20 красавiка 2024, Субота, 4:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Белаколас: Украінцы хочуць перамен на палітычным Алімпе

Алег Белаколас: Украінцы хочуць перамен на палітычным Алімпе
АЛЕГ БЕЛАКОЛАС
ФОТА: УКРІНФОРМ

Магчымасці Зяленскага ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў павялічваюцца.

ЦВК Украіны апрацаваў ужо больш за 78% бюлетэняў на выбарах прэзідэнта краіны.

Паводле іх вынікаў афіцыйна прызначаны другі тур, у які выходзяць дзейны прэзідэнт Пятро Парашэнка (16,06%) і шоўмэн Уладзімір Зяленскі (30,41%).

Вынікі першага тура галасавання для сайта Charter97.org каментуе экспэрт у пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі ўкраінскага аналітычнага цэнтра «Майдан замежных спраў» Алег Белаколас:

- Я абсалютна згодны з тымі ацэнкамі, якія ўжо даюць некаторыя СМІ і экспэрты, з нагоды таго, чаму Уладзімір Зяленскі набірае такую колькасць галасоў.

Па-першае, гэта звязана з тым, што ён уважаецца за чалавека новага, якія не ўваходзяць ва ўкраінскі палітычны істэблішмэнт, якому ў першым туры выбараў быў выказаны сур'ёзны недавер.

Па-другое, галасаванне стала ацэнкай невыканання ўкраінскай уладай вельмі многіх важных абяцанняў. У першую чаргу гэта праваленая барацьба з карупцыяй і істотнае зніжэнне ўзроўню жыцця ўкраінцаў, якое многіх штурхае на эміграцыю.

У той сістэме каардынат, якую цяпер уяўляе Пятро Парашэнка, многія ўкраінцы не бачаць перспектыў для развіцця краіны. Таму заканамерна тое, што ў першым туры ён не набраў нават палову ад той колькасці галасоў, што былі аддадзеныя за Зяленскага.

- Парашэнка апярэдзіў Зяленскага ў трох заходніх абласцях Украіны (Львоўскай, Цярнопальскай і Івана-Франкоўскай), у той час як альтэрнатыўны цяперашняму прэзідэнту кандыдат значна абганяе яго ў цэнтры і на ўсходзе Украіны. У гэтым ёсць нейкая заканамернасць?

- Заходнюю Украіну нездарма называюць нашым П'емонтам. Гэта людзі якія стаяць на пэўных прынцыпах і каштоўнасцях. Іх галасы за Парашэнку, я думаю, былі вынікам узмоцненай патрыятычнай прапаганды, разгорнутай апошнім часам штабам дзейнага прэзідэнта. Ягоныя паліттэхнолагі выбудоўвалі кампанію на тэзе аб тым, што «галоўны праціўнік Парашэнкі – гэта Пуцін».

У выніку была паднятая досыць магутная патрыятычная хваля, якая спрацавала ў трох заходніх абласцях. Але пры ўсіх ментальных асаблівасцях заходнеўкраінскага электарату, я б не рабіў з гэтых лічбаў нейкіх далёка ідучых высноў аб «падзеле Украіны». Ёсць вельмі розныя звесткі і аб узброеных сілах і па тым, як галасавалі прадстаўнікі дзяржапарату.

Размеркаванне галасоў па абласцях - гэта не той момант, на якім сёння трэба завастраць увагу. Галоўныя высновы першага тура - гэта, перш за ўсё, недавер украінцаў да старых палітыкаў і жаданне змяненняў у краіне. Варта ўлічваць, што на ўчасткі прыйшло шмат моладзі, незадаволенай тым, што вось ужо больш за 25 гадоў адны і тыя ж асобы круцяцца на ўкраінскім палітычным Алімпе.

- Як вы ацэньваеце шанцы кандыдатаў у другім туры? За кошт каго будуць дабіраць галасы Зяленскі і Парашэнка?

- Я нават не ўяўляю, дзе дзейны прэзідэнт зможа ўзяць электаральны рэсурс для другога тура. Усе кандыдаты першага тура: і Цімашэнка, і Грыцэнка, і Смяшко – шмат у чым будавалі сваю палітычную кампанію на рэзка крытычнай ацэнцы дзейнасці Пятра Парашэнкі. Калі сярод іх электарату і знойдуцца сімпатыкі Парашэнкі, то іх будзе вельмі няшмат. У асноўным прыхільнікі іншых кандыдатаў у другім туры ўстрымаюцца ад галасавання, альбо значная частка іх прагаласуе хутчэй за Зяленскага, чым за Парашэнку.

- Гэта значыць, можна сказаць, што электарат астатніх кандыдатаў большай часткай пойдзе ў актыў Зяленскага?

- Так, я схільны так меркаваць. Тыя, хто галасаваў за Цімашэнку, Смяшко або Грыцэнку - гэта людзі, што падтрымалі кандыдатаў, якія ў многіх пытаннях вельмі рэзка ацэньваюць дзейнага прэзідэнта Украіны.

У Зяленскага ёсць вялікія магчымасці для таго, каб выбудаваць сваю кампанію ў другім туры выбараў. Яму не трэба рабіць нейкіх рэзкіх рухаў.

Ён ужо пацвердзіў праз людзей у сваім найбліжэйшым асяроддзі, што праўкраінская, пранатаўская і праеўрапейская палітыка будзе захаваная. Таксама Зяленскі супакоіў Захад тым, што будзе паважаць Менскія пагадненні. Выразна прагучала ягонае выказванне для заходніх СМІ аб тым, што ён хоча бачыць моцную дэмакратычную Украіну без карупцыі.

Гэта не можа не спадабацца заходнім сябрам і партнёрам Украіны.

- Якія галоўныя змены ў замежнай палітыцы Украіны могуць адбыцца, калі Зяленскі стане прэзідэнтам?

- Я б пакуль не рабіў такіх прагнозаў. Адзінае, што магу сказаць: я не чакаю ад яго нейкіх рэзкіх крокаў. Зяленскі - пачатковец у замежнай палітыцы. І хутчэй за ўсё, ён вытрымае пэўную паўзу і правядзе кансультацыі з прадстаўнікамі замежнай дыпламатыі.

Калі супраць яго не будзе зроблена нейкіх правакацый, я б не чакаў з яго боку нейкіх значных ініцыятыў аж да парламенцкіх выбараў. Хутчэй за ўсё, лета будзе выкарыстанае для фармавання каманды.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках