20 красавiка 2024, Субота, 4:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праз экспэрыменты Лукашэнкі могуць яшчэ больш падаражэць кватэры

56
Праз экспэрыменты Лукашэнкі могуць яшчэ больш падаражэць кватэры

Беларусаў абурае дзейнасць «жыллёва-камунальнай мафіі».

Лукашэнка даручыў старшыні Берасцейскай вобласці Анатолю Лісу на базе праблемнага Будтрэста №8 пачаць будаваць у Берасці так званае «жыллё з абмежаваным прыбыткам на 5%».

Пры гэтым дыктатар не ўтрымаўся і раскрыў «схему» будаўніцтва такіх кватэр: выявілася, што прыбытак для чыноўнікаў будзе значна большы, чым агучаныя 5%, а «квадрат» для простых грамадзян так і не патаннее.

Дыктатар спаслаўся на прыклад экспэрыментальнай забудовы ў Менску, у раёне Навінак: «Пабудаваў гэтае жыллё - 500 даляраў у Менску квадратны метр. Забірайце! Забірай, Анатоль Васільевіч Ліс, і прадавай па 1200, у бюджэце пакідай гэтую розніцу».

Атрымліваецца, што калі будаваць, як апісана вышэй, па 500 даляраў за «квадрат», потым перадаваць дзяржаўным структурам — якія будуць прадаваць яго ўжо па 1200, - то якая ад гэтага карысць людзям? Адзіная розніца: 700 даляраў за кожны «квадрат» застанецца ў бюджэце аблвыканкама, а не ў забудоўшчыка.

Сайт Charter97.org папрасіў пракаментаваць сітуацыю вядомага берасцейскага актывіста, аднаго з лідараў пратэстаў супраць акумулятарнага завода, лаўрэата Нацыянальнай прэміі «За абарону правоў чалавека за 2018 год» Аляксандра Кабанава.

- Давайце пачнём з таго, што гэта за Будтрэст №8 і чаму з ім праблемы?

- Трэст №8 вядомы ў Берасці як арганізацыя дастаткова стратная. Яна ледзь-ледзь трымаецца на плаве. З маіх звестках, гэты трэст падключалі і на будаўніцтва Астравецкай АЭС, і на 1 000-годдзе Берасця - каб хоць неяк забяспечыць людзей працай.

Але ў арганізацыі занадта шмат пазык, і значная частка яе маёмасці ўжо праз гэтага апісаная. Гэта значыць, гэта досыць праблемная арганізацыя, якую ў нармальнай краіне даўно ўжо варта было б закрыць.

- А як наогул выглядае сітуацыя з жыллём у Берасці? Ці рэальна звычайнай маладой сям'і абзавесціся ўласнай кватэрай?

- Рэч у тым, што ў нас у краіне не ўсе маюць аднолькавае права на жыллё.

Дагэтуль у нас ёсць так званыя льготнікі. У асноўным гэта - сілавыя структуры, якія атрымліваюць ільготныя крэдыты з бюджэту (наколькі я ведаю, пад 1% тэрмінам на 20 гадоў). У гэтых людзей практычна няма праблем з жыллём, тым больш, што ўсе яны - яшчэ і «чаргавікі».

А сям'я таго ж лекара або настаўніка такой раскошы дазволіць сабе не можа. Не выпадкова ў нас у краіне цяпер такія праблемы з лекарамі: людзі проста з'язджаюць.

А калі малады спецыяліст прыязджае ў вялікі горад - у яго наогул няма шанцаў праціснуцца і стаць уласнікам жылля.

- Са старшынём Лісам вам даводзілася сутыкацца падчас барацьбы з акумулятарным заводам. Як вы ацэньваеце яго ў якасці кіраўніка вобласці?

- Рэч у тым, што з самім Лісам мы не сутыкаліся – толькі з ягонымі адпіскамі. Амаль год мы дамагаліся з ім сустрэчы - і так і не дамагліся.

Але дзякуючы сваёй дзейнасці я сачу за справамі чыноўнікаў такога ўзроўню, як старшыня аблвыканкама. Як і кожны прызначэнец, ён баіцца ініцыятывы і дзейнічае строга ў рамках указаў зверху.

Але ў такой непразрыстай сістэме, якая склалася ў Беларусі, мы не ведаем, што за ўказы ён атрымлівае напраўду.

Калі паглядзець нашы дзяржаўныя СМІ, яны асвятляюць нейкую дробную, якая не адпавядае кіраўніку аблвыканкама, дзейнасць Ліса: адкрыццё помніка ў рэгіёне, паездка на прадпрыемства, сустрэча з кітайскай дэлегацыяй…

Вядома ж, ён не прадстаўляе інтарэсы жыхароў Берасцейскай вобласці і не будзе іх бараніць - ні ў якім выглядзе дзейнасці. Сваю «энэргію» ён можа паказаць хіба што на пасяўной. Калі справа тычыцца развіцця рэгіёну, правоў чалавека, стымулявання бізнэсу - яго там не відаць.

- Вось гэты чалавек будзе паводле задумы Лукашэнкі атрымліваць пад свой кантроль 700 даляраў з кожнага квадрата жылля ў Берасці. Як вы думаеце - да чаго гэта прывядзе?

- Сітуацыя з жыллём для большасці берасцейцаў і цяпер не занадта аптымістычная. І ад гэтай ініцыятывы Лукашэнкі яна ані не палепшыцца.

Думаю, што наадварот - экспэрымент Лукашэнкі з Лісам выльецца ў рост коштаў на нерухомасць, кватэры толькі падаражэюць. А першымі ў чарзе на даступныя кватэры будуць «свае людзі», знаёмыя і сваякі чыноўнікаў.

А для афіцыйнай статыстыкі, каб паказаць «клопат» пра грамадзян, будуць выкарыстоўваць звесткі пра сацыяльнае жытло, якое не з'яўляецца ўласнасцю людзей. Шматдзетным сем'ям будуць даваць для выгляду некалькі арэндных кватэр, а затым - будаваць і будаваць дзясяткі дамоў, каб прадаць там жыллё з камерцыйнай нацэнкай і вярнуць выдаткаванае на шматдзетных.

А што тычыцца маладых сем'яў і спецыялістаў, то ім па-ранейшаму давядзецца разлічваць толькі на сябе пры развязанні кватэрнага пытання.

- Як вы наогул ацэньваеце ідэю - аддаць чыноўнікам даходы ад будаўніцтва кватэр для грамадзян?

- Схема Лукашэнкі – гэта чарговая нагода для ўсплёску карупцыі. Правадыр проста «адкрывае» чарговае поле для карупцыйнай дзейнасці.

Паводле ягоных слоў, адной рукой Лукашэнка ўвесь час «змагаецца» з карупцыяй. А другой – яе сее. Адна рука не разумее, што робіць другая.

У схеме, якую ён прапанаваў Лісу, павінны круціцца велізарныя грошы. Калі чыноўнікі будуць будаваць па 500 даляраў за «квадрат», а прадаваць па 1200 - яны ўжо атрымліваюць звышпрыбытак.

Як толькі гэты звышпрыбытак будзе «павешаны» на баланс аблвыканкама, узнікне найшырэйшае карупцыйнае поле. Зноў у нейкі момант можа грымнуць гром і пачнуцца паказальныя пасадкі чыноўнікаў. А можа і не пачнуцца – гледзячы, хто рэальна будзе замяшаны ў гэтай схеме.

А жыллёвыя праблемы канкрэтных берасцейскіх сем'яў, я ўпэўнены, развязаныя не будуць.

Даўно ўжо даведзена, што калі будзе прыватнае будаўніцтва, якім будуць займацца незвязаныя з дзяржавай фірмы, якія падключаюць на субпадрады ІП – і кошты на «квадрат» упадуць, і якасць жылля палепшыцца. У нас цяпер у гэтай сферы манаполія, а развязаць пытанне даступнасці жылля можа толькі свабодная канкурэнцыя.

Што гэта за лічбы, пра якія кажа Лукашэнка? 500, 1200 даляраў за квадратны метр... Фактычна кошты ўзятыя са столі. А выразнага складзенага каштарысу ў дзяржаўных структур няма.

- Калісьці ўсю Беларусь абляцела гісторыя мянчанкі, якая пратэставала на кране праз руйнаванне ейнага дома забудоўікам. Калі ў вас забудоўнік са звышпрыбыткамі стане аблвыканкам, ці могуць такія выпадкі адбыцца і ў Берасці?

- Адбыцца можа ўсё, што хочаце, у тым ліку і выгнанне людзей з іх жылля ў інтарэсах забудоўшчыка. Пакуль у нас няма закона аб прыватнай уласнасці на зямлю, чалавек будзе безабаронным перад дзяржавай. У сённяшняй сітуацыі і Лукашэнка, і Ліс, і кожны іншы чыноўнік могуць прыняць якую хочаце пастанову аб нерухомасці грамадзян.

Акрамя таго, маёмасныя правы моцна завязаныя на судовую сістэму. Калі ў нас такія суды, як цяпер – то чалавек у кожны момант можа страціць сваё жыллё нібыта «згодна з законам».

Нарэшце, важна, каб быў празрысты бюджэт і справаздачнасць чыноўнікаў – інакш забудова будзе заставацца самай прывабнай сферай для карупцыянераў.

Так што захаванасць нашых з вамі дамоў і кватэр залежыць не ад асобных чыноўнікаў, а ад таго, якая палітычная сістэма ў краіне. Толькі змяніўшы гэтую сістэму, можна засцерагчы сябе ад канфіскацыі кімсьці сваіх законных квадратных метраў.

- Звычайныя людзі, з якімі вы як актывіст камунікуеце, разумеюць важнасць гэтага пытання?

- Вядома разумеюць. Толькі пакуль не ведаюць, як змяніць.

На мяне беларускія ўлады акурат і завялі крымінальную справу за тое, што я дапамагаў людзям зрабіць дзейнасць жыллёвых кааператываў больш празрыстай.

Скажу так: практычна ўсіх дастала дзейнасць «жыллёва-камунальнай мафіі», якая квітнее ў нас у краіне. Кошты паслуг ЖКГ і іх непразрыстасць - гэта адно з самых балючых пытанняў.

Вельмі многіх у краіне напружвае рэгулярнае адлічэнне грошай на такія, напрыклад, артыкулы выдаткаў, як капітальны рамонт дамоў. Чалавек плаціць па 20-40 гадоў - і не бачыць выніку. А калі адмаўляецца - то, як у вядомым фільме, яму пагражаюць тым, што «адключаць газ».

Беларусы ведаюць, на чым базуецца сістэма ЖКГ, якія там заробкі ў начальства, як ім увесь час лезуць у кішэню, як фармуюць тарыфы «ад балды». І гэта абурае іх усё больш.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках