23 красавiка 2019, aўторак, 18:11
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

ЕЗ скончыў падрыхтоўку да Brexit без угоды

Еўракамісія адзначыла рост рызыкі выхаду Вялікай Брытаніі з ЕЗ без пагаднення 12 красавіка.

Еўракамісія скончыла падрыхтоўку да сцэнару «жорсткага» Brexit на фоне росту пагрозы выхаду Вялікай Брытаніі з ЕЗ без пагаднення 12 красавіка. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ЕК, піша «Зеркало недели».

«Паколькі ўсё больш магчыма, што Злучанае Каралеўства 12 красавіка пакіне Еўрапейскі Звяз без угоды, Еўракамісія сёння скончыла падрыхтоўку да гэтага сцэнару», - паведамілі ў структуры.

У ЕК падкрэслілі, што «хаця сцэнар Brexit «без угоды» непажаданы, ЕЗ гатовы да гэтага».

«Пры выхадзе Вялікай Брытаніі з ЕЗ без пагаднення, якога-небудзь пераходнага перыяду не будзе. Усе першасныя і другасныя законы ЕЗ перастануць ужывацца да Вялікай Брытаніі з гэтага моманту. Гэта, відавочна, прывядзе да істотных праблемаў для грамадзян і бізнэсу... Акрамя таго, грамадзяне Вялікай Брытаніі больш не будуць грамадзянамі Еўрапейскага Звязу. Яны будуць зазнаваць дадатковыя праверкі пры перасячэнні межаў у ЕЗ», - адзначаецца ў паведамленні.

ЕК пачала працу над падрыхтоўкай да сцэнару «жорсткага» Brexit са снежня 2017 года. За гэты час яна апублікавала тры паведамленні пра гатоўнасць да такога сцэнару, 3 камюніке, прадставіла 19 заканадаўчых прапаноў. 17 прапаноў ужо або адобраныя Еўрапарламентам, або ўзгодненыя ЕП і Радай ЕЗ. Падрыхтоўка да ўхвалення астатніх дзвюх прапаноў заканчваецца.

Раней паведамлялася, што лідары ЕЗ на саміце ў Брусэлі аднагалосна ўхвалілі пастанову аб адтэрміноўцы Brexit на аснове двух магчымых сцэнараў. Першы варыянт прадугледжвае падоўжыць тэрміны выхаду Вялікай Брытаніі з ЕЗ да 22 траўня пры ўмове, што пагадненне будзе адобранае Палатай суполак да канца сакавіка. У выпадку калі пагадненне аб выхадзе не будзе адобранае, ЕЗ пагодзіцца на адтэрміноўку Brexit толькі да 12 красавіка.

Вялікая Брытанія планавала скончыць выхад з ЕЗ 29 сакавіка. Аднак парламент двойчы адмовіўся ўхваліць праект пагаднення аб Brexit, прапанаваны Тэрэзай Мэй. Пры гэтым выходзіць з ЕЗ без пагаднення з Брусэлем брытанскі парламент таксама адмовіўся.