23 красавiка 2024, aўторак, 13:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Незалежнасцю не гандлюем»: беларус папярэдзіў расейскіх вайскоўцаў

15
«Незалежнасцю не гандлюем»: беларус папярэдзіў расейскіх вайскоўцаў

Жыхар Мазыра нанёс графіці на стэлу з расейскім трыкалёрам і георгіеўскай стужкай.

Жыхару Мазыра Васілю Васько 14 сакавіка ў мясцовай міліцыі выдалі адміністрацыйны пратакол паводле артыкуле 21.14 КаАП (парушэнне парадку добраўпарадкавання населеных пунктаў). 8 студзеня ён размесціў на стэле, усталяванай у памяць ракетнай дывізіі, надпіс «незалежнасцю не гандлюем!», паведамляе «Гомельская весна».

Стэла была ўсталяваная ў Мазыры ў памяць ракетчыкаў, якія дыслакаваліся тут у савецкі час. На памятным знаку колеру расейскага трыкалёра размешчаныя савецкі сцяг, малюнак ракетнага комплексу, георгіеўская стужачка і надпіс «Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння – гарант міру і бяспекі».

Васіль Васько растлумачыў, што сапраўды пакінуў надпіс «незалежнасцю не гандлюем» на памятным знаку, бо ён выступае «супраць вайны, расейскай агрэсіі, мілітарызацыі і за незалежнасць Беларусі».

«Я напісаў гэта ў студзені, якраз калі ў СМІ ўсё часцей гучала інфармацыя пра магчымую анэксію Беларусі, зліццё яе з Расеяй. Мяркую, што георгіеўская стужачка на стэле і надпісы пра “гаранта міру і бяспекі” недарэчныя ў беларускім горадзе», – зазначыў Васько.

21 лютага яго з дому даставілі ў міліцыю, дзе канфіскавалі тэлефон і праверылі ягонае змесціва. Там былі знойдзеныя фатаграфіі з надпісам на стэле. «Мне пагражалі, што пасадзяць, я прызнаўся, што сапраўды пакінуў гэты надпіс», – дадаў жыхар Мазыра.

Тэлефон у яго забралі, але пасля скаргі ў пракуратуру вярнулі.

У сувязі з адміністрацыйнай справай у міліцыю выклікалі і актывіста Беларускага нацыянальнага кангрэса (БНК) Уладзіміра Неўмяржыцкага.

«Мне ў міліцыі заявілі, што гэта я арганізаваў нанясенне графіці на стэлу. Прычым не толькі арганізаваў, але і заплаціў выканаўцу. Свае прэтэнзіі міліцыя грунтавала на тым, што Васіль Васько дасылаў мне фатаграфію стэлы ў Тэлеграм-канале. Я адмовіўся сведчыць супраць сябе», – паведаміў Неўмяржыцкі.

Паводле словаў Васько, 14 сакавіка ў міліцыі ў яго пыталіся, хто яго «падгаварыў пакінуць такі надпіс». «Я сам пастанавіў напісаць так на стэле», – заўважыў Васько.

У савецкі час у Мазыры дыслакавалася 33-я гвардзейская ракетная дывізія. У 90-я яна была перамешчаная на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі. Некаторыя былыя ракетчыкі засталіся жыць у Мазыры.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках