25 красавiка 2024, Чацвер, 2:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці можна ўважаць Статут ВКЛ за першую ў свеце Канстытуцыю?

2
Ці можна ўважаць Статут ВКЛ за першую ў свеце Канстытуцыю?

Пяць важных момантаў у прававой творчасці Еўропы.

Барацьба за першынство, і ў асаблівасці — палітычнае першынство, вядзецца на працягу ўсяго існавання палітычных сістэм. Прычым барацьба гэтая мае як геаграфічнае, так і часовае вымярэнне — гэта значыць, ажыццяўляецца як паміж суседнімі дзяржавамі, так і ў гістарычным кантэксце. Памятаеце вядомае выслоўе аднаго з антычных філосафаў, што гісторыю пішуць пераможцы? Сапраўды, права першынства ў гістарычным кантэксце застаецца за тымі, хто праз стагоддзі захаваў права голасу, піша np.by.

Першай называюць «Канстытуцыю 3 траўня»

Спытайце Google або ўсякую іншую пошукавую сістэму аб першай еўрапейскай канстытуцыі Новага часу — і знойдзеце процьму інфармацыі аб створанай як фармальны юрыдычны дакумент, які фактычна не дзейнічаў на рэальных тэрыторыях з прычыны іх захопу іншаземцамі - Канстытуцыю 3 траўня, Канстытуцыю Рэчы Паспалітай.

Канстытуцыя 3 траўня была прынятая ў 1791 годзе, а ў 1793-1795 гадах Рэч Паспалітая перастала існаваць як палітычны аб'ект на карце, быўшы падзеленая паміж Расейскай імперыяй, Аўстра-Вугорскай і Прусіяй. Фармальны перыяд дзеяння гэтага збору дзяржаўных законаў - менш за 19 месяцаў. Рэальны – яшчэ меншы, бо пазначанага перыяду не выстарчыла нават, каб распаўсюдзіць дастатковую колькасць асобнікаў гэтага дакумента па ўсіх рэгіёнах.

Тым не менш, менавіта гэты юрыдычны дакумент уважаецца за першы ўзор прававой творчасці ў Еўропе.

У процівагу гэтаму дакументу, Статут Вялікага Княства Літоўскага, у сваім удасканаленым выглядзе прыняты ў 1588 годзе (трэці Статут, трэцяя рэдакцыя дакумента), дзейнічаў на нашых землях нават пасля іх далучэння да Расейскай імперыі - агулам 250 гадоў (да свайго афіцыйнага скасавання ў 1840 годзе). Зрэшты, і пазней, пры разглядзе складаных пытанняў, якіх не было ў нарматыўнай базе Расейскай імперыі, ён выкарыстоўваўся як узор "звычаёвага права" (гэта значыць, традыцыйнага права).

Статут і Канстытуцыя - «дзве вялікія розніцы»

Слоўнік палітычных тэрмінаў трактуе Канстытуцыю (ад лацінскага constitutio, гэта значыць, палітычная прылада) як асноўны закон дзяржавы, прававы акт, які абвяшчае і гарантуе правы і свабоды чалавека, які вызначае асновы грамадскага ладу, форму кіравання і тэрытарыяльнага ладу, асновы арганізацыі цэнтральных і мясцовых органаў улады, іх кампетэнцыю і стасункі.

Цікава, што ўсе гэтыя чыннікі ў Статуце ВКЛ, фактычнай першай еўрапейскай канстытуцыі Новага часу, ёсць. Аднак Канстытуцыяй гэты заканадаўчы прадукт не лічыцца. Бо быў названы інакш. Вось, калі б назвалі Канстытуцыяй…

Канстытуцыя вызначае межы галін улады

Падзел улад - вось адна з першых задач Канстытуцыі як Збору законаў. Большасць сярэднявечных судзебнікаў (прататыпаў Канстытуцыі) пісалася ў краінах з абсалютнай манархіяй, дзе падзел галін улады быў проста неймаверны. Менавіта за гэты наватарскі крок асабліва хваляць Канстытуцыю 3 траўня.

Толькі вось у 1588 годзе, у Статуце Вялікага Княства Літоўскага, фактычна была ўведзеная новая форма дзяржаўнага кіравання - выбарная манархія. Пры гэтым сойм (які дэ-факта з’яўляўся парламентам, органам заканадаўчай улады) займаў вызначальнае месца ў палітычнай сістэме.

Канстытуцыя абараняе нацыянальныя інтарэсы грамадзян

Адна з асноўных функцый Канстытуцыі ў яе сучасным разуменні - абарона нацыянальных інтарэсаў грамадзян сваёй краіны. Для Канстытуцыі 3 траўня нацыянальны чыннік меў асноватворнае значэнне. І сапраўды, дазволіў на паўтара стагоддзя наперад аб'яднаць палякаў.

Статут ВКЛ, які ствараецца ў перыяд укладзенага пагаднення аб канфедэрацыі з Рэччу Паспалітай (Люблінская унія 1569 года), быў напісаны на старабеларускай мове, вызначаў гэтую мову як дзяржаўную, пацвярджаў перавагу - і нават абсалютны прыярытэт грамадзян ВКЛ у цэлым шэрагу сфэр (купляць зямлю або займаць дзяржаўныя пасады, нават ніжэйшыя, замежнікам забаранялася).

Канстытуцыя кансалідуе грамадзян

Кансалідацыя - вось чым праславілася Канстытуцыя 3 траўня. Сапраўды, больш за 123 гады грамадзяне Польшчы, якая не існавала на палітычнай карце, песцілі сваю мару аб аднаўленні дзяржаўнасці. І ператварылі гэтую мару ў мэту. І дасягнулі яе.

Статут Вялікага Княства Літоўскага, нягледзячы на амаль трохсотгадовую гісторыю рэальнага выкарыстання ў якасці галоўнага зборніка прававых нормаў для нашых земляў, не здолеў стаць марай і мэтай для істотнай колькасці прыхільнікаў незалежнасці і дзяржаўнасці ВКЛ.

А пад канец можна нагадаць яшчэ адзін важны момант. У адрозненне ад абсалютнай большасці сярэднявечных прававых актаў, Статут Вялікага Княства Літоўскага абвяшчаў роўнасць усіх грамадзян перад законам. Вартасць жыцця кожнага чалавека, у тым ліку – простага чалавека, прызнавалася на дзяржаўным узроўні, правы жанчын (якія лічыліся бяспраўнымі) і экалагічныя пытанні таксама атрымалі належнае адлюстраванне ў гэтым дакуменце.

Дарэчы, першая Канстытуцыя Новага часу, згодна з той жа Вікіпедыяй, - гэта Канстытуцыя ЗША, прынятая ў 1787 годзе. А з 1776 да 1784 у ЗША актыўна браў удзел у ваенна-палітычным жыцці будучы нацыянальны герой ЗША, ураджэнец нашай зямлі, Тадэвуш Касцюшка. Статут Вялікага Княства Літоўскага ў гэты час набліжаўся да свайго двухсотгоддзя.

І гэта, вядома ж, абсалютнае супадзенне.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках