24 красавiка 2024, Серада, 21:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўтаблогер перамог у справе супраць АМАПу ў Вярхоўным судзе

5
Аўтаблогер перамог у справе супраць АМАПу ў Вярхоўным судзе
Аляксандр Максіменя

Аляксандр Максіменя надумаў пайсці далей і пакараць міліцыю за беззаконне.

Аўтаблогер Аляксандр Максіменя сутыкнуўся з беззаконнем проста пад дзвярыма суда. Летась 28 чэрвеня Аляксандр прыйшоў у суд Маскоўскага раёна сталіцы, каб падтрымаць свайго сябра, які судзіўся з ДАІ, паведамляе «Белсат».

«Я выйшаў з суду, вось тут быў прыпаркаваны мой аўтамабіль. Мне трэба было дастаць некаторыя дакументы. Пад'ехаў сіні «Ford Transit» з цывільнымі нумарамі дзяржрэгістрацыі», - распавёў аўтаблогер.

Аляксандр бачыў, як той мікрааўтобус ехаў за ім па дарозе да суда, і адразу западозрыў нядобрае. Ён кінуўся да будынка, за ім пагналіся людзі ў цывільным. Як высветлілася пазней - гэта былі прадстаўнікі АМАПу.

«Адзін амапавец схапіў мяне за руку. Я адной рукой хацеў дастаць тэлефон, каб уключыць запіс. Другі амапавец забраў адразу тэлефон. І ўсё, яны пад рукі пацягнулі мяне ў вунь той мікрааўтобус», - успамінае Аляксандр.

Запіс тых падзей захаваўся на відэарэгістратар Аляксандра Максімені. Але, нягледзячы на відэазапіс, суд прыняў версію міліцыянтаў. І пакараў аўтаблогера арыштам на 14 дзён - за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

Помста міліцэйскіх чыноўнікаў?

Калі Аляксандр выйшаў з ізалятара, абскардзіў пастанову суда. Пры чарговым праглядзе запісаў з рэгістратара ён зразумеў: мікрааўтобус з амапаўцамі ў той дзень пераследваў яго да суда Маскоўскага раёна ад самага дома.

Аўтаблогер мяркуе, што стаў ахвярай помсты з боку міліцэйскіх чыноўнікаў.

У мінулым годзе зімой Аляксандра аштрафавалі за здымку размовы з начальнікам ДАІ. Мужчына змог давесці сваю праўду і скасаваць штраф, дайшоўшы да Вярхоўнага Суда. Пастанову агучылі незадоўга да яго затрымання ў чэрвені.

Таксама Аляксандр Максіменя дамогся ў Вярхоўным Судзе скасавання пастановы аб адміністрацыйным арышце.

Хоць два суды папярэдніх інстанцый пакідалі пастанову ў дзеянні. Цяпер блогер патрабуе працягнуць разгляд ягонай справы, каб пакараць тых, хто яе сфабрыкаваў.

«Трэба давесці гэтую справу да канца, знайсці, хто гэта арганізаваў і навошта гэта ўсё», - мяркуе Аляксандр.

Але дзейнічаць трэба хутка. Аляксандр можа згубіць магчымасць падаць пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды, а галоўнае - прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Юрыст Аляксей Лойка звяртае ўвагу, што Вярхоўны Суд пакуль толькі скасаваў пастанову суда Маскоўскага раёна сталіцы. Канчатковы вынік справы будзе на новым судовым разглядзе.

«Я б параіў чалавеку, які апынуўся ў такой сітуацыі, зрабіць аўдыёзапіс наступнага працэсу. І на падставе ўсіх матэрыялаў, якія ён мае задакументаванымі, звярнуцца ў пракуратуру, каб яна праверыла, ці няма ў дзеяннях прадстаўнікоў АМАПу, якія давалі сведчанні, адміністрацыйнага правапарушэння, што прадугледжвае адказнасць за хлуслівыя звесткі», - раіць юрыст.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках