20 красавiка 2024, Субота, 15:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму патанула выхавальніца садка, у якім загадчыцу затрымалі за хабар?

8
Чаму патанула выхавальніца садка, у якім загадчыцу затрымалі за хабар?
ФОТА: SVABODA.ORG

У яе засталася 17-гадовая дачка і муж.

8 красавіка ў рацэ Сож у Крычаве патанула 41-гадовая жанчына. Яна працавала ў дзіцячым садку, загадчыцу якога нядаўна затрымалі за хабар. Са слоў некалькіх крыніц, нябожчыца пакінула перадсмяротную цыдулку. На беразе знайшлі рэчы ейнай 78-гадовай маці, аднак цела шукаюць дагэтуль.

«Паводле факту смерці ідзе праверка», - сказала «Радыё Свабода» прадстаўніца ўправы Следчага камітэта Магілёўскай вобласці Анастасія Лаўрыновіч. Калегі жанчыны мяркуюць, што гэта было самагубства.

«Яна была ў такім стане, што зямлі пад нагамі не адчувала»

У Крычаве нябожчыцу Н. успамінаюць як ціхую і рахманую.

«Заўсёды спакойная, ні на каго голасу ніколі не падвысіць. Дома ў яе было чыста, кветкі, клумбы прыбраныя. Усё ў горадзе ў шоку, што яна магла ўчыніць самагубства»

Маці Н. усё жыццё працавала ў падатковай і выхоўвала дачку ў строгасці, кажуць знаёмыя.

«Калі мы ў 11-м класе адзявалі кароткія спадніцы, Н. хадзіла ў школьнай форме па калена і каснікі вязала, - успамінаюць аднакласнікі. - Была шэрай мышкай і не вылучалася».

Многіх у Крычаве ўражвала надзвычай моцная сувязь паміж памерлай і яе маці.

«Яны часта хадзілі за руку. 78-гадовая маці сустракала 41-гадовую дачку з працы і праводзіла яе туды. Магчыма, баялася за яе душэўны стан».

Маці з дачкой жылі на адной вуліцы каля ракі Сож. «Каб быць бліжэй да маці, Н. набыла дом побач, на адной вуліцы з ёй».

«Біць трывогу маці Н. пачала раніцай 8 красавіка, - кажа знаёмая памерлай. - Патэлефанавала ў садок, прыбегла да яе дадому, а там знайшла перадсмяротную цыдулку. У цыдулцы Н. прасіла нікога не вінаваціць. Тэкст дакладна не ясны, але сутнасць была ў тым, што жанчына пайшла на раку нешта з сабой зрабіць».

Каментаваць змест цыдулкі ў Следчым камітэце адмовіліся.

Суседзі памерлай мяркуюць, што маці пабегла на раку ратаваць дачку.

«Яна была ў такім стане, што зямлі пад нагамі не адчувала», - кажа знаёмая. З таго моманту маці памерлай больш ніхто не бачыў.

«Усё нагадвае няшчасны выпадак. Магчыма, яна шукала ў рацэ цела дачкі і патанула сама. Цяпер паводка і Сож вельмі разлілася. Імклівае плынь, халодная вада. За хвілін 10 у вадзе можна акалець», - кажуць у Крычаве.

Маці Н. жыла разам з паралізаваным пасля інсульту мужам. Пасля трагедыі яго няма каму даглядаць. З інфармацыі знаёмых, мужчыну ў крытычным стане ўчора адвезлі ў лякарню.

У памерлай засталіся 17-гадовая дачка і муж. Каментаваць трагедыю яны адмовіліся.

«Увесь горад абвінавачвае Пастухову ў смерці гэтай жанчыны»

Н. працавала дэфектолагам у Крычаўскім дзіцячым садку №19. Гэта той самы сад, дзе 26 сакавіка затрымалі 62-гадовую загадчыцу Алу Пастухову. Дашкольную ўстанову называлі «перадавой». Яна неаднаразова станавілася пераможцам раённых спаборніцтваў, апошні раз - у 2018 годзе.

«Садок быў на добрым рахунку. Займаў прызавыя месцы сярод устаноў дашкольнай адукацыі. Быў, застаецца і застанецца. У большай ступені гэта заслуга ўсяго калектыву», - сказаў начальнік аддзела адукацыі Крычаўскага райвыканкама Мікалай Капаеў.

«Справа патанулай не звязаная з крымінальнай справай, якую распачалі ў дачыненні да яе былой начальніцы», - сказалі ва ўправе Следчага камітэта Магілёўскай вобласці.

Аднак калегі звязваюць смерць жанчыны менавіта з нядаўнім затрыманнем загадчыцы.

«Увесь горад абвінавачвае Пастухову ў смерці гэтай жанчыны. Загадчыцы яна панічна баялася», - сказала былая супрацоўніца дзіцячага садка.

Пасля затрымання Пастуховай следчыя размаўлялі з калектывам дзіцячага саду. Работнікі раённага аддзела адукацыі папярэдзілі: усіх супрацоўнікаў садку чакае праверка ў сувязі з гэтымі справамі.

«Н. прыняла гэта блізка да сэрца. Казала, што нейкія паперы ў яе не ў парадку. Такая панікёрка! Магчыма, баялася агалоскі і ёй было сорамна перад роднымі», - кажуць яе знаёмыя.

Калі іншыя калегі Пастуховай у размовах са следчымі давалі выкрывальныя сведчанні супраць загадчыцы, Н. нібыта яе выгароджвала. Пасля шкадавала, бо, кажуць знаёмыя, нібыта баялася вочнай стаўкі.

Паводле папярэдніх звестак, Пастухова незаконна завалодала 6 тысячамі даляраў - нібыта выплачвала сваім падначаленым прэміі, якія потым забірала і выкарыстала па-свойму.

Партрэт Алы Пастуховай быў на раённай дошцы гонару. Яна мела Ганаровую грамату Магілёўскага аблвыканкама, нязменна старшынствавала ва ўчастковых выбарчых камісіях.

«Аблашчаная ўладай, яна ўмела сябе добра паднесці. Страх зусім страціла. Усюды пераможца, граматы, першыя месцы. Старшыня выбарчых камісій, патрэбныя адсоткі. Дзякуючы гэтаму ёй усё сыходзіла з рук», - кажа жыхар Крычава, які быў знаёмы з Пастуховай.

Муж Пастуховай - настаўнік спеваў. Яе дарослая дачка жыве ў Магілёве. Як кажуць у Крычаве, жыла Пастухова нябедна, набыла кватэру, аўто, дом, кватэру дачцэ.

Знаёмы Пастуховай кажа, што пасля арышту ніхто ў горадзе ёй не спачувае.

«Брала ўсім, толькі, можа, шчанюкамі не брала. Ніякага жалю да яе ў людзей няма. Наадварот - як быццам так і трэба», - кажа ён.

Пошукі 78-гадовай маці трываюць. Пахаванне загінулай Н. прызначанае на 11 красавіка.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках