18 красавiка 2024, Чацвер, 5:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адзінота паводле Шэкспіра

45
Адзінота паводле Шэкспіра
ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ

Дыктатар не можа абапірацца на сваё асяроддзе?

Палітолаг Валерый Карбалевіч пракаментаваў на «Радыё Свабода» размовы пра перспектывы сыходу правадыра Беларусі ў адстаўку:

- Сенсацыйная адстаўка Нурсултана Назарбаева адбылася на фоне размоў і разваг пра нібыта запланаваны сыход Лукашэнкі, на які ён намякнуў падчас «Вялікай размовы» 1 сакавіка. Таму казахстанскі досвед становіцца асабліва цікавым.

Гісторыя ведае розныя варыянты сыходу дыктатараў або аўтарытарных лідараў.

Першы варыянт. Правадыр сыходзіць назаўсёды, захаваўшы толькі гарантыі ўласнай бяспекі. Так пакідалі свае пасады Аўгуста Піначэт, Барыс Ельцын, Фідэль Кастра.

Другі варыянт. Правадыр абвяшчае адстаўку, ніякіх значных фармальных пасад не займае, але выконвае ролю «шэрага кардынала». Гэта значыць захоўвае рэальную ўладу. Такі статус быў у Лі Куан Ю у Сінгапуры.

Трэці варыянт. Правадыр сыходзіць з пасады, перадае яе іншаму палітыку, аднак сам перамяшчаецца на іншую пасаду, надзяляючы яе важнымі паўнамоцтвамі. Так рабіў Слабадан Мілошавіч, змяняючы пасаду кіраўніка Югаславіі на кіраўніка Сербіі. Такім чынам хацеў застацца ва ўладзе Серж Саргсян ў Арменіі, памяняўшы пасаду прэзідэнта на прэм'ер-міністра, але яму перашкодзілі масавыя пратэсты. Уласна кажучы, так зрабіў і Уладзімір Пуцін у 2008-2012 гадах, стаўшы кіраўніком урада, аднак захаваўшы рэальную ўладу.

Нурсултан Назарбаеў рэалізаваў гэты апошні варыянт. Ён узначальвае Савет бяспекі Казахстана, папярэдне памяняў Канстытуцыю, паводле якой старшыня гэтага Савета мае нават больш паўнамоцтваў, чым дзейны прэзідэнт.

І гэта пры тым, што Елбасы расставіў паўсюль сваіх людзей, сваякоў, аднак не давярае нават ім. Сваё бачанне сітуацыі ён калісьці патлумачыў так: «Як толькі пачнеш шукаць замену, вакол усё кепска. Нікога няма, адзін я. У вас іншых няма, таму трымайцеся за мяне». Каму такі чалавек можа давяраць?

Тады ў чым сэнс замены быка на індыка? Усё гэта зроблена для паступовага, кантраляванага транзіту ўлады. Каб раптам яго дзяцей пасля смерці не адправілі ў турму, як адбылося ў суседнім Узбекістане.

Калі казаць пра перспектывы Беларусі, то, зразумела, ні першы, ні другі варыянт Лукашэнку не пасуе. Але я вельмі сумняваюся, што ён пойдзе нават на трэці варыянт. Бо гэта прадугледжвае неабходнасць дзяліцца з кімсьці уладай. Што для яго непрымальна. Бо аўтарытарны кіраўнік, які доўга знаходзіцца ва ўладзе, нікому не давярае, усіх падазрае ў нелаяльнасці.

Да таго ж у выніку адмоўнай кадравай селекцыі яго асяроддзе ўсё больш мізарнее.

На нядаўнім пасяджэнні Савета бяспекі Лукашэнка сказаў: «Усе, хто сядзіць за гэтым сталом і насупраць мяне: вы - не палітыкі, вы - людзі, якія сапраўды працуюць у сваім кірунку».

Каму ж тут можна даверыць не толькі ўладу, але і гарантыі ўласнай бяспекі, калі за гэтым сталом сядзяць толькі выканаўцы, якія старанна канспектуюць у сшытак словы пра «бабло», «мерсэдэсы» і «цёлак»?

Трагедыя самоты, для апісання якой патрэбнае пяро Шэкспіра.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках