20 красавiка 2024, Субота, 6:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Магерыні: ЕЗ прадоўжыць санкцыйны ціск на РФ у сувязі з анэксіяй Крыма

Магерыні: ЕЗ прадоўжыць санкцыйны ціск на РФ у сувязі з анэксіяй Крыма
ФЕДЭРЫКА МАГЕРЫНІ

Анэксія Расеяй украінскага Крыму застаецца наўпроставым выклікам міжнароднай бяспецы.

Еўрапейскі Звяз прадоўжыць ціснуць на Расею пры дапамозе санкцый у сувязі з анэксіяй РФ Крыма, заявіла вярхоўная прадстаўніца ЕЗ у пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Федэрыка Магерыні. Яе заява з нагоды пяцігоддзя акупацыі ўкраінскага паўвострава апублікаваная 17 сакавіка на сайце Еўрапейскай рады, паведамляе gordonua.com.

Адзначаецца, што пасля пяці гадоў акупацыі Крыму Еўразвяз застаецца непахісным у сваёй падтрымцы суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. ЕЗ асуджае анэксію Крыма і Севастопаля, якая з'яўляецца парушэннем міжнароднага права.

«Анэксія застаецца наўпроставым выклікам міжнароднай бяспецы, што мае сур'ёзныя наступствы для міжнароднага правапарадку, які абараняе тэрытарыяльную цэласнасць, адзінства і суверэнітэт усіх дзяржаў», – сказана ў заяве.

Магерыні адзначыла, што Еўразвяз прадоўжыць санкцыйны ціск на Расею.

«Еўрапейскі Звяз захоўвае прыхільнасць поўнай рэалізацыі сваёй палітыкі непрызнання, у тым ліку з дапамогай абмежавальных захадаў. Еўрапейскі Звяз зноў заклікае ўсе дзяржавы-чальцы ААН разгледзець магчымасць прыняцця аналагічных захадаў у непрызнанні ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН 68/262. Парушэнні міжнароднага права з боку Расеі прывялі да небяспечнага абвастрэння напружанасці ў Керчанскай пратоцы і Азоўскім моры. Неапраўданае выкарыстанне сілы з боку Расеі ў дачыненні да Украіны 25 лістапада 2018 года – гэта напамінак аб негатыўных наступствах неправамернай анэксіі Крымскага паўвострава для рэгіянальнай стабільнасці», – заявіла Магерыні.

ЕЗ зноў заклікае Расею неадкладна і без папярэдніх умоў вызваліць незаконна затрыманых украінскіх маракоў, караблі і абсталяванне.

«У перыяд да вызвалення Расея павінна выконваць іх правы на судовае прадстаўніцтва і на бесперашкодны доступ консульскіх работнікаў, а таксама забяспечыць наданне належнай медыцынскай дапамогі параненым маракам», – прадоўжыла Магерыні.

Еўразвяз асуджае будаўніцтва моста праз Керчанскую пратоку без згоды Украіны, бо гэта ўяўляе сабой чарговае парушэнне ўкраінскага суверэнітэту.

«ЕЗ чакае, што Расея забяспечыць бесперашкодны, свабодны праход усіх суднаў праз Керчанскую пратоку ў Азоўскае мора і выхад з яе ў адпаведнасці з міжнародным правам. Незаконнае абмежаванне суднаходства адмоўна адбіваецца на эканоміцы ўкраінскіх партоў у Азоўскім моры і ўсяго рэгіёну агулам», – сказана ў заяве.

Еўрапейскі Звяз таксама не прызнаў і не прызнае правядзенне выбараў Расейскай Федэрацыяй ва ўкраінскім Крыме.

«Рост мілітарызацыя паўвострава прадаўжае негатыўна ўплываць на сітуацыю ў галіне бяспекі ў рэгіёне Чорнага мора. У парушэнне міжнароднага гуманітарнага права жыхароў Крыму прымушаюць прымаць расейскае грамадзянства і праходзіць службу ва ўзброеных сілах Расейскай Федэрацыі. Пасля неправамернай анэксіі Расейскай Федэрацыяй сітуацыя з правамі чалавека на Крымскім паўвостраве значна пагоршылася. Жыхары паўвострава сутыкаюцца з сістэматычнымі абмежаваннямі такіх асноўных свабодаў, як свабода выказвання меркаванняў, свабода рэлігіі або перакананняў, свабода асацыяцыі і права на мірныя сходы», - прадоўжыла Магерыні.

Яна заклікала забяспечыць бесперашкодны доступ міжнародных місій для назірання за правамі чалавека і праваабарончых некамерцыйных арганізацый у Крым і Севастопаль.

«Правы крымскіх татараў сур'ёзна парушаныя закрыццём крымска-татарскіх СМІ, забаронай дзейнасці Меджліса, органа самакіравання крымскіх татараў, і пераследам яго лідараў і сяброў абшчыны. ЕЗ чакае, што Расея перагледзіць гэтыя пастановы і спыніць ціск на крымска-татарскую суполку. Крымскім татарам, украінцам і ўсім этнічным і рэлігійным суполкам на паўвостраве павінна быць гарантаваная магчымасць падтрымліваць і развіваць сваю культуру, гісторыка-культурныя традыцыі, адукацыю і ідэнтычнасць. Акрамя таго, Расея павінна ўжыць захады для паляпшэння экалагічнай сітуацыі, якая прыкметна пагоршылася пасля неправамернай анэксіі», – сказана ў заяве.

Еўразвяз таксама зноў заклікае вызваліць палітвязняў-украінцаў і крымскіх татараў, а таксама ўсіх, хто быў асуджаны ў Крыме ў парушэнне міжнароднага права.

Расея анэксавала Крым пасля незаконнага рэферэндуму 16 сакавіка 2014 года. Далучэнне паўвострава да РФ не прызнаецца Украінай і большасцю краін свету. У гэты момант паміж мацерыковай Украінай і Крымам дзейнічае кантрольна-прапускны рэжым, а Кіеў дэ-факта не кантралюе паўвостраў.

25 лістапада 2018 года РФ абстраляла і захапіла ў Чорным моры катэры ўкраінскіх Вайскова-марскіх сіл «Бярдзянск» і «Нікапаль», а таксама буксір «Яны Капу», якія вярталіся ў Адэсу пасля спробы прайсці праз Керчанскую пратоку ў Азоўскае мора.

Расейскія сілавікі затрымалі 24 украінскіх маракоў, пазней іх арыштавалі ў крымскіх «судах» і перавезлі ў Маскву. Траіх параненых украінцаў змясцілі ў лякарню следчага ізалятара «Матроская цішыня», астатніх даставілі ў СІЗА «Лефортава». Цяпер усе маракі знаходзяцца ў «Лефортаве». Усім украінцам выставілі абвінавачванні ў незаконным перасячэнні мяжы РФ. Украіна ўважае маракоў за ваеннапалонных і патрабуе адпусціць іх.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках