У Вільні стварылі Беларускі грамадскі камітэт памяці паўстанцаў 1863 года
3- 29.03.2019, 20:33
- 14,670
У Нацыянальным музеі Літвы адбылася публічная дыскусія.
У Нацыянальным музеі Літвы ў Вільні адбылася адкрытая публічная дыскусія што да ўдзелу Беларусі і беларусаў ва ўрачыстасцях перапахавання астанкаў паўстанцаў, знойдзеных на Замкавай гары ў Вільні ў выніку археалагічных раскопак 2016-2018 гг. Дыскусія прайшла 23 сакавіка, паведамляе «Белсат».
У дыскусіі ўзялі ўдзел літоўскія археолагі і гісторыкі Гіціс Грыжас, Валдас Сцепанайціс, Жыгінтас Бучыс і Альвідас Нікжэнтайціс, які з’яўляецца сябрам Дзяржаўнай камісіі Літвы, створанай адмыслова ў звязку са знаходкамі на Замкавай гары (гары Гедзіміна).
З беларускага боку ў дыскусіі ўдзельнічалі гісторыкі Аляксандр Смалянчук, Язэп Янушкевіч, Васіль Герасімчык, Аляксандр Адамковіч і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.
Найбольшую ўвагу прысутных выклікала інфармацыя літоўскіх калегаў пра ідэнтыфікацыю парэшткаў кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага (1838-1864). Альвідас Нікжэнтайціс паведаміў пра адсутнасць цікавасці беларускіх дыпламатычных службаў у Літве да дзейнасці згаданай Дзяржаўнай камісіі.
Паводле вынікаў дыскусіі была прынятая пастанова пра стварэнне Беларускага грамадскага камітэту памяці паўстанцаў 1863-1864гг. з прадстаўнікоў беларускіх грамадскіх і культурніцкіх арганізацыяў. У склад працоўнай групы, якая будзе весці перамовы з Дзяржаўнай камісіяй Літвы ды іншымі ўстановамі адказнымі за перапахаванне і ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863-1864 гг., увайшлі супрацоўнік Цэнтру беларускіх студыяў Варшаўскага ўніверсітэту, прафесар Інстытуту славістыкі ПАН доктар гістарычных навук Аляксандр Смалянчук (старшыня), старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве доктар гуманітарных навук Аляксандр Адамковіч і кіраўнік ініцыятывы «Беларуская Нацыянальная Памяць» Анатоль Міхнавец.
Усе каго цікавіць праблематыка беларускай гістарычнай памяці можа далучацца да працы Беларускага грамадскага камітэту памяці паўстанцаў 1863-1864 гг.
Кантакты: Анатоль Міхнавец, anatol@michnaviec.org