20 лiпеня 2019, Субота, 13:36
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Чым займаюцца і валодаюць сужэнцы кандыдатаў у прэзідэнты Украіны

7

Журналісты прааналізавалі дэкларацыі лідараў прэзідэнцкай гонкі.

Да выбараў ва Украіне застаўся тыдзень. Пасля таго, як прэзідэнт абраны, увага прэсы прыкаваная не толькі да яго (ці да яе), але і да жонкі або мужа першай асобы дзяржавы. «Настоящее время» распавядае, з кім звязалі сваё жыццё лідары ўкраінскай перадвыбарнай гонкі.

Алена Зяленская, жонка Уладзіміра Зяленскі

У адрозненне ад свайго мужа Алена Зяленская - асоба непублічная. Ёй 41 год. Паводле адукацыі - будаўнік, але адпаведна спецыяльнасці ніколі не працавала. Пасля вучобы далучылася да творчага калектыву, якім кіруе муж, - студыі «Квартал 95». Там яна працуе аўтарам тэкстаў.

Зяленскія з аднаго горада - Крывога Рога. Вучыліся ў школе ў паралельных класах. Разам пара ўжо больш за 20 гадоў. Выхоўваюць двух дзяцей.

Згодна з дэкларацыяй Зяленскага за 2017 год, у ягонай жонкі ёсць кватэра ў анэксаваным Крыме, яшчэ адна - у Кіеве, некалькі гадзіннікаў, каштоўныя ўпрыгажэнні і аўтамабіль Mercedes-Benz.

Аляксандр Цімашэнка, муж Юліі Цімашэнкі

Аляксандру Цімашэнка 58 гадоў. Бізнэсам пачаў займацца яшчэ ў дзевяностыя. Муж і жонка Цімашэнкі адкрылі ўкраінска-кіпрскую карпарацыю «Украінскі бензін», якая займалася гандлем нафтапрадуктамі. Пазней яна ператварылася ў «Адзіныя энэргетычныя сістэмы Украіны».

У пачатку нулявых Аляксандра Цімашэнку абвінавацілі ў кантрабандзе энэргарэсурсаў з Расеі ва Украіну і ў фінансавых махінацыях. Бізнэсоўца арыштавалі. Але праз год усе абвінавачванні знялі і вызвалілі з-пад варты ў будынку суда. У 2012-м Цімашэнка выехаў з Украіны: як ён сам сцвярджае, праз пагрозу арышту і ціску на ягоную сям'ю. Пасля атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі, дзе і цяпер мае свой бізнэс. Пасля падзей на Майдане і вызвалення з турмы Юліі Цімашэнкі ейны муж вярнуўся ва Украіну.

Аляксандр і Юлія разам са студэнцкай лаўкі. Іх дачцэ Яўгеніі 39 гадоў.

Згодна з дэкларацыяй Юліі Цімашэнкі за 2017 год, ейны муж – грыўнявы мільянер. Акрамя аб'ектаў нерухомасці, ён задэклараваў швайцарскі гадзіннік Corum і Vacheron Constantin (апошнюю марку, напрыклад, мае амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп і экс-прэм'ер Італіі Сільвіё Берлусконі). Таксама ў Аляксандра Цімашэнкі ёсць Mercedes-Benz 2014 года і аўтамабіль маркі ГАЗ-14, больш вядомы як «Чайка».

Марына Парашэнка, жонка Пятра Парашэнкі

Марына Парашэнка вядомая сваімі кулінарнымі талентамі і нядоўгай фітнэс-кар'ерай на тэлевізіі. Ёй 57 гадоў. Паводле прафесіі - кардыёлаг. Нарадзіла чацвярых дзяцей, медыцыну кінула, пасля інаўгурацыі Пятра Парашэнкі занялася дабрачыннасцю. Цяпер Марына Парашэнка ўзначальвае дзяржаўную арганізацыю «Украінскі культурны фонд» і займаецца рэформай інклюзіўнай адукацыі.

Марына і Пятро Парашэнка разам ужо амаль 35 гадоў: ажаніліся, калі ёй быў 21 год, а яму - усяго 18 гадоў.

У дэкларацыі аб даходах за 2017 год пазначана, што Марына Парашэнка валодае зямельным надзелам пад Кіевам плошчай амаль дзве тысячы квадратных метраў і камяніцай (350 квадратных метраў), прыкладна дзясяткам ювелірных вырабаў і аўтамабілем маркі Jaguar.

Юлія Маставая, жонка Анатоля Грыцэнкі

Жонка Анатоля Грыцэнкі Юлія Маставая - галоўная рэдактарка штотыднёвіка «Зеркало недели». У журналістыцы яна ўжо амаль 30 гадоў. Рэгулярна ўваходзіць у рэйтынг самых уплывовых жанчын краіны.

Маставая і Грыцэнка разам ужо блізу 20 гадоў. Выхоўваюць чацвярых дзяцей, трое з якіх - ад папярэдніх шлюбаў.

Згодна з дэкларацыяй за 2017 год, у Маставой ёсць два зямельныя надзелы пад Кіевам, дом і чатыры кватэры ў сталіцы, а таксама аўтамабіль маркі Toyota Rav 4.

Вера Бойка, жонка Юрыя Бойкі

У сужэнццаў Бойкаў шасцёра дзяцей. Разам пара ўжо амаль 40 гадоў: пазнаёміліся яшчэ ў студэнцкія гады ў Маскоўскім хіміка-тэхналагічным інстытуце.

Цяпер у Веры Бойка - уласная фірма «Сталічная нерухомасць». Акрамя таго, яна атрымлівае прыбытак ад расейскай кампаніі «Група Поліпластык». Ва ўласнасці Веры Бойкі кватэра на 220 квадратных метраў у Расеі і парковачнае месца там жа, кватэра ў Кіеве, жылы дом і некалькі надзелаў у ваколіцах украінскай сталіцы.