26 красавiка 2019, Пятніца, 17:46
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Больш за чатыры мільёны брытанцаў выказаліся за скасаванне Brexit

Пра гэта сведчаць звесткі аб колькасці падпісантаў петыцыі на афіцыйным сайце брытанскага парламента.

Больш за 4 млн брытанцаў выказаліся за скасаванне 50-га артыкулу аб выхадзе з Еўрапейскага Звязу і спыненне Brexit; паводле звестак афіцыйнага сайта брытанскага парламента, на гэты момант пад петыцыяй з заклікам застацца ў Еўразвязе паставілі подпісы 4 033 204 чалавекі, паведамляе gordonua.com.

«Брытанскі ўрад неаднаразова заяўляў, што выхад з ЕЗ - гэта воля народа. Нам трэба даць адпор гэтай заяве, паказаўшы тое, як моцна народ падтрымлівае захаванне чаленства Вялікай Брытаніі ў ЕЗ», - гаворыцца ў каментары да петыцыі.

Ураду неабходна прыняць пастанову аб тым, што рабіць з петыцыяй - паводле закона, яна набрала больш за 100 тысяч галасоў, што абавязвае парламент разгледзець яе на дэбатах. Акрамя гэтага, петыцыя набрала дастаткова галасоў для атрымання афіцыйнага адказу ад урада. Петыцыю падтрымалі многія вядомыя людзі, напрыклад, кінаактор Х'ю Грант.

Пастанову аб выхадзе краіны з ЕЗ Вялікая Брытанія прыняла падчас рэферэндуму ў чэрвені 2016 года. Тады 51,9% брытанцаў прагаласавалі за выхад з супольнасці.

У лістападзе 2018 года Еўразвяз і Вялікая Брытанія ўзгаднілі на ўзроўні перамоўнікаў 26-старонкавую дэкларацыю аб будучых дачыненнях. Ужо 25 лістапада ЕЗ падтрымаў пагадненне аб Brexit.

Дату выхаду Вялікай Брытаніі з ЕЗ прызначылі на 29 сакавіка 2019 года, аднак у студзені гэтага года брытанскі парламент не падтрымаў пагадненне аб Brexit. У сакавіку Палата абшчын паўторна не ўхваліла праект пагаднення.

13 сакавіка Палата абшчын таксама прагаласавала супраць выхаду з Еўразвязу без пагаднення. Парламент выступіў супраць так званай схемы no deal, калі абодва бакі развязваюць спрэчныя пытанні па меры іх узнікнення.

20 сакавіка прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй накіравала ў ЕЗ просьбу аб адтэрміноўцы Brexit да 30 чэрвеня. Аднак Брусэль пагадзіўся даць адтэрміноўку толькі да 12 красавіка.