаўладкавання

Праект PuMa заканчваецца 30 верасня. Калі вы хочаце скарыстацца шанцам і паспрабаваць знайсці працадаўцу такім чынам, заяўку варта дасылаць нашмат раней, паколькі адзін толькі працэс пацверджання дыплома займае тыдзень. У ZAV раяць арыентавацца, самае позняе, на чэрвень.

Цяпер на сайце праекта прыведзеныя 15 прафесій. Кухар, маляр, мяснік, пекар, тынкоўнік, цясляр, цырульнік... Гэты спіс, як удакладнілі ў ZAV, – для нагляднасці, каб зразумела было, хто можа працаўладкавацца ў Бадэн-Вюртэмбергу праз праграму PuMa. Акрамя таго, у гэтых спецыяльнасцях ёсць канкрэтныя вакансіі, і фірмы гатовыя наняць замежнікаў.

У спашукальніка павінен быць дыплом пра сярэднюю прафесійную адукацыю, атрыманы за межамі ЕЗ. Ён павінен прайсці ў Нямеччыне працэдуру праверкі і прызнання дыплома.

У праграме PuMa можна ўдзельнічаць, нават калі дыплом прызнаны толькі часткова. У гэтым выпадку спашукальнік можа атрымаць візу тэрмінам да 18 месяцаў, пачаць працаваць у адной з фірмаў у Бадэн-Вюртэмбергу і адначасова павышаць сваю кваліфікацыю для поўнага прызнання дыплома. І апошні, але немалаважны факт. Ён тычыцца тых, хто баіцца, што ў Нямеччыне спецыялісты-замежнікі будуць атрымліваць за сваю працу менш чым немцы. "Мы (Федэральнае агенцтва працы – Рэд.) звяртаем увагу на справядлівую мабільнасць, гэта значыць на тое, каб чалавек, які прыязджае да нас з-за мяжы, працаваў на тых жа ўмовах, што і спецыялісты з Нямеччыны", – падкрэслівае Беатэ Рабе са службы дапамогі ў працаўладкаванні за мяжой (ZAV).

На сайце PuMa ўказаны заробак для 15 прафесіяў. Маляр, напрыклад, атрымлівае ад 1403 да 3160 еўраў за месяц брута, кухар – ад 1653 да 2922 еўраў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках