24 красавiка 2024, Серада, 6:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ігар Варашкевіч: Калі чалавек спявае - значыць страх пераможаны

7
Ігар Варашкевіч: Калі чалавек спявае - значыць страх пераможаны
ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ/TUT.BY

Дзеянні міліцыі на Дзень Волі былі абсалютна бессэнсоўнымі.

Учора на святкаванні Дня Волі ў Менску былі затрыманыя вядомыя беларускія музыкі Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч і Павел Аракелян.

Cайт Charter97.org папрасіў лідара гурта «Крама» Ігара Варашкевіча расказаць пра тое, як гэта адбывалася:

- Мы надумалі зайграць акустычны канцэрт, бо ўчора, 25 сакавіка, быў святочны дзень для беларусаў, Дзень Волі.

Зрабіць гэта планавалі ў такім месцы, дзе гэта глядзіцца арганічна, дзе заўсёды выступаюць вулічныя музыкі - на пешаходнай вуліцы ў цэнтры Менска. Мы прыйшлі туды ў добрым, святочным настроі. Я быў упэўнены, што пройдзе мірна, без затрыманняў.

Але ўлады разважылі інакш.

- І як пачалі развівацца падзеі?

- Напэўна, спачатку ў іх не было загаду дзейнічаць жорстка. Нейкі чалавек адразу падышоў да Лявона Вольскага і сказаў, што збірацца нельга і будзе артыкул за «масавае мерапрыемства».

Мы нават не паспелі дастаць музычныя інструменты, проста стаялі каля лаўкі і абмяркоўвалі, што будзем рабіць.

Затым, відавочна, ім прыйшоў больш жорсткі загад: маўляў, калі музыкі не разыходзяцца, трэба весці іх у міліцыю і пратрымаць там некалькі гадзін, каб акцыя не адбылася.

- Як паводзіла сябе міліцыя пры затрыманні і ў РАУС? Яны пазналі Вас і вашых сяброў?

- Пры затрыманні міліцыянты паводзілі сябе нармальна, у асноўным маўчалі.

Не ўпэўнены, што яны нас пазналі: гэта не тыя людзі, якія слухаюць нашую музыку. Нават калі б мы сказалі ім, што мы - вядомыя беларускія музыкі, для іх гэта наўрад ці б нешта значыла.

Вось калі б яны затрымалі Філіпа Кіркорава - гэта было б для іх падзеяй.

У самім РАУС нас вывелі і паставілі стаяць у двары. Там ужо, дарэчы, знаходзіўся Віталь Рымашэўскі. У двары нам аддалі «страшную» каманду: «Стаць тварам да сцяны». Я, вядома, жартую - страшна не было. Мы стаялі каля сцяны і стаялі прыкладна 2-3 гадзіны. Пры гэтым мы размаўлялі, жартавалі, гутарылі адзін з адным.

Міліцыянты пры гэтым стаялі побач, слухалі нас і перыядычна ўстаўлялі свае «заўвагі». Нічога крытычнага ў гэтым не было - звычайнае затрыманне. Але ведаеце, ад усіх іх дзеянняў застаўся нейкі непрыемны асадак. Непрыемнае ўражанне. Як быццам бы дакрануўся да нечага бруднага і перапэцкаўся ў ім.

- Навошта, на вашую думку, спатрэбілася разганяць мірны канцэрт у святочны дзень?

- Не бачу сэнсу аналізаваць іх загады. Гэта дзейнічае як латарэя: могуць дазволіць, а могуць забараніць. Хоць я, паўтару, быў упэўнены, што разгону не будзе. Сэнсу ў гэтым не было ніякага. Гэта быў абсалютна бессэнсоўны і нелагічны ўчынак з боку міліцыі.

Некаторыя могуць падумаць: можа, мы надумалі выйсці ў цэнтр Менска, бо нам нейкі піяр патрэбны. Зусім не так. Мы ж усё ж у сваіх колах ведаем, што гэта за дата, 25 сакавіка, і адзначаем Дзень Волі.

Дык чаму мы не можам спакойна выйсці ў цэнтр свайго горада, каб выканаць некалькі песень?

- Як вы пракаментуеце тое, што людзі пасля вашага затрымання не толькі не сталі разыходзіцца, але і спрабавалі працягнуць імправізаваны канцэрт?

- Тое, што людзі пасля нашага затрымання самі праспявалі «Тры чарапахі» Лявона Вольскага - гэта годны ўчынак. Гэта сведчыць аб тым, што людзі не баяцца. Калі чалавек спявае - значыць страх пераможаны.

- Якія высновы можна зрабіць з таго, што адбылося ў Менску 25 сакавіка?

- Дзеянні ўладаў непрадказальныя, таму высновы рабіць не выпадае.

Магу сказаць так: дзве забароны на канцэрты былі, у кожны момант можа быць прынятая пастанова аб трэцяй забароне.

Але хачу сказаць прыхільнікам «Крамы»: мы вас чакаем на сваім канцэрце і працуем над новым альбомам. І ўсё ў нас з вамі будзе добра.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках