18 красавiка 2024, Чацвер, 6:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У МЗС Украіны адказалі на словы Лукашэнкі пра Крым

41
У МЗС Украіны адказалі на словы Лукашэнкі пра Крым
ФОТА: ISTOCK/GLOBAL IMAGES UKRAINE

Антыўкраінскі выпад дыктатара не застаўся па-за ўвагай.

У Міністэрстве замежных спраў Украіны пракаментавалі словы Лукашэнкі пра тое, што ў 2014 годзе, падчас анэксіі Расеяй Крыма, «не загінула ніводнага ўкраінца».

Як паведамілі ў прэс-службе МЗС Украіны на запыт «Крыма.Реалий», міністэрства прадаўжае нагадваць міжнароднай супольнасці пра ахвяраў у 2014 годзе.

«Актыўна выкарыстоўваюцца і магчымасці міжнародных судовых інстанцый для прыцягнення Расеі да адказнасці за парушэнне міжнароднага права. МЗС на рэгулярнай аснове даносіць да міжнародных партнёраў інфармацыю пра ахвяраў расейскай агрэсіі, у дакладнасці аб загінулых падчас падзеяў вясны 2014 года ў Крыме», - гаворыцца ў дакуменце.

Пытанне вызвалення палітвязняў і спынення парушэння правоў чалавека ў Крыме, запэўніваюць у прэс-службе, «з'яўляецца адным з цэнтральных у парадку дня ключавых міжнародных арганізацый і ў дачыненнях Украіны з замежнымі партнёрамі, у тым ліку з беларускім бокам».

1 сакавіка падчас прэс-канферэнцыі Лукашэнка заявіў, што за Крым не загінула «ніводнага» ўкраінца.

«Ужо ў першы год я быў на інаўгурацыі Парашэнкі, гарачыня была, мяне атачылі ўкраінскія і іншыя журналісты і пачалі пытацца ў мяне, чый Крым. А я спытаў: колькі ўкраінцаў загінула пры абароне Крыма? Ніводнага. А колькі прагучала стрэлаў? Маўчанне. Ніводнага», - cказаў Лукашэнка.

Таксама Лукашэнка заявіў, што не абмяркоўваў з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным прызнанне Крыма «расейскім».

3 сакавіка 2014 года крымчука Рашата Аметава выкралі, пасля таго, як ён выйшаў з адзінкавым пратэстам супраць так званага «рэфэрэндуму» да будынка крымскага ўрада. 15 сакавіка цела Аметава са слядамі катаванняў было знойдзенае ў лесе Белагорскага раёна Крыма. Пахаванне актывіста прайшло 18 сакавіка 2014 года на гарадскіх могілках Сімферопаля «Абдал».

Прапаршчык Сяргей Какурын, начальнік склада 13-га фотаграметрычнага цэнтра Галоўнай управы аператыўнага забеспячэння Узброеных Сіл Украіны ў Сімферопалі, уважаецца за першага ўкраінскага вайскоўца, якія загінулі падчас анэксіі Крыма. 18 сакавіка 2014 года, падчас штурму расейскімі вайскоўцамі фотаграметрычнага цэнтра, Какурын, які знаходзіўся на назіральнай вышцы аўтапарка часткі, загінуў ад стрэлу снайпера з наўпроставым пападаннем у сэрца.

У ноч з 6 на 7 красавіка 2014 года ў Крыме расейскі вайсковец Яўген Зайцаў застрэліў украінскага афіцэра Станіслава Карачэўскага, які не здрадзіў прысязе на вернасць народу Украіны. Трагедыя адбылася ў калідоры на пятым паверсе інтэрната №3 у пгт. Новафёдараўкі Сакскага раёна. Загінулы афіцэр праходзіў службу ў адной з вайсковых частак ВМС ВС Украіны і рыхтаваўся да выезду на мацярык.

Міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анэксію Крыма незаконнымі і асудзілі дзеянні Расеі. Краіны Захаду ўвялі шэраг эканамічных санкцый. Расея адмаўляе акупацыю паўвострава і называе гэта «аднаўленнем гістарычнай справядлівасці». Вярхоўная Рада Украіны афіцыйна абвясціла датай пачатку часовай акупацыі Крыма і Севастопаля Расеі 20 лютага 2014 года.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках