22 красавiка 2019, панядзелак, 22:13
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Фядыніч: Заробкі ў гаспадарках часта мізэрныя і не адпавядаюць нават мінімальным

8

Пры дапамозе прафзвязу РЭП Вячаслаў Сырыца здалеў адбараніць годнасць «ганаровы работнік» і вярнуць прэміі ды матэрыяльную дапамогу.

У Нясвіжскім раённым судзе амаль праз год прайшоў паўторны разбор у справе аб крадзяжы пяці літраў паліва. Суддзя Дзмітрый Гвозд прызнаў факт крадзяжу паліва кіроўцам агракамбіната «Сноў» Вячаславам Сырыцам. Падставай для вынясення выраку сталі сведчанні сведак некалькіх работнікаў агракамбіната, піша сайт praca-by.info.

Са слоў актывіста прафзвязу РЭП Аляксандра Вайцешыка, фармальнай нагодай для паўторнага суду стала нявыплата агракамбінатам дзяржаўнага збору, які павінна выплачваць старана, якая саступіла ў судзе (СВК "Агракамбінат "Сноў"):

- Высвятленне фактаў мае адбывацца ў законным парадку - праз адміністрацыйны альбо крымінальны працэс, г.зн. міліцыяй або судом. Выходзіць, што цяпер фармуецца новая практыка, калі факт крадзяжу можна давесці не органам, які гэта высвятляе, а актам, які пішуць тры работнікі прадпрыемства, напрыклад, агракамбіната «Сноў». Гэта парушэнне заканадаўства.

- Тое, што гэта справа пайшла на паўторны разгляд - выглядае як нежаданне кіраўніцтва прызнаць парушэння правоў работніка і спроба ўсімі сіламі пакараць Вячаслава Сырыцу, які лічыўся адным з найлепшых. Не гледзячы на закон, кіраўніцтва наважыла паказаць астатнім работнікам, хто ў доме гаспадар. Гэта не падыме аўтарытэт Мікалая Радамана ў вачах працоўнага калектыву як кіраўніка СВК "Агракамбінат" Сноў" і ў коле грамадскасці як сябра «савета pэспублікі». Мы будзем абскарджваць вырак Нясвіжскага раённага суда ў вышэйшай інстанцыі, - адзначае Аляксандр Вайцешык.

Вячаслаў Сырыца працаваў у СВК "Агракамбінат "Сноў" на розных пасадах ад моманту стварэння прадпрыемства і лічыўся адным з найлепшых работнікаў, атрымаў мноства прэмій, быў абраны сябрам управы. Таксама яму была нададзеная годнасць «ганаровы работнік».

У красавіку 2018 года Сырыцу на пасяджэнні ўправы абвясцілі, што ён пакараны дысцыплінарна і матэрыяльна, пазбаўлены матэрыяльнай дапамогі, годнасці «ганаровы работнік» і выведзены са складу ўправы. Як пазней высветлілася, прычынай стаў перавыдатак паліва на 5 літраў падчас адной з службовых выпраў кіроўцы-экспедытара.

Пры дапамозе праваабаронцаў і актывістаў прафзвязу РЭП Вячаслаў здалеў адбараніць годнасць «ганаровы работнік» і вярнуць праз суд прэміі ды матэрыяльную дапамогу.

Лідар прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч пракаментаваў гэтую справу:

- На мой погляд, рэч не ў пяці літрах паліва, а ў тым, што сваім прадузятым стаўленнем да працаўніка кіраўніцтва хоча заткнуць рот усім супрацоўнікам агракамбіната і дзейнічаць як заманецца, а не паводле закону. Калі гэта сабе дазваляе публічны чалавек і член «савета рэспублікі», што можна казаць аб звычайных кіраўніках. Апошнім часам у прафзвяз паступае шмат зваротаў з гаспадарак і агракамбінатаў з розных раёнаў Беларусі. Работнікі расказваюць пра татальнае парушэнне іхніх правоў - ад іх патрабуюць беспярэчнага падпарадкавання кіраўніцтву не залежна ад законнасці гэтых патрабаванняў. Да таго ж заробкі ў такіх гаспадарках часта мізэрныя і не адпавядаюць нават мінімальным.