24 красавiка 2024, Серада, 15:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праца ў Нямеччыне: што важна ведаць пра «блакітную карту»

Праца ў Нямеччыне: што важна ведаць пра «блакітную карту»

Інфармацыя для спецыялістаў з Беларусі.

«Блакітная карта» (EU Blue Card) - электроннае пасведчанне, якое пацвярджае права на пражыванне і працу ў адной з краін ЕЗ (за вынткам Даніі, Вялікабрытаніі ды Ірландыі). Фактычна гэта праграма ЕЗ для працаўладкавання кваліфікаваных кадраў з-за мяжы. Пры гэтым у кожнай дзяржавы ЕЗ свае асаблівасці яе рэалізацыі, «блакітная карта», атрыманая ў адной краіне, не дае аўтаматычна права на працу ў іншай краіне, піша dw.com.

У Нямеччыне «блакітныя карты» пачалі выдаваць пасля 1 жніўня 2012 года, калі ўвайшоў у дзеянне закон, якія спрасціў умовы працаўладкавання ў ФРГ спецыялістаў з краін, якія не ўваходзяць у ЕЗ. З кожным годам колькасць «блакітных карт», выдадзеных у ФРГ, расце. У спісе тых, хто часцей за ўсё афармляюць гэты тып дазволу на працу, - спецыялісты з Індыі, Кітая, Расеі, Украіны і Сірыі. У параўнанні з іншымі краінамі ЕЗ у Нямеччыне праграма Blue Card выкарыстоўваецца найбольш шырока.

Хто можа прэтэндаваць

Прэтэндаваць на нямецкую «блакітную карту» могуць спецыялісты з краін, якія не ўваходзяць у ЕЗ, пры ўмове, што ў іх ёсць дыплом аб вышэйшай адукацыі, атрыманы ў самой Нямеччыне ці за яе межамі. Другое важнае патрабаванне: наяўнасць працоўнай дамовы з працадаўцам у Нямеччыне ці канкрэтнай аферты, якая пацвярджае намер працадаўцы ўкласці працоўную дамову. Мінімальны штогадовы даход пры гэтым павінен быць 53 600 еўраў (да выплаты падаткаў) або 4 466 еўраў на месяц. Для спецыялістаў у сферах, дзе брак кадраў адчуваецца асабліва востра, дастаткова 41 808 еўраў на год (да выплаты падаткаў) або 3 448 еўраў на месяц. Да іх належаць лекары (за выключэннем стаматолагаў), інжынеры, спецыялісты ў сферы інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, спецыялісты ў галіне прыродазнаўчых навук і матэматыкі. Знайсці працадаўцу прэтэндэнт павінен сам.

Дзе аформіць Blue Card

«Блакітныя карты» выдаюць установы ў справах замежнікаў на месцы жыхарства ў Нямеччыне. Той, хто жыве за межамі ФРГ, павінен падаць заяву на атрыманне нацыянальнай візы ў нямецкае консульства. У пакеце дакументаў павінна быць працоўная дамова, рэзюмэ ў форме табліцы на нямецкай мове і перакладзены на нямецкую мову дыплом аб вышэйшай адукацыі з укладышам.

Дыплом аб вышэйшай адукацыі, атрыманы не ў нямецкім ВНУ, павінен быць прызнаны ў Нямеччыне ці правераны на адпаведнасць нямецкім стандартам. Зрабіць гэта можна, знаходзячыся за мяжой. Цэнтральная ўстанова ў пытаннях замежнай адукацыі (ZAB) праводзіць індывідуальную экспэртную ацэнку на платнай аснове. Яе вынік трэба будзе падаць у пасольства для атрымання візы. Папярэдне праверыць, ці прызнаюць вашую адукацыю ў Нямеччыне, можна на сайце www.anabin.kmk.org.

Агульных патрабаванняў да ведаў нямецкай ці ангельскай мовы для афармлення Blue Card няма. Усё залежыць ад працадаўцы і прафесіі. Так, лекары павінны валодаць нямецкай мовай на ўзроўні B2-C1.

Тэрмін дзеяння Blue Card

«Блакітная карта» выдаецца на тэрмін ад аднаго да чатырох гадоў у залежнасці ад працоўнай дамовы. Калі кантракт укладзены на тэрмін меншы за чатыры гады, то ў дазволе на знаходжанне ў Нямеччыне да гэтага тэрміну дадаецца яшчэ тры месяцы.

Той, хто хоць бы паўгода з'яўляецца уладальнікам «блакітнай карты» іншай дзяржавы ЕЗ, можа аформіць нямецкую Blue Card цягам месяца пасля пераезду ў Нямеччыну.

Дазвол на жыхарства ў Нямеччыне ды іншыя перавагі

Згодна з праграмай Blue Card пры захаванні працоўных стасункаў ужо пасля 33 месяцаў спецыяліст можа атрымаць бестэрміновы дазвол на жыхарства. Пры валоданні нямецкай мовай на ўзроўні B1 аформіць дазвол можна ўжо пасля 21 месяца знаходжання ў Нямеччыне.

Уладальнік «блакітнай карты» можа знаходзіцца да 90 дзён на паўгода без візы ў кожнай краіне ЕЗ (акрамя Вялікабрытаніі ды Ірландыі). Акрамя таго, ён мае права правесці да 12 месяцаў у краіне, якая не ўваходзіць у ЕЗ, яго дазвол на знаходжанне ў Нямеччыне пры гэтым не будзе ануляваны.

«Блакітная карта» аблягчае пераезд у Нямеччыну не толькі для самога спецыяліста, але і для ягонай жонкі/і дзяцей. Дазвол на знаходжанне ім выдаецца без ведання нямецкай мовы. Муж ці жонка таксама атрымлівае дазвол на працу.

Віза для пошуку працы

Паводле закону, прынятага ў 2012 годзе, замежнікі, якія скончылі нямецкія ВНУ, маюць права заставацца ў Нямеччыне да 18 месяцаў для пошуку прыдатнага месца працы. У гэты перыяд ім можна падзарабляць без усякіх абмежаванняў і без адмысловага дазволу ўстановы ў справах замежнікаў, прычым нават індывідуальным прадпрымальнікам. Праўда, гэтая дзейнасць павінна быць звязаная з атрыманай у ВНУ адукацыяй.

Замежнікі, якія жывуць за межамі Нямеччыны, могуць атрымаць візу на шэсць месяцаў для ўезду ў краіну з мэтай пошуку працы. Але падпрацоўваць або займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю ў Нямеччыне ў гэты перыяд ім не дазваляецца.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках