26 красавiка 2019, Пятніца, 11:58
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Намеснік Бабіча працаваў генконсулам Расеі ў Сімферопалі перад анэксіяй Крыма

12
ФОТА: КОММЕРСАНТЪ

Біяграфія Уладзіміра Андрэева надта характэрная.

Сайт Charter97.org нядаўна паведамляў, што ў пасольстве Расеі ў Менску працуе сын расейскага палітыка Франца Клінцэвіча.

Nn.by звярнулі ўвагу на яшчэ аднаго супрацоўніка амбасады, фактычна, другога чалавека пасля Міхаіла Бабіча - 58-гадовага дыпламата Уладзіміра Андрэева.

Біяграфія Уладзіміра Андрэева надта характэрная: ён ўсю кар'еру прапрацаваў у сістэме савецкага і расейскага МЗС, прычым да 2013 года з'яўляўся генконсулам Расеі ва ўкраінскім Крыме, у Сімферопалі.

З пасады Андрэеў сышоў пасля скандалу: ён назваў крымскіх татараў «калектыўнымі здраднікамі».

Усё адбывалася так: у Севастопалі праходзіла прэзентацыя фільма пра сталінскую дэпартацыю татараў, на якую павінны былі прыйсці госці з Расеі. Андрэеў перад паказам запрасіў іх да сябе і забараніў ісці на прэм'еру. Чаму? Потым ён тлумачыў пазіцыю журналістам: «Расея не магла быць прадстаўлена на прэм'еры фільма, які скажаў праўду пра Вялікую Айчынную вайну. [...] У ім не закранутая тэма супрацоўніцтва асоб крымска-татарскай нацыянальнасці з фашысцкімі акупантамі. [...] Тэма здрады з боку прадстаўнікоў крымска-татарскага насельніцтва павінна прысутнічаць як тлумачэнне дэпартацыі. [...] Гэта абсалютна афіцыйна. Запішыце і пракручвайце кожнаму крымскаму татарыну. Маё слова і слова Расеі павінна гучаць», - сказаў ён.

У выніку справа ледзь не скончылася штурмам расейскага прадстаўніцтва татарамі, якіх агулам у апраўданне дэпартацыі назвалі здраднікамі.

ТАТАРЫ ВЫЙШЛІ ДА РАСЕЙСКАГА ГЕНКОНСУЛЬСТВА Ў АДКАЗ НА СЛОВЫ АНДРЭЕВА, ФОТА НОВЫ РЭГІЁН

Шэраг украінскіх палітычных партый заклікаў да выдварэння Андрэева з краіны, у выніку той сышоў сам.

Але ўсплыў, як бачым, памочнікам Бабіча ў Менску.

За дзейнасць у Крыме Андрэева пачалі называць «найлепшым сябрам Сталіна».