28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Параўнайце сённяшнія цэны харчоў або паліва з тымі, што былі тры гады таму»

22
«Параўнайце сённяшнія цэны харчоў або паліва з тымі, што былі тры гады таму»

Як улады робяць жыццё беларусаў даражэйшым.

У лютым сёлета жыхары краіны купілі адразу на USD 70 млн больш, чым у лютым мінулага года. Такія навіны заўсёды спараджаюць багата чутак і цягнуць за сабой панічныя атакі на кволыя глузды. Але асабліва моцна такія макраэканамічныя паказчыкі ўздзейнічаюць чамусьці на пенсіянераў, піша «БелГазета».

«Ой, а што ж рабіць?» - залямантавала бабуля ў звычайнай банкавай філіі сталічнага мікрараёна ў адказ на бяскрыўднае пытанне з нагоды наяўнасці ў яе ашчадку ў валюце. Яна тут жа паправіла акуляры на вачах, узіраючыся ў табло з валютнымі курсамі, як быццам там вось-вось мела з'явіцца падрабязная інфармацыя аб тым, як ёй правільней распарадзіцца ўласнай пенсіяй.

Нельга выключаць таго, што менавіта такі нескладаны дыверсійны метад і паўплываў на колькасць валюты, скупленай пільнымі грамадзянамі ў мінулым месяцы. Бо тое, што вядома адной бабулі, неўзабаве абавязкова з'явіцца спачатку ў паліклініцы, потым на пошце і далей - ва ўсёй краіне. І тады плойма бабуль здольная паўплываць на ўсякія паказчыкі - колькасць прададзеных тэлевізараў або тоны грэчкі, хутка развезенай па дамах на агародных вазках.

Наогул жа такія звесткі можна інтэрпрэтаваць па-рознаму. Нават так, як перадпенсійнага веку мужчына, пералічваючы пачак 20-рублёвых купюр ля банкавага акенца «А навошта мне валюта? Хай яе тыя купляюць, хто за мяжу ездзіць або па рэстарацыях ходзіць. Мне ад заплаты да заплаты і нашымі стае. Было б што адкласці - можа, і купіў бы сабе еўраў»

Прыкладна такой жа логікай карыстаюцца і ў дзяржаўных органах статыстыкі. Калі ў лютым гэтага года жыхары Беларусі набылі на 69,4 млн даляраў больш, чым у апошні зімовы месяц мінулага года, то тлумачэнне гэтаму адно-адзінае: да павелічэння попыту на замежную валюту з боку насельніцтва прычыніўся выключна «рост даходаў насельніцтва краіны». А тое, што ўся краіна амаль палову сваіх заробкаў выдаткоўвае выключна на ежу, дык гэта, напэўна, таксама не таму, што заробкі малыя, а праз тое, што ўсе маюць надта добрыя апетыты.

Пацешна, што роўна тую ж інфармацыю пра павелічэнне попыту на замежную валюту некаторыя незалежныя інфармацыйныя рэсурсы інтэрпрэтавалі ў дыяметральна процілеглым сэнсе, чым дзяржаўныя СМІ. Што для адных - «рост даходаў насельніцтва» , то для другіх - «рубель неўзабаве абрынецца». Нават цікава, калі доўга паўтараць адну з гэтых установак, то гэта можа неяк адбіцца на даходах? Ці хаця б на выдатках? І наогул - ці дастаткова скараціць выдаткі, каб павялічыліся прыбыткі?

«Ды які рост даходаў? - усміхаецца хлопец ля чыгуначнага вакзала, чакаючы сваёй чаргі каля банкаўвай філіі. - Выплаты трэба зрабіць. Наадварот, валюту буду мяняць. Спачатку купляеш - потым прадаеш, звычайная практыка». Для чаго рэгулярна ажыццяўляць такія абменныя аперацыі, хлопец растлумачыць не пажадаў ці не здолеў, але па ягоных вачах было відаць, што гэта даўно сфармаваная звычка жыць паводле прынцыпу «так надзейней». І гэта сапраўды так, калі ўлічыць абвешчаную надоечы афіцыйна інфармацыю пра тое, што ў Беларусі 2/3 сем'яў, якія маюць дзяцей, з'яўляюцца малазабяспечанымі.

Забяспечанасць грамадзян добра прыкметная і адрозная ў будынку вакзала. Пад вялікім інфармацыйным табло цэлыя два абменныя пункты з асобнымі чэргамі, прыгледзеўшыся да якіх адразу становіцца ясна, хто прыехаў з Баранавічаў, а хто - з-за межаў Беларусі. Першыя сарамяжліва цікавяцца, ці можна тут на тэлефон грошы пакласці, а другія паводзяцца, як Карлсан на даху - гучна, весела, зухавата. «Там добрыя цукеркі ёсць - «Беларуская бульба», але 23 рублі за кілаграм. А ёсць наборы шакаладак прыгожыя, за пяць і шэсць рублёў толькі», - рапартавала жанчына свайму сур'ёзнаму спадарожніку. «Гэта колькі на нашы?»- важна прадчуваў блізкую валютную аперацыю мужчына.

