23 красавiка 2024, aўторак, 14:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка прапанаваў Лісу нажывацца на кватэрах для беларусаў

24
Лукашэнка прапанаваў Лісу нажывацца на кватэрах для беларусаў

Дыктатар распавёў новыя падрабязнасці эксперыменту з заводам, які ўзначальвае Салей.

Лукашэнка нагадаў кіраўніцтву Берасцейскай вобласці аб даручэнні будаўніцтва жылля з абмежаваным прыбыткам у 5%, паведаміла прэс-служба дыктатара.

У Менску па такой схеме ўжо будуе завод, які ўзначальвае Вадзім Салей. Але падчас ўчорашняга візіту Лукашэнкі ў Баранавічы ўсплылі яшчэ некаторыя цікавыя дэталі гэтага працэсу. Падрабязнасці - у матэрыяле tut.by.

Як паведаміў у эфіры «Беларусь 1» кіраўнік Берасцейскай вобласці Анатоль Ліс, найбольшую трывогу ў Берасці выклікае «Будтрэст №8».

- Ён фактычна працуе дзякуючы таму, што вы (Лукашэнка) падпісалі распараджэнне і трэст з'яўляецца генпадрадчыкам у будаўніцтве Заходняга абходу [у Берасці]. Калі б ён сёння не з'яўляўся [генпадрадчыкам], то ў яго крэдыторская запазычанасць значна перавышае кошт асноўных сродкаў - і гэта фактычна банкрут.

Лукашэнка ж сказаў, каб Ліс даручыў гэтаму 8-му будтрэсту пабудаваць жыллё з абмежаваным прыбыткам у 5%. Як нядаўна пісалі СМІ, такі эксперымент у Менску праводзіць дзяржаўны завод эфектыўных прамысловых канструкцый, якім кіруе брат легенды беларускага хакея Вадзім Салей.

Як паведамляюць крыніцы tut.by, раней пад гэтыя мэты прадпрыемства атрымала ўчастак у Навінках, а цяпер - яшчэ 24 гектары ў тым жа раёне. На першым участку пабудаваны некалькі арэндных дамоў, на другім будзе жыллё для маючых патрэбу.

Але Лукашэнка распавёў пра новыя падрабязнасці гэтай будаўнічай схемы.

- Прыйшоў да мяне дырэктар (завода эфектыўных прамысловых канструкцый). Кажа: дайце мне зямлі ў Менску, я буду будаваць жыллё. І я вам абяцаю, з пяціпрацэнтнай рэнтабельнасцю я пабудую жыллё (ён вырабляе панэлі для буйнапанэльнага домабудавання) і перадам каму трэба - дзяржпрадпрыемствам. І калі я ўнёс на разгляд гэтае пытанне, пачынаючы ад Мясніковіча і мэра Менска і заканчваючы ўсім жуллём, якое там целяпаецца, [яны выступілі] катэгарычна супраць [і сказалі], што гэта немагчыма. Я кажу: усё, будуем, дайце яму зямлі. Даў зямлю, і ён некалькі разоў да мяне падыходзіць і кажа: «Я не разумею, чаму яны супраць». Я ж, кажа, вам таннае жыллё пабудую і вам аддам, а вы куды хочаце, туды і давайце. Я кажу: ты пабудуй і потым мне скажаш. Ён пабудаваў гэта жыллё - 500 даляраў у Менску квадратны метр. Забірайце! Забірай, Анатоль Васільевіч Ліс, і прадавай па 1200, у бюджэце пакідай гэтую розніцу. А мы аддалі асобным жулікам і прайдзісветам гэтыя грошы. Чаму?

Са слоў Лукашэнкі, прыватныя забудоўшчыкі не ўкладаюць грошы, якія яны зарабілі.

- Яны чамаданамі на Кіпр і ў іншыя афшоры вывезлі і там прыхавалі. Яны ідуць у наш банк, бяруць крэдытныя рэсурсы, будуюць, прадаюць высокім коштам, вяртаюць крэдыт і па кішэнях раскладваюць грошы. Чаму вы не можаце гэтыя грошы ўзяць? Вось для чаго мною асабіста быў праведзены гэты пяціпрацэнтны эксперымент. Што такое 550 даляраў за метр у Менску? А элітнае жыллё ў Менску - каштуе 2200 даляраў нават сёння. Адчуваеце розніцу і каму гэтыя грошы дасталіся?

«Правядзіце гэты эксперымент і мне далажыце. Даручыце «Будтрэсту № 8» пабудаваць гэтае жыллё. Ён атрымае грошы і яшчэ ў бюджэт нешта дасць», - сказаў Лукашэнка.

А ў чым сэнс схемы?

Як паведамляе прэс-служба, задачу арганізаваць будаўніцтва жылля з 5%-ным прыбыткам Лукашэнка паставіў і перад Качанавай. Праўда, каго гэта ўсё закране - пакуль дакладна не ясна. Бо пры будаўніцтве Дзяржзабудоўшчыкі сацыяльнага жылля ім і так участкі вылучаюцца бясплатна, а іх прыбытак па законе абмежаваны 5%.

А калі будаваць, як апісана вышэй, па 500 даляраў за «квадрат», потым перадаваць дзяржструктурам, якія будуць прадаваць яго ўжо па 1200, - то якая ад гэтага карысць людзям? Хіба што 700 даляраў розніцы застануцца ў бюджэце, а не ў забудоўшчыка. Мяркуючы з вышэйапісанай рыторыкі Лукашэнкі, сэнс, магчыма, у гэтым.

Пра нейкія новыя ўмовы для прыватных забудоўшчыкаў Лукашэнка ўчора не казаў.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках