29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Павук: Бачу, як мае рэпартажы пра жыццё ў глыбінцы ўздзейнічаюць на людзей

8
Андрэй Павук: Бачу, як мае рэпартажы пра жыццё ў глыбінцы ўздзейнічаюць на людзей
АНДРЭЙ ПАВУК

Блогер распавёў пра падрабязнасці сённяшняга затрымання.

Блогер Андрэй Павук праходзіць падазраваным у крымінальнай справе паводле ч.1 арт. 340 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь паводле факту заведама фальшывага паведамлення аб мінаванні будынка райвыканкама ў гп. Акцябрскі. Ніякіх захадаў стрымання ў дачыненні да Павука не абрана.

Андрэй Павук распавёў прэс-службе ГА «БАЖ» аб тым, што раніцай, 20 сакавіка, да яго ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі Аддзела прымусовага выканання - хацелі забраць манітор кампутара ў кошт выплаты штрафу паводле артыкула 22.9 КоАП.

«Я адмовіўся, бо не лічу сябе вінаватым. А даслоўна праз некалькі хвілін у дзверы зноў патэлефанавалі - гэтым разам з крымінальнага вышуку, яны не выставілі абвінавачванні, а адразу пачалі закоўваюць мяне ў кайданкі. Потым патлумачылі, што нібыта з майго адрасу на пошту МНС паступіла паведамленне аб мінаванні будынка на вуліцы Савецкай, 57 у пасёлку Кастрычніцкім. Я паспеў патэлефанаваць жонцы, пасля чаго мяне прывезлі ў Следчы камітэт.

Я прасіў паказаць мне факты, чаму мяне затрымалі, за што я павінен апраўдвацца. Але мне сказалі, што не могуць. Прасіў патэлефанаваць адвакату - не дазвалялі, рэчы забралі.

Следчы Арцём Угневы з кімсьці пастаянна стэлефаноўваўся, кансультаваўся. Мне казалі, што павязуць у Гомель, потым у Бабруйск, што мяне падазраюць ва ўчыненні крымінальнага злачынства. А 15.30 мяне адпусцілі», - распавёў пра падзеі гэтага дня Андрэй Павук.

Андрэю Павуку далі падпісаць дакумент, у якім гаворыцца, што ён праходзіць падазраваным у крымінальнай справе паводле ч.1 арт. 340 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь паводле факта заведама фальшывага паведамлення аб мінаванні будынка райвыканкама ў гп. Акцябрскі. Максімальнае пакаранне ў гэтым артыкуле - пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў.

Андрэй распавёў, што падчас затрымання ў СК прысутнічаў нейкі Чакун - начальнік упраўлення крымінальнага вышуку Гомельскай вобласці, ён сказаў, што «ўсё адбываецца ў рамках закона і яны пастараюцца прычыніць як мага менш шкоды».

Блогер Андрэй Павук мяркуе, што сённяшні ператрус і затрыманне – афіцыйная падстава канфіскаваць тэхніку, праверыць яго дзейнасць, паспрабаваць знайсці зачэпкі для пераследу.

«Я бачу, што ўва мне прызналі чалавека, які можа мяняць свет вакол сябе. Мне здаецца, гэты рух вакол маёй персоны пачаўся са зменай старшыні мясцовага выканкама, хоць ён размаўляе са мной, робіць выгляд, што ўсё разумее. Але я ж бачу, як мае рэпартажы пра жыццё ў глыбінцы ўздзейнічаюць на людзей», - кажа Андрэй Павук.

Андрэй Павук - вядомы відэаблогер, сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Ён вядзе ў сацыяльных сетках блог «Рудабельская паказуха», у якім крытыкуе мясцовыя ўлады.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках