23 красавiка 2024, aўторак, 9:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Аракелян: Дзеянні міліцыі - гэта поўнае фіяска

41
Павел Аракелян: Дзеянні міліцыі - гэта поўнае фіяска
ФОТА: Вадзім Заміроўскі/TUT.BY

Вядомы музыка ўдзячны менчукам, якія выйшлі 25 сакавіка ў цэнтр Менска.

Адной з самых рэзанансных падзей Дня Волі-2019 стала затрыманне музыкаў Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, Ігара Варашкевіча і Паўла Аракеляна.

Cайт Charter97.org даведаўся пра ўсе падрабязнасці затрымання ад музыкі Паўла Аракеляна.

- Учора мы з сябрамі хацелі пашпацыраваць і зайграць на інструментах ў гонар дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Практычна адразу пасля таго, як мы выйшлі на пешаходную вуліцу да Лявона Вольскага падышоў нейкі «дзядзечка» ў цывільным. Я не ведаю, кім ён прадставіўся.

Ён папярэдзіў нас, што калі мы пачнём граць, то гэта будзе расцэнена як несанкцыянаваная акцыя. Параіўшыся мы разважылі, што будзем граць. Бо закон парушаўся толькі на думку гэтых людзей. А згодна з Канстытуцыяй усё было ў прававых рамках.

Пасля таго, як мы надумалі граць, пад'ехаў бусік і нас усіх забралі ў Цэнтральны РАУС.

- Якое да вас было стаўленне з боку міліцыі?

- Хлопцы глядзелі на нас як на «дзіўных зверанят». Блізу двух - двух з паловай гадзін мы стаялі ў двары. Затым нас павялі складаць пратаколы.

- Ці разумела міліцыя, што затрымлівае вядомых музыкаў?

- У тых, хто затрымліваў, такога разумення не было. У РАУС да нас прыставілі звычайных міліцыянтаў, якія стаялі з намі на холадзе некалькі гадзін і пераступалі з нагі на нагу. А ўсё праз тое, што прывезлі «небяспечных музыкаў-рэцыдывістаў». Хтосьці ведаў Лявона, хтосьці нават мяне пазнаў, хтосьці Ігара Варашкевіча.

Зразумейце самі, гэтыя людзі ішлі працаваць у МУС не для таго, каб затрымліваць вулічных музыкаў, а потым стаяць з імі на холадзе.

- Ці стала затрыманне для вас нечаканасцю?

- Для мяне не было ніякай нечаканасці ў гэтым. Ведаеце, вельмі складана прагназаваць дзеянні «накручаных» людзей. У такія моманты людзі прымаюць не толькі пастановы, якія будуць ім невыгодныя, а такія, што прыводзяць да фіяска. Учорашнія дзеянні міліцыі - гэта поўнае фіяска.

Я вам скажу, што мы абсалютна не выключалі таго, што ўсё скончыцца затрыманнем. Больш за тое, мы ўзялі з сабой прадметы першай патрэбы, якія маглі нам спатрэбіцца ў выпадку арышту.

- Людзі, якія сабраліся на ваш выступ, не разыходзіліся нават пад пагрозай арышту і працягвалі спяваць песні. Якія пачуцці ў вас выклікаў гэты ўчынак?

- Я ўбачыў гэта толькі пасля таго, як нас вызвалілі. Было вельмі прыемна, як і ўсім астатнім. Шчыра дзякуем усім, хто прыйшоў. А якая гэта была піяр-акцыя! Мяне ў жыцці ніхто так не піярыў, а тым больш бясплатна.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках