26 красавiка 2024, Пятніца, 0:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Антон Сарока стаў гульцом БАТЭ

Антон Сарока стаў гульцом БАТЭ
АНТОН САРОКА

Беларускі футбаліст перайшоў у барысаўскі клуб з «Лакерэна».

Навабранец «жоўта-сініх» Антон Сарока з'яўляецца выхаванцам менскай «Змены» (першы трэнер - Віктар Георгіевіч Ганчарэнка). У 2007 годзе перайшоў у футбольную школу сталічнага «Дынама» і выступаў за яго юнацкія каманды. Адначасна абараняў колеры юнацкай нацыянальнай каманды Беларусі, піша «Прессбол».

У пачатку 2010-га пасля міжнароднага мемарыяла Валянціна Гранаткіна ў Санкт-Пецярбургу трапіў на аловак селекцыянерам казанскага «Рубіна» і неўзабаве далучыўся да галоўнага клубу Татарстана, які ў тыя часы ўважаўся за заканадаўцу мод расейскага футбола (у 2008 і 2009 гадах дасягнуў найвышэйшага поспеху ў сваёй гісторыі - двойчы станавіўся чэмпіёнам краіны). Сезон-2010 Сарока правёў у дублюючым складзе казанцаў, але з'явіўся на газоне ўсяго ў шасці матчах. Такая доля форварда не задавальняла - хацелася атрымліваць паўнавартасную гульнявую практыку.

«У 2011-м вярнуўся на радзіму - быў арандаваны сталічным «Партызанам». Налета тым жа шляхам пайшла ўжо «Гарадзея». А пасля заканчэння тэрміну дзеяння кантракту з «Рубінам» Антон уклаў працоўнае пагадненне з «цукровікамі» (у 2013 -м), якія выношвалі вельмі амбіцыйныя планы. Пасля некалькіх няўдалых спробаў дружына з Нясвіжскага раёна, партыю першай скрыпкі у якой выконваў Сарока, прабілася усё ж у элітны дывізіён.

У канцы 2016 года Антон перабраўся ў менскае «Дынама» - і з ходу здабыў срэбра нацыянальнага чэмпіянату. Прычым забіў 12 мячоў (3-е месца ў пераліку бамбардзіраў вышэйшай лігі) і трапіў у спіс «22 найлепшых футбаліста чэмпіянату». Акрамя таго, у 2017-м бліскаў на міжнароднай арэне: чаго вартыя чатыры галы ў Лізе Еўропы і два - за нацыянальную каманду!

У сярэдзіне сезону 2018 Сарока ўліўся ў шэрагі бельгійскага «Лакерэна». Аднак жалезным гульцом стартавай абоймы не стаў: 17 паядынкаў у чэмпіянаце і 2 - у Кубку Бельгіі (2 галы і 4 выніковыя перадачы).

Дэфіцыт спаборніцкай практыкі восенню мінулага года папаўняе выступамі ў галоўнай камандзе Беларусі. Там, дарэчы, у вызначальных бітвах за першае месца ў групе Лігі нацый (з Люксембургам - 2:0 і Сан-Марына - 2:0) утварылася шматспадзеўная звязка Антон Сарока - Станіслаў Драгун, якія збудавалі тры камбінацыі ўзяцця брамы з пасоў адзін аднаго.

Сезон для «Лакерэна» скончыўся ў мінулую нядзелю - апошнім месцам у чэмпіянаце і паніжэннем у рангу. У выніку Сарока прыняў пастанову пакінуць бельгійскі клуб і прадоўжыць кар'еру ў БАТЭ.

Антон, сардэчна запрашаем у табар «жоўта-сініх»! Зычым, каб барысаўскі этап стаўся найлепшым у тваёй спартовай біяграфіі, а твае галы дапамагалі камандзе вырашаць пастаўленыя задачы!» - гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага сайта БАТЭ.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках