23 красавiка 2024, aўторак, 21:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі баец выклікаў на бой Аляксандра Емяльяненку

3
Беларускі баец выклікаў на бой Аляксандра Емяльяненку
Аляксей Кудзін

Расеец пакуль не адказаў.

Днямі беларускі цяжкавагавік Аляксей Кудзін кінуў выклік Аляксандру Емяльяненку. У гутарцы з блогерам Аляксандрам Люцікавым беларус заявіў, што гатовы пабіцца з малодшым з братоў, і абяцае зладзіць відовішча, якому пазайздросцяць сусветныя прамоцыі, паведамляе «Трибуна».

«Я Аляксандра без усялякага злога намеру запрашаю на бой са мной. Аляксандр - гэта сусветны клас ударнай тэхнікі, я таксама неаднаразовы чэмпіён свету ў кікбоксінгу і ў тайскім боксе, таму мы можам паказаць такі бой, што сусветныя топавыя арганізацыі ачмурэюць. Мы зладзіім добрую славянскую калатню», - сказаў Кудзін.

Хто такі Кудзін?

34-гадовы ўраджэнец Маладзечна, на мянушку «Кірпіч», выступае ў тайскім боксе, кікбоксінгу і змешаных адзінаборствах. Аляксей мае блізу дзясятка тытулаў на чэмпіянатах свету сярод аматараў. На прафесійным узроўні ягоныя поспехі значна больш сціплыя - пояс чэмпіёна свету ў кікбоксінгу паводле версіі WBKF і перамогі на некалькіх турніру ММА ў Расеі. Тым не менш, «Кірпіч» лічыцца адным з найлепшых беларускіх цяжкавагавікоў.

Аляксей Кудзін

Большасць баёў прадстаўнік менскай Акадэміі ММА правёў у прамоцыі нашых усходніх суседзяў, дзе выходзіў у клетку з расейскімі топ-атлетамі цяжкай вагі Аляксандрам Волкавым, Сяргеем Паўловічам і Сяргеем Харытонавым, праўда, саступіў усе тры баі. Агулам у кар'еры беларуса 36 прафесійных сустрэч, 24 з якіх скончыліся поспехам (17 накаўтам). У расейскім рэйтынгу цяжкавагавікоў Кудзін займае 11-е месца, а ў сусветным, паводле версіі сайта tapology.com – 105-е месца.

Цяпер Аляксей знаходзіцца ў Пецярбургу, дзе дапамагае сваім былым апанентам Волкаву і Паўловічу рыхтавацца да турніру UFC. Беларус упэўнены, што праца ў лагеры расейскіх калег дазволіць яму набраць добрую форму і даць бой Емяльяненку-малодшаму.

Чым займаўся Емяльяненка апошні час?

Пасля вызвалення з турмы ў 2017-м, куды ён трапіў за згвалтаванне хатняй прыслужніцы, Аляксандр вярнуўся ў спорт і падпісаў кантракт з клубам «Ахмат». З тых часоў Емяльяненка-малодшы перамог у пяці сустрэчах, у тым ліку адправіў у накаўт былых байцоў UFC Габрыэля Гонзагу і Віктара Пешта, а апошні бой у жніўні 2018 з Тоні Джонсанам звёў унічыю - Емяльяненка быў раздушаны ў партэры, але суддзі не наважыліся аддаць перамогу госцю на вачах у Рамзана Кадырава.

ЕМЯЛЬЯНЕНКА ПАСЛЯ БОЮ З ДЖОНСАНАМ

Затым кар'ера расейца зноў замарудзілася. Ён спыніў супрацоўніцтва з «Ахматам», дзеля траўмы зняўся ў баі супраць яшчэ аднаго былога прадстаўніка UFC Франсімара Бараззоў і зноў трапіў за краты. 1 сакавіка ў Кіславодску спартовец трапіўся за кіраваннем у нецвярозым стане і атрымаў 10 дзён за непадпарадкаванне паліцыі. Баец абвінаваціў у інцыдэнце супрацоўнікаў праваахоўных органаў і паспрабаваў абскардзіць прысуд, але атрымаў адмову. Праз скандал расейская прамоцыя RCC прыпыніла кантракт з Аляксандрам і скасавала ягоную сустрэчу, якая была запланаваная на 4 траўня.

Калі бой адбудзецца, хто пераможа?

Выклік Кудзіна Емяльяненка пакуль ніяк не пракаментаваў. Ён плануе выступіць 10 траўня на турніры «Бітва на Волзе», але ягоны спаборнік пакуль афіцыйна не абвешчаны. Малодшы з братоў адмаўляецца біцца з расейцамі і хоча атрымаць замежніка. Найбольш імаверным кандыдатам з'яўляецца брытанец Олі Томпсан, які правёў чатыры баі ў наймацнейшых прамоцыях свету UFC і Bellator, але ва ўсіх саступіў.

Калі расеец ўсё ж такі захоча зладзіць «славянскую калатню» і прыме выклік беларуса, то ў двубоі ён будзе відавочным фаварытам. Емяльяненка - больш майстравіты і статусны баец, а таксама моцна баксуе. Пасля выхаду з турмы Аляксандр набраў выдатную форму і пляжыў досыць дасведчаных спаборнікаў, пра якія была гаворка вышэй. Поспехі Кудзіна ўсё ж выглядаюць больш сціпла. Напрыклад, Пешта, якога расеец адправіў у накаўт, у свой час задушыў ураджэнца Маладзечна ў першым коле. Аднак шмат што будзе залежаць ад таго, у якім стане пасля прастою і скандалаў будзе сам Емяльяненка.

Тым не менш, для заўзятараў бой мае быць цікавым. Расеец і беларус - ударнікі і, мабыць, вызначылі б усё на кулаках. Гэта пацвярджае і Кудзін: «Мне цікава спраўдзіць сваю ўдарную моц менавіта з такім чалавекам. У нас бой да канца не працягнецца - хтосьці кагосьці пасадзіць на азадак».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках