16 красавiка 2024, aўторак, 15:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Венесуэле абвешчаны выхадны дзень праз блэкаўт

1
У Венесуэле абвешчаны выхадны дзень праз блэкаўт

Не менш за 16 штатаў засталіся без электрычнасці.

Метро Каракаса прыпыніла працу. У пачатку сакавіка венесуэльскія ўлады абвінавацілі ЗША ў «электрычнай вайне», паведамляе «Нямецкая хваля».

У Венесуэле ў панядзелак, 25 сакавіка, зноў адбылося маштабнае адключэнне электрычнасці. Паводле звестак прэзідэнта Хуана Гуайдо, блэкаўт закрануў 16 з 21 штата паўднёваамерыканскай краіны. У якасці прычыны аварыі ён назваў узгаранне на высакавольтнай лініі электраперадачы. Праз гэта аўторак абвешчаны выходным днём ва ўсёй краіне.

У сваю чаргу, венесуэльскі міністр сувязі і інфармацыі Хорхе Радрыгес ва ўрадзе Нікаласа Мадуры заявіў, што да адключэння электрычнасці прывяла кібератака на гідраэлектрастанцыю «Эль-Гуры». Працяглае адключэнне электраэнэргіі ў Венесуэле прывяло да перабояў у сістэме водазабеспячэння шэрагу гарадоў. У Каракасе без святла засталіся некалькі раёнаў. Праца сталічнага метро была часова прыпыненая.

7 сакавіка праз аварыю на найбуйнейшай гідраэлектрастанцыі краіны ў Венесуэле адбылося адключэнне электрычнасці ў большасці штатаў. У той жа дзень кіраўнік Венесуэлы Нікалас Мадура абвінаваціў «амерыканскі імперыялізм» у датычнасці да перабояў з электразабеспячэннем у краіне.

Рэжым надзвычайнага становішча

11 сакавіка Нацыянальны сход (парламент) Венесуэлы, які знаходзіцца пад кантролем апазіцыі, абвясціў у краіне рэжым надзвычайнага становішча. 14 сакавіка ўрад Венесуэлы паведаміў аб поўным спыненні блэкаўта ў краіне. Пры гэтым венесуэльскі міністр сувязі заклікаў насельніцтва эканомна расходаваць электраэнэргію і прызнаў, што ў шэрагу населеных пунктаў па-ранейшаму існуюць праблемы праз выбухі трансфарматараў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках