25 красавiка 2024, Чацвер, 17:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскі бізнэсовец: На 25-м годзе кіравання пасля ўсіх «дурніцаў» Лукашэнку хочацца «маладзіцу»

11
Літоўскі бізнэсовец: На 25-м годзе кіравання пасля ўсіх «дурніцаў» Лукашэнку хочацца «маладзіцу»

З савецкіх часоў у сельскай гаспадарцы Беларусі нічога не памянялася.

Дырэктар у развіцці літоўскай кампаніі «Адрыус» Іван Рак пракаментаваў патрабаванне Лукашэнкі на адрас кіраўнікоў сельгасарганізацый – спадзявацца на ўласныя сілы, паведамляе «Салiдарнасць».

– Усё, дурніца павінна быць скончаная, – папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Бізнэсмэн Іван Рак правёў паралель:

– Як бывае ў мужыкоў: яму падабаецца шмат жанчынаў, ён у пошуку. А потым, калі ён шмат чаго ў жыцці паспытаў, кажа: «Ды ўсё гэта былі дурніцы, а цяпер хачу шляхцянку, сапраўднае каханне, прыгажуню».

Так і тут, атрымліваецца, што за 24 гады свайго кіравання Лукашэнка зразумеў, што калгасы, якія фінансаваліся за дзяржаўны бюджэт, яны ў прынцыпе выконвалі ролю не шляхцянкі, а дурніцы, якая збіралася трапіць на баль, каб паказаць свае вынікі – за чужы кошт. Цяпер атрымліваецца, што пасля ўсіх гэтых дурніцаў... яму хочацца маладзіцу.

Падчас паездкі ў Лагойскі раён Лукашэнка выказаў жаданне паглядзець, як працуюць падшэфныя гаспадаркі і прапанаваў «некага яшчэ дагрузіць дадаткова калгасамі, саўгасамі». Напрыклад, МТЗ або «Беларуснафту».

Літоўскі бізнэсмэн мяркуе, што ў выніку гэтага эксперыменту гаспадаркі не стануць паспяховымі. Ён згадвае, як у пачатку 90-х народ масава займаўся самагонаварэннем. Узнікла праблема набыць муку.

– У крамах райпа была зробленая такая схема: хочаш набыць муку або дрожджы, якія таксама тады былі дэфіцытам, – набудзь гнілы селядзец ці рыбу, – апавядае Іван Рак. – І вось шчаслівы чалавек, які набыў два мяхі шпалернай мукі або дрожджы, браў гнілога селядца і мінтай – і выкідваў. Так будзе і з калгасамі. Іх даюць у нагрузку. Чалавек, які ведае, што хоча ад Лукашэнкі атрымаць прэферэнцыі, атрымае гэтыя грошы, а калгас проста выплюне. Грошы раздзярбаняць – некуды накіруюць, а выніку не будзе.

І прывёў у прыклад яшчэ адну гісторыю.

– У Менску быў вядомы бізнэсмэн Шыцік, які потым узяў прозвішча Данькоў. У яго быў гульнявы холдынг. Падзенне Данькова пачалося з таго, што яму ў нагрузку далі калгас і сказалі: «Юра, вось ты ім будзеш займацца». Пасля гэтага ягоны бізнэс пачаў трашчаць на швах. Усё скончылася рэйдарскім захопам ягоных актываў.

– Ці ёсць у Літве нарады пра калгасы-гной-каровы-надой?

– У Літве сёння магутнае агралобі. Ёсць аграрная партыя, якая прасоўвае інтарэсы літоўскіх фермераў. У Літве сёння шмат ахвотных заняцца земляробствам, жывёлагадоўляй, вытворчасцю малака і інш. Пытанне толькі ў тым, што Еўразвяз перашкаджае квотамі.

Паводле словаў Івана Рака, сёлета заканчваецца бюджэтаванне ЕЗ, і цяпер літоўскія фермеры думаюць, як вырабляць больш прадукцыі.

Ён падкрэслівае, што ні прэм'ер, ні прэзідэнт не звяртаюць увагі на сельскую гаспадарку:

– Ёсць Міністэрства сельскай гаспадаркі, якое гэтым займаецца. Ёсць еўрапейскія фонды, якія падтрымліваюць фермераў. Ёсць спецыяльныя гранты, якія датуюць вытворчасць экалагічна чыстай прадукцыі.

...Лукашэнка мяркуе, што ўсё ведае ў сельскай гаспадарцы. Арціменя, Бядуля, Старавойтаў – хіба за ўсе гады кіравання ён хоць раз з імі пагутарыў?

Закрануў Іван Рак і скандальную гісторыю са шклоўскімі каровамі. Пасля ваяжу ў гаспадарку аграхолдынгу «Купалаўская» ён пагутарыў з жыхарамі некаторых раёнаў Беларусі.

– Сельскія жыхары, якім 50–60 гадоў, кажуць: «Чаму каровы худыя, брудныя і абгаджаныя? Таму што кралі людзі і будуць далей красці, не маючы годнага заробку. Каровы будуць недаатрымліваць сухое малако, камбікорм, салому і г.д.».

Псіхалагічна беларусы звыкліся: калі ім недаплачваюць, яны нясуць дадому. Людзі сталі несунамі.

З савецкіх часоў, мяркуе Іван Рак, у сельскай гаспадарцы Беларусі нічога не памянялася, таму што існуе адчужэнне грамадзянаў ад уласнасці на зямлю і сродкаў вытворчасці.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках