29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Іранца дэпартуюць з Беларусі пасля 25 гадоў жыцця ў краіне

26
Іранца дэпартуюць з Беларусі пасля 25 гадоў жыцця ў краіне
МЭХРДАД ДЖАМШЫДЫЯН

На радзіме яму пагражае смяротнае пакаранне.

Гісторыі з высылкай з Беларусі замежнікаў, якія жывуць у краіне, гучаць усё часцей. Праз 29 гадоў беларускія ўлады пастанавілі пазбавіць грамадзянства і выслаць на радзіму азербайджанскага прадпрымальніка Сэймура Мамэдгусэйнава. Надоечы праз пагрозу высылкі ў розных раёнах Гомельскай вобласці скончылі жыццё самагубствам двое расейцаў. Гісторыя іранца Мэхрдада Джамшыдыяна яшчэ не скончылася, але нават праваабаронцы прызнаюць, што не ведаюць, чым яму дапамагчы.

Лёс іранца падрабязна асвятляла беларуская служба “Радыё Свабода”.

Мэхрдад Джамшыдыян жыве ў Беларусі з 1993 года. Пачаўшы бізнэс, ён наважыў застацца ў краіне, у якую, паводле ягоных слоў, закахаўся. Мэхрад ажаніўся з беларускай, у сям'і з'явіліся дзеці. У 2011 годзе ён прыняў хрысціянства.

Абвінавачванне

У 2012 годзе беларускія ўлады атрымалі з Тэгерана патрабаванне прымусова выслаць Мэхрдада Джамшыдыяна на радзіму. У Іране забілі ягоную маці і брата Ісмаіла, і мужчыну абвінавацілі ў датычнасці да гэтага злачынства.

Мэхрдад сцвярджае, што падчас трагедыі знаходзіўся ў Беларусі - гэта даводзяць штампы аб уездзе-выездзе ў ягоным пашпарце.

Акрамя таго, ягоныя брат і пляменніца, дачка загінулага брата, пісьмова паведамілі ўладам Беларусі, што Мэхрдад Джамшыдыян не можа мець дачынення да забойства. Яны сцвярджаюць, што злачынства ўчынілі іншыя людзі з палітычных матываў, бо загінулы брат быў сябрам апазіцыйнай партыі "Зялёная рэвалюцыя".

Аднак гэтыя факты не сталі довадам невінаватасці мужчыны ні для іранскіх, ні для беларускіх улад.

Жорсткае пакаранне чакае Мэхрдада і за вераадступніцтва: у 2011 годзе ён прыняў хрысціянства, у Іране адмова ад мусульманскай веры ўважаецца за крымінальнае злачынства.

Дакументы

З 1993 года мужчына жыў у Беларусі з іранскім пашпартам з часовай рэгістрацыяй. Ён доўга спрабаваў атрымаць пасведчанне на жыхарства, але ні ён, ні ягоная жонка не мелі ўласнага жылля, дзе яго маглі б зарэгістраваць, - сям'я здымала кватэру. Аднак у 2016 годзе ў Мэхрдада скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта. Падоўжыць дакумент мужчына не мог - у іранскім пасольстве ў яго адразу б пачаліся праблемы. У статусе ўцекача ў Беларусі яму адмаўлялі.

Уладкавацца на працу без дакументаў Джамшыдыян не мог, перакідваўся выпадковымі заробкамі.

У дадатак да запыту іранскіх улад прычынай высылкі мужчыны можа стаць парушэнне міграцыйнага рэжыму.

Затрыманні ды інфаркт у ІЧУ

Беларускія ўлады некалькі разоў затрымлівалі Джамшыдыяна, а ў 2013 годзе аддзел унутраных спраў Заводскага раёна Менска прыняў пастанову выслаць яго з меркаванняў нацыянальнай бяспекі. Праўда, у 2015 годзе іранца вызвалілі "на гуманітарных падставах" - у сына Мэхрдада выявілі рак касцявога мозгу.

Улетку 2018 года іранца зноў затрымалі. Увесь гэты час ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Праз месяц пасля затрымання ў Мэхрдада Джамшыдыяна здарыўся інфаркт, пра што сваякі даведаліся выпадкова: "Прынесла днямі перадачу, а ахоўнік мяне пытаецца: "А таблеткі?" Я нічога не ведала пра інфаркт. Потым мне пра гэта паведаміла адвакатка", - расказала жонка Мэхрдада Алена беларускай службе Радыё Свабода.

Чатыры дні ейны муж правёў у рэанімацыі, а потым яго зноў вярнулі ў ІЧУ. З таго часу ні жонка, ні дзеці яго ні разу не бачылі. Усю інфармацыю пра стан здароўя яны атрымліваюць ад адвакаткі.

У сярэдзіне сакавіка 2019 года ў Дэпартаменце грамадзянства і міграцыі МУС сваякам паведамілі, што атрымалі з Ірана запыт аб дэпартацыі Джамшыдыяна і прынялі адпаведную пастанову.

"Мы не змаглі"

Беларускія праваабаронцы дамагліся таго, каб Джамшыдыяна выключылі з спісу Інтэрполу, куды раней яго ўнеслі улады Ірана. Але на радзіме спадар дагэтуль у вышуку.

У лістападзе 2017 года Камітэт правоў чалавека ААН высветліў, што ў выпадку дэпартацыі Джамшыдыяна на радзіму яму пагражаюць катаванні і смяротнае пакаранне. Камітэт запатрабаваў у Беларусі не высылаць яго ў Іран.

У падтрымку іранца выступіла Amnesty International.

Беларуская праваабарончая арганізацыя Human Constanta накіравала ў МЗС і МУС больш за тысячу подпісаў пад петыцыяй супраць дэпартацыі іранца, а ў сваёй заяве заклікае беларускія ўлады не дапусціць высылкі Джамшыдыяна ў Іран. Гэтай пастановай Беларусь парушыць міжнародныя пагадненні, нагадваюць праваабаронцы. Акрамя таго, заканадаўства краіны забараняе высылаць чалавека ў замежную дзяржаву, калі там яму пагражае смяротнае пакаранне і катаванні.

"У барацьбе за жыццё Мэхрдада Джамшыдыяна практычна пацярпелі паразу - пастанова аб дэпартацыі прынятая", - гаворыцца ў апошняй заяве праваабаронцаў. "Мы не здолелі".

Засталася зусім маленькая надзея - 20 сакавіка адвакатка Джамшыдыяна падала ў суд скаргу на пастанову Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках