28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гамяльчук: Мяне спрабуюць пакараць за язду на зялёнае святло

7
Гамяльчук: Мяне спрабуюць пакараць за язду на зялёнае святло
ІГАР ЧУБ

Жыхар Гомеля сутыкнуўся з дзівацтвамі беларускай «феміды».

22 сакавіка а 16.30 у судзе Чыгуначнага раёна Гомеля (суддзя Вячаслаў Парэмскі) пачнецца адміністрацыйны працэс у дачыненні да жыхара абласнога цэнтра Ігара Чуба. Маладзёна абвінавачваюць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (артыкул 17.11 КаАП), паведамляе «Гомельская весна».

Сутнасць правапарушэння ў тым, што мужчына на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» некалькі гадоў таму падзяліўся публікацыямі, якія змяшчаюць спасылкі на сайт анархістаў «Прамень».

«Яшчэ ў 2017 годзе ў сябе на старонцы ў Фэйсбук я рабіў рэпост рознай інфармацыі, якая змяшчае спасылкі на сайт анархістаў «Прамень». Напрыклад, я зрабіў рэпост інфармацыі «У Гомельскай вобласці страйкуюць механізатары і кіроўцы». Адкуль мне ведаць, што гэтая інфармацыя ўключаная ў спіс экстрэмісцкай», - тлумачыць сваю пазіцыю мужчына.

Ігар Чуб працуе таксістам і дадае, што ўсё павінна быць паводле правіл, як у кіроўцаў. Гарыць чырвонае святло - стаю, загарэлася зялёнае - еду. «Пакуль я бачу, што мяне спрабуюць пакараць за язду на зялёнае», - дадаў ён.

На думку праваабаронцы Леаніда Судаленкі, які ажыццяўляе маніторынг спраў, звязаных з абвінавачваннямі ў распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыі, дзяржаўныя органы занадта шырока трактуюць само паняцце «экстрэмізм».

«Бяруць кожную сацыяльную сетку, кожную групу, якая крытыкуе дзейную ўладу, і прызнаюць рэсурс экстрэмісцкім. Калі ёсць абмежаванне на распаўсюд той ці іншай інфармацыі, зрабіце так, каб яна не была даступная. Пакуль я бачу, што справа прыцягнутая за вушы», - пракаментаваў сітуацыю Судаленка.

Нагадаем, гэта не першая справа ў Гомельскім рэгіёне паводле абвінавачвання карыстальнікаў сацсетак у распаўсюдзе экстрэмізму. 7 сакавіка ў АУС Цэнтральнага раёна Гомеля пачаўся адміністрацыйны працэс у дачыненні да жыхара абласнога цэнтра Пятра Маркоўскага. 19 сакавіка Рагачоўскі раённы суд пачаў разглядаць адміністрацыйную справу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у дачыненні да жыхара райцэнтра Сяргея Алексяйкова.

Згодна з ч.2 артыкула 17.11 КаАП распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў цягне штраф ад 10 да 50 базавых адзінак або нават адміністрацыйны арышт да 15 дзён.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках