20 красавiка 2024, Субота, 6:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Судаленка: Хіба гэта не экстрэмізм, калі чыноўнік ігнаруе абавязанні краіны?

5
Судаленка: Хіба гэта не экстрэмізм, калі чыноўнік ігнаруе абавязанні краіны?
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

У Камітэце правоў чалавека ААН на разглядзе знаходзіцца больш за 300 беларускіх кейсаў.

18 сакавіка гомельскія левыя са «Справядлівага свету» Уладзімір Сякерка і Валер Клімаў атрымалі паведамленні з Камітэта правоў чалавека ААН аб рэгістрацыі іх скаргаў на забароны ў правядзенні масавых мерапрыемстваў.

У Камітэт ААН палітыкі паскардзіліся пасля таго, як не знайшлі абароны сваіх правоў ўнутры краіны. Гомельскі гарвыканкам забараніў ім яшчэ ў 2016 годзе правесці ў абласным цэнтры пікеты на сацыяльную тэматыку і пагаршэнне эканамічнага становішча людзей наёмнай працы, паведамляе "Гомельская вясна".

Праваабаронца Леанід Судаленка адзначае, што Камітэт правоў чалавека ўжо больш за дзясятак раз разглядаў аналагічныя справы аб адмовах мірных сходаў у Гомелі, канстатуючы грубае парушэнне правоў, тым не менш, заганная практыка чыноўнікаў не мяняецца.

«Увосень мінулага года я прысутнічаў у Жэневе на сесіі Камітэта правоў чалавека, дзе беларускі ўрад даў справаздачу аб гарантаванні правоў чалавека ў краіне. Старшыня Камітэта тады наўпрост спытаў беларускую дэлегацыю, чаму, напрыклад, у Гомелі палітыкі павінны праводзіць мірныя сходы на ўскраінах горада? Адказу не было ні тады, ні цяпер, хоць ужо ёсць больш за дзясятак пастаноў Камітэта, згодна з якімі чыноўнікі толькі ў Гомелі сістэматычна парушаюць правы грамадзян на мірныя сходы і выказванне меркаванняў», - заявіў юрыст.

Ён таксама падкрэсліў, што ў кожнай з прынятых у Жэневе пастаноў ёсць рэкамендацыі беларускаму ўраду змяніць не толькі нацыянальнае заканадаўства аб мірных сходах, але і практыку выкарыстання, каб спрэс выключыць паўтарэнне устаноўленых парушэнняў.

«Больш за дзясятак пастаноў маюць рэкамендацыі гомельскім чыноўнікам скасаваць мясцовую пастанову аб масавых мерапрыемствах у Гомелі, а воз, як кажуць, і цяпер там. На сёння ў Камітэце правоў чалавека ААН на разглядзе знаходзіцца больш за 300 беларускіх кейсаў! Хіба гэта не экстрэмізм, калі той ці іншы чыноўнік у адкрытую ігнаруе міжнародныя абавязацельствы краіны?», - дадаў Судаленка.

Нагадаем, пасля рэгістрацыі скаргі ў КПЧ ААН яна перадаецца ўраду краіны для афіцыйнага каментара. На гэтую працэдуру адводзіцца шэсць месяцаў або 180 дзён. Потым заяўніку ў такі ж тэрмін прадастаўляецца магчымасць адрэагаваць на пазіцыю краіны, пасля чаго скарга лічыцца гатовай да разгляду. Сёння беларускія скаргі тут разглядаюцца ў тэрмін ад 3-х да 6-ці гадоў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках