17 красавiка 2024, Серада, 0:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Amnesty International заступілася за двух беларускіх падлеткаў

4
Amnesty International заступілася за двух беларускіх падлеткаў

Непаўналетнія ўтрымліваюцца ў калоніі ў нечалавечых умовах.

Amnesty International абвясціла пра пачатак кампаніі ў падтрымку двух непаўналетніх зняволеных, асуджаных на дзесяць гадоў за наркотыкі: Эміля Астроўку і Васіля Саўчанку.

У заяве, размешчанай на сайце арганізацыі, сцвярджаецца, што правапарушэнні былі дробнымі, а суды - несправядлівымі. Як паведамляе Amnesty International, падлеткі ўтрымліваюцца ў нялюдскіх умовах і церпяць запалохванні і дыскрымінацыю з боку адміністрацыі калоніі.

Прыводзім вытрымкі з заявы Amnesty International (пераклад - Сharter97.org).

«У 2018 годзе Эміль Астроўка і Васіль Саўчанка былі прысуджаныя паводле дзвюх асобных спраў да 10 гадоў пазбаўлення волі пасля несправядлівых судовых разглядаў з нагоды дробных правапарушэнняў, звязаных з наркотыкамі. На момант арышту ім абодвум было па 17 гадоў.

У студзені 2015 года, пасля з'яўлення змяненняў у крымінальным кодэксе, Беларусь прыняла заснаваную на рэпрэсіўных і карных законах палітыку абсалютнай нецярпімасці ў дачыненні да наркотыкаў.

Гэтыя два выпадкі выяўляюць вострую праблему, якая прывяла да таго, што, паводле некаторых ацэнак, да 15 000 дзяцей і моладзі ва ўзросце да 29 гадоў таксама асуджаныя на доўгія тэрміны зняволення за дробныя правапарушэнні, звязаныя з наркотыкамі. У некаторых выпадках арыштаваныя не ўчынялі злачынстваў і трапілі пад следства за адмову супрацоўнічаць з афіцыйнымі асобамі, якія спрабавалі выкарыстаць іх для таго, каб інкрымінаваць злачынства іншым людзям. Падчас следства і суда падазраваныя сутыкаюцца з незлічонымі парушэннямі правоў чалавека, а пасля вынясення прысуду ўтрымліваюцца ў жахлівых умовах у парушэнне міжнародных стандартаў. Лукашэнка заклікаў, каб для тых, хто адбывае пакаранне за наркотыкі, умовы ў турмах былі такімі жудаснымі, каб зняволеныя, з ягоных слоў, «смерці прасілі».

Інтэнсіўнае выкарыстанне крымінальнага заканадаўства, рэпрэсіўных практык і іншых захадаў, заснаваных на забароне наркотыкаў, прывяло да паўсюднага парушэння правоў чалавека і злоўжыванняў. Amnesty International заклікае дзяржавы да спагадлівага падыходу, заснаванага на міжнародных нормах і стандартах у галіне правоў чалавека для забеспячэння таго, каб палітыка кантролю за наркотыкамі абараняла людзей, а не прычыняла ім шкоду. Напрыклад, Amnesty International заклікае дзяржавы дэкрыміналізаваць выкарыстанне і захоўванне наркотыкаў для асабістага карыстання і выкарыстоўваць альтэрнатыўныя метады замест крымінальнай адказнасці за дробныя правапарушэнні негвалтоўнага характару, звязаныя з наркотыкамі», - напісана ў заяве.

«Эміль Астроўка пакутуе на хранічную бранхіяльную астму. Нягледзячы на гэта, медыцынскія прэпараты, якія ўвесь час павінны быць пры ім, захоўваюцца асобна, што падвяргае яго здароўе значнай рызыцы. Акрамя таго, у калоніі не праводзяцца рэгулярныя неабходныя для яго медагляды.

Абутак і адзенне, якія выдаюцца ў калоніі, або занадта малыя па памеры, ці не адпавядаюць сезону, і праз слабую матэрыяльна-тэхнічнай базу часта змакаюць.

Эміль і Васіль, пазбаўленыя свабоды ва ўзросце 17 гадоў, не маюць доступу да навучальных устаноў і, замест гэтага, вымушаныя па шмат гадзін займацца цяжкай фізічнай працай без належнага адпачынку і без ахоўнай амуніцыі.

Праз дрэнную якасць ежы і неадэкватныя нормы ў іх абодвух адзначаецца прыкметнае зніжэнне масы цела», - паведамляецца ў заяве.

Amnesty International заклікае актывістаў ва ўсім свеце пісаць лісты начальніку калоніі Сяргею Маслюкову з патрабаваннямі палепшыць умовы ўтрымання Эміля Астроўкі і Васіля Саўчанкі на адрас: Выхаваўчая калонія №2, вул. Батава 4, г. Бабруйск, 213807 або на электронны адрас vk2_mogilev@mia.by.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках