24 красавiка 2024, Серада, 20:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея можа пакінуць Раду Еўропы

15
Расея можа пакінуць Раду Еўропы

Актывісты папярэджваюць, што такі крок можа прывесці да наступстваў для расейскай грамадзянскай супольнасці і правоў чалавека.

Масква можа найбліжэйшым часам пакінуць Раду Еўропы, што, на думку актывістаў, можа пазбавіць расейцаў апошняй надзеі на правасуддзе і звесці на нішто намаганні для інтэграцыі краіны ў міжнародныя праваабарончыя структуры, паведамляе «Голас Амерыкі».

Расея знаходзілася пад юрысдыкцыяй Еўрапейскага суда правоў чалавека больш за 20 гадоў, стаўшы найбуйнейшым пастаўшчыком спраў для гэтага органа, які знаходзіцца пад кантролем галоўнай праваабарончай арганізацыі кантынента.

Але пасля анэксіі Крыма ў 2014 годзе стасункі паміж Масквой і Радай Еўропы дасягнулі крызіснага пункта, і Расея можа выйсці з гэтага праваабарончага органа, або яе ўдзел можа быць прыпынены, папярэджваюць актывісты і назіральнікі.

«Пуцін вызначана ўважае сяброўства ў Радзе Еўропы элементам прыналежнасці да цывілізаванага свету, і выхад з яго заўсёды разглядаўся, як непажаданы сцэнар, - кажа кіраўніца парыжскай аналітычнай кампаніі R.Politik Таццяна Станавая. - Але, магчыма, іншага выйсця ў абставінах, якія склаліся, няма».

Сыход Расеі ці «Рукзіт», як назваў яго генеральны сакратар Рады Еўропы Турб'ёрн Ягланд, будзе мець негатыўныя наступствы.

Актывісты папярэджваюць аб магчымым узмацненні ціску на грамадзянскую супольнасць, пагаршэнні становішча зняволеных, новай хвалі эміграцыі і магчымым аднаўленні смяротнага пакарання.

«Рукзіт» можа аслабіць і саму Раду і стварыць новыя лініі разлому ў Еўропе.

Пасля расейскай анэксіі ўкраінскага Крыма Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы пазбавіла расейскую дэлегацыю права голасу і іншых правоў.

У адказ Расея прыпыніла выплату штогадовага ўнёску ў суме 33 мільёны еўраў у Раду Еўропы, што складае блізу 7 адсоткаў яго бюджэту, і адмовілася ўдзельнічаць у сесіях ПАРЕ.

У выніку больш за палову суддзяў ЕСПЧ, якія абіраюцца тэрмінам на дзевяць гадоў і не могуць быць пераабраныя, а таксама цяперашні камісар у правах чалавека, былі абраныя без удзелу Расеі.

Пасля нявыплаты ўнёскаў цягам двух гадоў, гэта значыць, з чэрвеня гэтага года, удзел Расеі ў Радзе Еўропы можа быць прыпынены.

Што больш важна, Масква, магчыма, не зможа ўзяць удзел у чэрвеньскіх выбарах новага генеральнага сакратара арганізацыі. Расея папярэдзіла, што ў гэтым выпадку яна можа сысці.

Намеснік старшыні Дзяржаўнай думы і кіраўнік расейскай дэлегацыі ў ПАРЕ Пётр Талстой заявіў, што Масква возьме ўдзел у выбарах, толькі калі яе правы будуць цалкам адноўленыя, і калі ПАРЕ пагодзіцца выключыць магчымасць увядзення санкцый супраць нацыянальных дэлегацый.

Талстой заявіў AFP, што калі гэтага не адбудзецца, расейская дэлегацыя не будзе браць удзелу ў выбарах. З ягоных слоў, гэта ставіць пад пытанне неабходнасць удзелу Расеі ў працы гэтай арганізацыі.

Галоўны апазіцыйны палітык Расеі Аляксей Навальны, які падаў у ЕСПЧ мноства скаргаў ад свайго імя і ад імя іншых, дапускае, што Масква можа блефаваць.

Навальны заявіў AFP, што Крэмль атрымлівае асалоду ад таго факту, што расейскую дэлегацыю пазбавілі права голасу. На думку апазіцыянера, Крэмль выкарыстоўвае напружанасць у дачыненнях з Еўропай для ўмацавання сваіх пазіцый унутры краіны.

Навальны кажа, што хоць расейскаму ўраду не падабаюцца многія пастановы ЕСПЧ, улады не хочуць выходзіць з Рады Еўропы, а Рада Еўропы напраўду не хоча выключаць Расею. Ён дапускае, што арганізацыя можа змяніць правілы, каб захаваць Маскву ў сваім складзе.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках