20 красавiка 2024, Субота, 9:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Я стаміўся»: як на постсавецкай прасторы сыходзілі ў адстаўку правадыры

17
«Я стаміўся»: як на постсавецкай прасторы сыходзілі ў адстаўку правадыры

Назарбаеў - выпадак напэўна не апошні.

19 сакавіка прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў нечакана падаў у адстаўку і пакінуў пасаду прэзідэнта краіны. На постсавецкай прасторы гэта быў не першы выпадак добраахвотнага сыходу з пасады прэзідэнта — і, напэўна, не апошні, піша tut.by.

1991 год: прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў

25 снежня 1991 года першы і адзіны прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў публічна падаў у адстаўку са сваёй пасады. Пасля распаду Савецкага Саюза, падпісання Белавежскіх пагадненняў і праекта аб стварэнні СНД Міхаіл Гарбачоў фактычна заставаўся "прэзідэнтам Крамля".

"Праз сітуацыю, якая склалася з утварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў я спыняю сваю дзейнасць на пасадзе прэзідэнта СССР. Прымаю гэтую пастанову паводле прынцыповых меркаванняў. Я цвёрда выступаў за самастойнасць, незалежнасць народаў, за суверэнітэт рэспублік. Але адначасова і за захаванне Саюзнай дзяржавы, цэласнасці краіны. Падзеі пайшлі іншым шляхам. Узяла верх лінія на раздзяленне краіны і раз'яднанне дзяржавы, з чым я не магу пагадзіцца", — гаварылася ў заяве.

Пасля ягонага звароту да народу з флагштока Крамля быў спушчаны дзяржаўны сцяг СССР і узняты дзяржаўны сцяг Расейскай Федэрацыі.

1998 год: прэзідэнт Арменіі Лявон Тэр-Петрасян

Лявон Тэр-Петрасян быў абраны першым прэзідэнтам Арменіі ў кастрычніку 1991 года, а ў верасні 1996 года пераабраны на другі тэрмін. У лютым 1998 года Тэр-Петрасян абвясціў аб датэрміновым спыненні сваіх паўнамоцтваў і падаў у адстаўку.

Да таго часу ва ўрадзе Арменіі наспеў раскол: прэм'ер-міністр Робэрт Качаран, міністр абароны Вазген Саргсян і міністр унутраных спраў і нацыянальнай бяспекі Серж Саргсян не падтрымалі прапанаваны Тэр-Петрасянам план аб урэгуляванні нагорна-карабахскага канфлікту. План уключаў у сябе вяртанне Азербайджану шэрагу населеных пунктаў, занятых падчас баявых дзеянняў 1991-1994 гадоў, і ўвядзенне міратворчых войскаў у Нагорны Карабах.

Сутыкнуўшыся з жорсткай крытыкай як з боку народа, так і з боку паплечнікаў, 3 лютага 1998 года Тэр-Петрасян падаў у адстаўку з пасады прэзідэнта краіны.

1999 год: прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын

Барыс Ельцын быў абраны першым прэзідэнтам Расеі ў 1991 годзе і пераабраны на чатырохгадовы тэрмін у 1996 годзе. Яго кадэнцыя заканчвалася ў 2000 годзе, але ён нечакана абвясціў аб сваёй адстаўцы 31 снежня 1999 года.

"Дарагія сябры! Сёння я астатні раз звяртаюся да вас з навагоднім прывітаннем. Але гэта не ўсё. Сёння я астатні раз звяртаюся да вас як прэзідэнт Расеі. Я прыняў пастанову. Доўга і пакутліва над ёй разважаў. Сёння, у астатні дзень стагоддзя, я сыходжу ў адстаўку. [...] Сыходжу раней належнага тэрміна. Я зразумеў, што мне трэба гэта зрабіць. Расея павінна ўвайсці ў новае тысячагоддзе з новымі палітыкамі, з новымі асобамі, з новымі, разумнымі, моцнымі, энэргічнымі людзьмі. А мы - тыя, хто стаіць ва ўладзе ўжо многія гады, мы павінны сысці", - сказаў Ельцын.

Ельцын растлумачыў, што сыходзіць “не праз стан здароўя, а праз шэраг праблем”, і папрасіў прабачэння ў грамадзян Расеі “за тое, што не апраўдаў некаторых надзей тых людзей, якія верылі, што мы адным рыўком, адным махам зможам пераскочыць з шэрага, застойнага, таталітарнага мінулага ў светлую, багатую, цывілізаваную будучыню”.

2003 год: прэзідэнт Грузіі Эдуард Шэварнадзэ

Эдуард Шэварнадзэ стаў прэзідэнтам Грузіі ў 1995 годзе, а ў 2000 годзе быў пераабраны на пасаду кіраўніка дзяржавы. Праз тры гады ў Грузіі прайшлі парламенцкія выбары, на якіх, паводле афіцыйных звестак, перамог прашэварнадзаўскі блок “За новую Грузію!. Апазіцыя прыняла гэтую перамогу як "здзек”, “татальную фальсіфікацыю" і заклікала сваіх прыхільнікаў да акцый грамадзянскага непадпарадкавання. У Грузіі пачалася “рэвалюцыя ружаў”.

Гэтая рэвалюцыя ў адрозненне ад многіх іншых на постсавецкай прасторы была бяскроўнай: 22 лістапада апазіцыя на чале з Міхаілам Саакашвілі захапіла будынак парламента, перапыніла Шэварнадзэ, які выступаў з прамовай, і вымусіла яго пакінуць залу ў суправаджэнні целаахоўнікаў.

23 лістапада Эдуард Шэварнадзэ, пасля сустрэчы з лідарамі апазіцыі, заявіў аб сваёй адстаўцы.

"Я бачу, што бяскроўна гэта не пройдзе, і мне давялося б выкарыстоўваць свае паўнамоцтвы. Але я мяркую, што рабіць гэтага нельга, таму я падпісаў акт аб сваёй адстаўцы. Я ніколі не здраджваў свайму народу, таму думаю, што як прэзідэнт павінен падаць у адстаўку. Я звык да адставак. Спраў у мяне шмат і ёсць што напісаць. Для мяне гэта шчасце - пакуль жывы нешта яшчэ паспець", - заявіў ён журналістам.

2009 год: прэзідэнт Малдовы Уладзімір Варонін

Уладзімір Варонін быў абраны прэзідэнтам Малдовы ў 2001 годзе, а праз чатыры гады быў пераабраны на другі тэрмін.

У 2009 годзе на парламенцкіх выбарах партыя камуністаў, якую ўзначальваў Уладзімір Варонін, саступіла дэмакратам і лібералам.

11 верасня 2009 года Уладзімір Варонін надумаў адмовіцца ад пасады прэзідэнта і стаць дэпутатам парламента пасля паразы сваёй партыі.

"З цяжкім сэрцам я перадаю стырно кіравання краінай у рукі новай улады. Не хачу хітраваць. Я не веру, што палітыкі, якія аб'ядналіся разам толькі на эмоцыях адмаўлення і суцэльнага ачарнення ўласнай краіны і раздзеле пасад, здольныя прапанаваць грамадству пазітыўную праграму. Мне не вядомыя досведы ўдалага кіравання, якія б грунтаваліся на ідэі ліквідацыі ўласнай краіны, на марах аб яе знішчэнні. На такой глебе можна толькі выгадаваць адчай, дэмаралізацыю і асуджанасць. І нічога больш”, — гаварылася ў яго заяве аб адстаўцы.

2019 год: прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў

19 сакавіка Нурсултан Назарбаеў абвясціў аб сыходзе з пасады прэзідэнта.

"Я прыняў пастанову спыніць свае паўнамоцтвы ў якасці прэзідэнта. Усе гэтыя гады народ падтрымліваў мяне на ўсіх выбарах. <...> Я быў удастоены вялікага гонару служыць свайму вялікаму народу і краіне. Дзякуючы такой падтрымцы я працаваў, не шкадуючы сіл, энэргіі — здароўя і часу, - вы гэта бачылі. Я гэта рабіў, каб апраўдаць ваш давер", - сказаў ён у сваёй заяве да народа.

Падчас звароту Назарбаеў падпісаў свой апошні ўказ аб тым, што з 20 сакавіка больш не з'яўляецца прэзідэнтам Казахстана, а выконваць абавязкі будзе спікер сэната Касым-Жамарт Такаеў.

"Да канца сваіх дзён буду з вамі, буду служыць, клопаты народа застаюцца маімі клопатамі", - заявіў Назарбаеў.

Назарбаеў пасля адстаўкі ўзначаліць Савет бяспекі Казахстана, пасаду ён можа займаць пажыццёва. Таксама ён застанецца старшынём партыі "Нур Атан"("Святло Айчыны") і чальцом Канстытуцыйнага савета.

Назарбаеву 78 гадоў. Ён быў кіраўніком Казахстана амаль 30 гадоў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках