23 красавiка 2024, aўторак, 14:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторыя забытая і на Усходзе, і на Захадзе

Гісторыя забытая і на Усходзе, і на Захадзе

З двух мільёнаў загінулых жыхароў Беларусі 800 тысяч былі габрэямі.

«У памежным беларускім горадзе Берасці рабочыя знайшлі парэшткі амаль тысячы забітых габрэяў, што пралівае святло на частку гісторыі, на розныя прычыны забытай на Усходзе і Захадзе», - піша швайцарскае выданне Neue Zürcher Zeitung (пераклад - inopressa.ru).

Як адзначае аўтар артыкула Іва Мійнсен, работы ў будаўніцтве жылога комплексу класа люкс у Берасці, дзе ў сярэдзіне студзеня былі знойдзеныя першыя парэшткі, былі спыненыя толькі тады, калі інфармацыя аб масавым пахаванні з'явілася ў газетах і сацсетках. За паўтара месяца спецыялісты знайшлі парэшткі амаль 800 чалавек з агнястрэльнымі раненнямі. Парэшткі сотняў іншых людзей, магчыма, ляжаць у зямлі ля былога берасцейскага гета, гаворыцца ў артыкуле.

«Той факт, што ніводная іншая краіна не страціла ў працэнтных суадносінах большай часткі свайго насельніцтва ў Другой сусветнай вайне, чым былая савецкая рэспубліка паміж Польшчай і Расеяй, на Захадзе амаль невядомы, - паказвае журналіст. – На падставе сціплых падлікаў, у перыяд з 1941 д 1944 ахвярамі жорсткай фашысцкай акупацыі сталі, як мінімум, два з тагачасных дзевяці мільёнаў беларусаў. З іх блізу 800 тысяч былі габрэямі, пра што ў Беларусі зноў жа наўрад ці хто ведае. Савецкі пасляваенны пераказ гісторыі ўпарта адмаўляў ім у асаблівым статусе ахвяраў; для Савецкага Саюза «Вялікая Айчынная вайна» была калектыўнай, гераічнай ахвярнасцю, і 27 млн загінулых не павінны былі падзяляць этнічныя адрозненні. Гэта асабліва тычылася габрэяў, бо пасля стварэння дзяржавы Ізраіль у 1948 годзе схільны да паранойі дыктатар Іосіф Сталін перажываў за лаяльнасць гэтай меншасці».

Са слоў 72-гадовага гісторыка Ігара Наймушына, у школьныя гады ён не вывучаў Халакост. З ягонай ацэнкі, у Берасці да пачатку вайны пражывала амаль 30 тысяч габрэяў ці нават больш. Тое, што пра загінулых падчас акупацыі габрэяў сёння не ўспамінае ніхто, здзіўляе гісторыка гэтак жа мала, як і нечаканае выяўленне масавага пахавання. «Нямецкая вайна супраць цывільнага насельніцтва Беларусі, пераслед меркаваных і сапраўдных калабарацыяністаў пераможным савецкім войскам і скіраванне Польшчы на Захад пасля 1945 году прывялі да амаль поўнага абмену насельніцтвам ва ўсім рэгіёне.

«Проста-проста нікога не засталося, хто ўспамінаў бы пра вайну», - мяркуе Наймушын».

«Тыя, хто ўспамінаў, пасля перажытага гвалту былі мала зацікаўленыя ў тым, каб прыцягваць грамадскую ўвагу да спрэчных тэмаў», - адзначае выданне.

Савецкая легенда пра герояў захавалася і пры Лукашэнку: «У адкрытым у 2014 годзе пампезным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Менску толькі адна зала з дзесяці прысвечаная тэме акупацыі. Там згадваецца і Халакост. Прыярытэт аддаецца вайсковым перамогам і жорсткаму супраціву партызан».

«У Берасці - гэта пацвердзілі некалькі суразмоўцаў - большай частцы гарадскога насельніцтва таксама мала цікавае выяўленае нядаўна масавае пахаванне», - паказвае Мійнсен. Праўда, сярод іншага, блізу 1 тысячы жыхароў падпісалі тут петыцыю з патрабаваннем спыніць будаўніцтва і стварыць на тэрыторыі мемарыяльны комплекс, аднак, са слоў добра інфармаванага мясцовага назіральніка, гэты праект мала рэалістычны: «Зямля ў цэнтры горада занадта дарагая для таго, каб будаваць тут парк, кажа ён. З ягоных слоў, і будаўнічая кампанія, і гарадская адміністрацыя як уласніца зямлі, маюць свае фінансавыя інтарэсы ў гэтай справе. (...) Праціўнікі праекта паказваюць на тое, што перад пачаткам будаўніцтва грунт павінен быў быць абследаваны, і мяркуюць, што мелі месца хабары».

Аднак, гарадскія ўлады дамовіліся з габрэйскай суполкай пра перанос парэшткаў і іх пахаванне на адных з могілак. «Пры існых абставінах гэта, імаверна, найлепшы кампраміс, на які можа спадзявацца габрэйская абшчына», - рэзюмуе Мійнсен.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках