19 красавiка 2024, Пятніца, 9:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторыя «магілёўскага цунамі»

5
Гісторыя «магілёўскага цунамі»
ФОТА: АЛЕГ ДАВІД ЛІСОЎСКІ

У Магілёве адбылася першая экскурсія па месцах найбуйнейшага ў краіне «цунамі».

Сапраўдная тэхнагенная катастрофа адбылася на рацэ Дубравенцы 77 гадоў таму – 10 красавіка 1942 года. Экскурсію па слядах магілёўскага патопу правёў дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў. Разам з ім на пытанні магілёўцаў адказваў краязнаўца Аляксандр Капенкін, паведамляе «Белсат».

Экскурсія прайшла ў пойме ракі Дубравенкі ў самым цэнтры горада. Катастрофа адбылася каля высокага насыпу, зверху якога пракладзеная чыгунка, а ўнізе – труба для ракі.

ЯК ВЫГЛЯДАЎ НАСЫП У 1942 ГОДЗЕ. ФОТА З КАЛЕКЦЫІ АЛЕГА ДАВІДА ЛІСОЎСКАГА

Перадумовы патопу

У ліпені 1941 г. падчас абароны Магілёва насып пашкодзілі, трубу заваліла зямлёй. Прапускная магчымасць трубы знізілася, і вада стала назапашвацца. Катастрофа нагняталася 9 месяцаў, і за гэты час ніхто яе не прадухіліў.

ПАСЛУХАЦЬ ПРА ВЯЛІКІ ПАТОП НА ДУБРАВЕНЦЫ САБРАЛАСЯ ШМАТ НАРОДУ. У ЭКСКУРСІІ ЁСЦЬ ВЯЛІКІ ПАТЭНЦЫЯЛ

Восенню 1941 года Магілёў знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У горадзе адначасова існавалі як нямецкія, так і савецкія органы кіравання. Час ад часу з абодвух бакоў рабіліся малапаспяховыя спробы расчысціць трубу.

Дзень катастрофы 10 красавіка

У красавіку 1942 года праблемай даручылі займацца нямецкім спецыялістам-сапёрам. Яны прасвідравалі тры адтуліны ў насыпе, каб хоць крыху спусціць ваду, але гэтага не хапіла, вада сыходзіла павольна.

НА ФАТАГРАФІЯХ, ЗРОБЛЕНЫХ НЕМЦАМІ, ДОБРА БАЧНЫ МАШТАБ ТРАГЕДЫІ

10 красавіка сапёры зрабілі невялікі выбух, каб зняць верхнюю частку насыпу. І менавіта гэты выбух і прывёў да трагедыі. Самі спецыялісты сталі першымі ахвярамі патопу. Вада хлынула ўніз у пойму ракі і знесла ўсё на сваім шляху: дамы, дрэвы, людзей. Першы вал вады дасягаў 10–15 метраў. Стыхія шалела блізу 20 хвілінаў. Калі вада сышла, уся пойма ракі апынулася засыпаная пяском.

Каб зрабіць наступствы патопу больш навочнымі, арганізатары экскурсіі дэманстравалі старыя фатаграфіі, зробленыя нямецкімі салдатамі. Гэтыя фатаграфіі выкупіў на інтэрнэт-аўкцыёнах нараджэнец Магілёва калекцыянер Алег Давід Лісоўскі.

КРАЯЗНАЎЦА АЛЯКСАНДР КАПЕНКІН (У ЦЭНТРЫ) ДЭМАНСТРУЕ ФАТАГРАФІІ 1942 ГОДА
ЗА 77 ГАДОЎ ДУБРАВЕНКА МОЦНА ЗМЯНІЛАСЯ

Успаміны сведкаў

На экскурсію прыйшла Сафія Струнчанка, якой падчас патопу было 4 гады.

«Дрэвы плылі, дамы плылі, каровы плылі. Людзі пайшлі ў лазню, і яе таксама знесла. Гэта было вельмі страшна, людзі крычаць, але дапамагчы ім ніяк нельга. Як ты пойдзеш, калі такі патоп? Калі ўсё сціхла, на берагах чаго толькі не было, і швейныя машынкі, і мэбля – усё павыносіла з разбураных дамоў. Хтосьці браў гэта, хтосьці не браў», – кажа Сафія Струнчанка.

Відавочцы ўспамінаюць, што хваляй знесла і Быхаўскі рынак, а гэта быў кірмашовы дзень... Жыхароў Магілёва папярэджвалі пра магчымыя наступствы. Праз радыё, у газетах распаўсюджвалася інфармацыя пра небяспеку. Літаральна перад самым патопам па Дубровенцы хадзілі немцы і прасілі людзей пакінуць гэтыя месцы. Але людзі да апошняга не верылі.

ЭКСКУРСІЯ ПА ДУБРАВЕНЦЫ ПРАЙШЛА Ў ГАДАВІНУ ПАТОПУ – 10 КРАСАВІКА
ДЛЯ МАГІЛЁЎЦАЎ ГІСТОРЫЯ ПРА ЦУНАМІ – НАВІНКА. МЯРКУЕЦЦА, ШТО ТЭМА ДОЎГІ ЧАС ЗАМОЎЧВАЛАСЯ
ФОТАЗДЫМКІ, ЗРОБЛЕНЫЯ НЯМЕЦКІМ САЛДАТАМ. ІХ ВЫКУПІЎ КАЛЕКЦЫЯНЕР АЛЕГ ДАВІД ЛІСОЎСКІ

Дапамога пацярпелым

Ёсць версія, што магілёўскае «цунамі» 10 красавіка 1942 года забрала жыцці дзвюх тысячаў людзей, але гісторыкі мяркуюць, што ахвяраў цунамі магло быць у разы больш.

Паводле некаторых звестак, частка людзей змагла атрымаць кампенсацыю ад нямецкіх акупантаў у выглядзе матэрыяльнай дапамогі. Яна дасталася тым, чые дамы былі застрахаваныя. Сёння месца катастрофы ніяк не адзначанае. Экскурсія па месцах патопу прайшла першы раз дзякуючы «Фэсту экскурсаводаў».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках