23 лiпеня 2019, aўторак, 9:00
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

На адну справу супраць беларускіх улад у ААН стала больш

2

Наталля Стрэльчанка абвінавачвае ўлады Беларусі ў парушэнні адразу сямі артыкулаў Міжнароднага Пакту.

Актывістка з Дуброўна Наталля Стрэльчанка накіравала ў Камітэт правоў чалавека ААН індывідуальную скаргу, у якой абвінаваціла ўлады Беларусі ў парушэнні адразу сямі артыкулаў Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, піша "Гродненская Весна".

Наталля Стрэльчанка абвінавачвае дзяржаву ў тым, што 25 і 26 сакавіка 2018 года супрацоўнікі Дубровенскага РАУС і раённага суда ўчынілі ў дачыненні да яе дзеянні, якімі парушылі яе правы, гарантаваныя Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Так, яе неабгрунтаванае затрымання 25 сакавіка 2018 года супрацоўнікамі РАУС па дарозе ў Менск, дзе яна мела намер удзельнічаць у святкаванні Дня Волі, Наталля ўважае за парушэнне артыкула 9 Пакта. Паводле яго, ніхто не можа быць адвольна арыштаваны або ўтрымлівацца пад вартай.

Тое, што яе неабгрунтавана затрымалі тады, калі яна накіроўвалася на масавую акцыю, Наталля ўспрымае як парушэнне Беларуссю артыкула 21 Пакта, якой гарантуецца права на мірныя сходы.

Акрамя таго, забарона здзяйсняць аўдыё- і фатаграфіі працэсу яе затрымання ў фае РАУС і прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за «непадпарадкаванне патрабаванням спыніць здымкі», парушаюць, на думку Наталлі Стрэльчанкі, артыкул 19 Пакта, якая гарантуе права на свабоду атрымання інфармацыі. Наталля падкрэслівае ў скарзе, што ў Беларусі няма закона, які б забараняў відэаздымкі ў такім агульнадаступным месцы, як фае аддзялення міліцыі.

Наталля паведамляе КПЧ, што суддзя раённага суду Татаеў адхіліў ейнае хадайніцтва аб праглядзе відэа з ейнага тэлефона, адабранага ў РАУС пры затрыманні. Між тым, гэта відэа было адзіным магчымым довадам ейнай невінаватасці. Са слоў актывісткі, гэта парушыла ейнае права на справядлівы судовы разбор, які гарантуецца артыкулам 14 Пакта.

Тое, што 25 сакавіка 2018 года яе ўтрымлівалі ў памяшканні Дубровенскага раённага аддзела міліцыі з самай раніцы да 18 гадзін вечара без ежы, абшуквалі перад камерай відэаназірання перад тым, як змясціць у ІЧУ, трымалі пад вартай больш за 28 гадзін, ведаючы, што яна мае дваіх непаўналетніх дзяцей, з'яўляецца, на думку заяўніцы, парушэннем артыкула 10 Пакту. Згодна з гэтым артыкулам, усе асобы, пазбаўленыя волі, маюць права на гуманнае абыходжанне і павагу да чалавечай годнасці.

Быў парушаны таксама артыкул 7, у якім гаворыцца, што ніхто не можа падпадаць пад катаванне або жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне, якое зневажае чалавечую годнасць.

І раз усе гэтыя парушэнні мелі пад сабой палітычныя падставы, гэты факт яна ўважае за дыскрымінацыю, звязанай з ейнымі палітычнымі перакананнямі. Што парушае артыкул 2 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Наталля Стрэльчанка просіць высветліць факт парушэння ўладамі Беларусі сямі пералічаных артыкулаў Пакта і рэкамендаваць ім кампенсаваць прычыненую дзяржавай шкоду.