У цэлым, вядома ж, ніякага ажыятажу нідзе ля абменных пунктаў, які б навочна мог прадэманстраваць бягучыя змены золатавалютных запасаў у краіне, не выяўлялася - ні ўнутры вакзала, ні за яго межамі. «Ніколі тут вялікіх чэргаў каля абменнікаў не бывае, - паціскае плячыма прадавачка ўсякай неядомай вакзальнай ежы, - а чаму чэргі маюць быць?» У апошнім пытанні пачуліся цікаўнасць і зацікаўленасць, але ненадоўга: «Схадзіце лепш у гандлёвы цэнтр, там людзей больш заўсёды».

На другім паверсе ў гандлёвым цэнтры непадалёк ад вакзалу ля банкавай будкі ніякай цісканіны таксама не назіраецца. Толькі мужчына гадоў сарака падазрона доўга ўзіраецца ў курсы валют, перыядычна адыходзіць да эскалатара, але потым зноў вяртаецца. Не самы ўдалы жарт пра «даляры, марачкі, расейскія рублі» прымушае яго спыніцца і гучна ўсміхнуцца: «Вы што, сур'ёзна? Якія даляры, марачкі? Гэта ж скончылася гадоў дваццаць таму ля Камароўкі. У чым смех?».

Смех прыкладна ў тым жа, што інфармацыя пра курсы валют, якая быццам актуальная для дарослага насельніцтва краіны, зусім не цікавіць новае пакаленне. На фуд-корце таго ж гандлёвага цэнтра моладзі поўна. Яны з моднымі заплечнікамі, у каляровым адзенні, некаторыя з пірсінгам. Раскавана сядзяць за сталамі, жуюць піццу, бавяцца з тэлефонамі, нешта весела адзін аднаму апавядаюць. Хлопец старэйшага школьнага веку забаўляецца з двума крэсламі, спрабуючы збудаваць з іх нейкі механізм. «Курс даляра? Не ўяўляю», - адрываецца ён на сэкунду і адразу ж забывае пра дзіўнае пытанне. І гледзячы на яго становіцца ясна, што кошыкі валют, абменныя курсы ды іншая фінансавая пісьменнасць важная толькі для бабуль на пошце з мінімальнай пенсіяй 107 рублёў і яшчэ для невялікай катэгорыі грамадзян, што настальгуе аб часах, калі ў дзікіх фразах пра «даляры, марачкі, расейскія рублі» чулася нешта значнае і важнае.

МЕРКАВАННЕ ЭКСПЭРТА

Аляксандр, супрацоўнік сталічнага банка, на ўмовах ананімнасці. Чуткі пра тое, што вось-вось будзе нейкі калапс, ходзяць безупынна, нават у нас у банку. Але на маёй памяці ні разу такія чуткі ні да чаго не прыводзілі. Нават наадварот. За час маёй працы ў банку, здаецца, два разы была моцная дэвальвацыя рубля. Дык вось, абодва разы гэта адбывалася ў самы нечаканы момант. Напярэдадні нібыта ўсё абяцалі, што нічога такога не будзе, а потым плясь, і ніякая валюта ўжо не патрэбная, на ежу б выстарчыла. У мяне заробку хапае на тое, каб і ашчаджаць сёе-тое, але я жыву адзін, без сям'і, таму і не надта займаюся назапашваннем - ні ў рублях, ні ў далярах. Запас маю, вядома, невялікі, але я ў яго і не залажу. Ляжыць сабе і ляжыць, раптам спатрэбіцца. Але маю я калегу, які заўсёды сочыць за ўсімі зменамі, у яго цэлая сістэма распрацаваная, з адной валюты ў іншую безупынна штосьці пераводзіць. Хоць я гэтага і не разумею: які сэнс мітусіцца наогул, калі ты маеш толькі пару тысяч?

Да таго ж для таго, каб раслі або скарачаліся рэальныя даходы, не канечне з валютнымі курсамі гуляць. Шмат хто глядзіць толькі на курс даляра і думае, што ў краіне ўсё стабільна і добра. Але вы параўнайце сённяшнія цэны харчоў або паліва з тымі, што былі тры гады таму. І са здзіўленнем выявіце, што 20 рублёў або 10 даляраў тады і тая ж сума ў кожнай валюце цяпер - гэта зусім розныя магчымасці. Дзяржаве для таго, каб жыццё грамадзян даражэла, зусім не абавязкова гуляць з валютнымі курсамі, ёсць і іншыя механізмы, якія даўно і паспяхова ў нашай краіне рэалізаваныя.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках