24 красавiка 2024, Серада, 9:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міністэрства адукацыі робіць бізнэс на дзецях?

7
Міністэрства адукацыі робіць бізнэс на дзецях?
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА VGR.BY

Бацькі абураныя платнымі «алімпіядамі».

Пра нетыповую сітуацыю, звязаную са школьнымі алімпіядамі, распавёў «Еўрарадыё» Зміцер Івановіч, бацька 4-класніцы. Ягоную дачку выбралі для ўдзелу ад класа, і дзяўчынка прайшла ў другі тур. Але перад гарадскім этапам барацьбы высветлілася, што для ўдзелу трэба... заплаціць!

«У школе сказалі, што праводзіцца нібыта алімпіяда, ад кожнага класа выбралі па адным вучні, - распавядае мужчына. - Суправаджала дзіцяці на гэтым «турніры юных матэматыкаў» непасрэдна настаўніца. Дэклараваўся гэты турнір амаль як алімпіяда для малодшых школьнікаў. Па выніках турніру дачка заняла другое месца, а на наступным этапе мы даведаліся, што трэба заплаціць 16 рублёў».

Мужчына абураецца, як такое магчыма, і кажа, што гэта больш падобна да бізнэсу Міністэрства адукацыі на дзецях. Такое спаборніцтва не з'яўляецца дзяржаўнай алімпіядай, якія праводзяцца толькі з 8-га класа, патлумачылі профільныя чыноўнікі. Аднак, з іх слоў, хоць гэта і не алімпіяда, дзеці з добрымі вынікамі «трапляюць у спецыяльныя спісы, каб далей на іх звярнулі ўвагу».

Пазней Івановіч выклаў здымак, дзе ў дакуменце аб правядзенні турніру паказана, што гэта раённы этап алімпіяды «Юны матэматык».

Але што гэта ўсё ж за конкурс? Алімпіяда або прыватны турнір? Фармальна такое спаборніцтва не з'яўляецца алімпіядай і ўдзельнічаць у ім можа кожны ахвотны школьнік. Распрацоўкай займаецца дзяржаўны «Менскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі». Але чаму і дзеці, і бацькі думаюць, што гэта больш падобна да алімпіяды?

«Гэта такі сабе бізнэс на дзецях атрымліваецца. Чаму дзяржаўны інстытут бярэ грошы за тое, каб дзеці ўдзельнічалі ў турніры? Чаму прыходзяць нейкія лісты ў школы, і кіраўніцтва выбірае дзяцей і рыхтуе іх? Вы можаце наогул уявіць, каб нейкае, напрыклад, прыватнае прадпрыемства пачало такое дасылаць?» - кажа Зміцер Івановіч.

У прыёмным пакоі кіраўніцтва МГІРА вельмі здзівіліся таму факту, што некаторыя бацькі абураныя платнымі турнірамі:

«Мы нават не ведалі, што такое можа адбывацца. Чым незадаволеныя бацькі? Такія турніры ў нас пачынаюцца з дзіцячага садка, прычым удзельнічаць можа кожны. Гэта ж не агульнадзяржаўная афіцыйная алімпіяда ў нейкім прадмеце. Мы самі ўсё распрацоўваем.

Чаму так успрымаецца наш турнір? Гэта няправільная праца школьных супрацоўнікаў, завуча і настаўнікаў. Адкуль жа мы ведаем, што яны гавораць і як яны над гэтым працуюць? Вы можаце азнаёміцца з пастановай на нашым сайце, там усё напісана».

У камітэце адукацыі Менгарвыканкама атрымаць каментар пра такія турніры не ўдалося. У Міністэрстве адукацыі адказалі, што яны не курыруюць такія турніры:

«Гэта алімпіяда не пад эгідай Міністэрства адукацыі. Такія спаборніцтва могуць праводзіць абласныя інстытуты адукацыі, але ў такім выпадку існуе нейкая сімвалічная плата за ўдзел. Але ўсё алімпіяды, якія праводзяцца міністэрствам адукацыі, на ўсіх узроўнях з'яўляюцца бясплатнымі. У мінулым годзе нам задавалі такія ж пытанні" .

Распытаць падрабязней пра бюджэт, адпаведныя дазволы і такі «легальны бізнэс» не ўдалося - на іншым канцы проваду паклалі слухаўку.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках