19 красавiка 2024, Пятніца, 1:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перакупнікі пачалі шукаць ільготнікаў, якія прыгоняць аўто з паніжаным размытненнем

12
Перакупнікі пачалі шукаць ільготнікаў, якія прыгоняць аўто з паніжаным размытненнем
ФОТА З АДКРЫТАЙ КРЫНІЦЫ

Знаходлівыя беларусы пачалі звяртацца да шматдзетных сем'яў і інвалідаў I і II групы.

Палову ад сумы плацяжоў, якія падпадаюць пад выплату пры ўвозе ў краіну легкавога аўтамабіля, будуць вяртаць інвалідам I і II групы, а таксама шматдзетным сем'ям: норма прадугледжаная ўказам № 140 «Аб кампенсацыi мытаў, падаткаў». Адразу знайшліся прадпрымальныя людзі, якія пачалі прапаноўваць ільготнай катэгорыі грамадзянаў за ўзнагароджанне прыгнаць ім машыну на льготных умовах, піша tut.by.

Нагадаем, дакумент быў апублікаваны 10 красавіка і адразу пачаў дзеянне.

«Указам прадугледжваецца кампенсацыя з рэспубліканскага бюджэту 50% мытаў, падаткаў, якія падпадаюць пад выплату пры ўвозе на тэрыторыю Беларусі аднаго легкавога аўтамабіля цягам года, асобам, якія маюць інваліднасць I альбо II групы, а таксама шматдзетным сем'ям», – гаворыцца ў паведамленні.

Тлумачыцца, што такі захад накіраваны на сацыяльную дзяржаўную падтрымку названым катэгорыям грамадзянаў, сярод якіх значная колькасць малазабяспечаных.

Дарэчы, льготы ў мытных плацяжах раней даваліся інвалідам I групы або шматдзетным бацькам пры ўвозе імі ў Беларусь тавараў для асабістых, побытавых, сямейных i iншых патрэбаў, не звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай дзейнасці.

Для таго каб скарыстацца льготай, грамадзянам даводзілася пабегаць і набрацца цярпення: пры ўвозе аўто трэба было выплаціць усе мыты, падаткі, а потым звярнуцца ў мясцовы выканкам з просьбай пра кампенсацыю ўказаных плацяжоў. Пакет дакументаў, пададзены ў выканкам, разглядаўся ў некалькіх інстанцыях і падпісваўся ў Адміністрацыі прэзідэнта.

Льгота дзейнічала з 2002 да 2011 года.

Яшчэ не ўсе грамадзяне з ільготнай катэгорыі чулі пра новы дакумент, затое хутка зарыентаваліся беларускія прадпрымальнікі: яны пачалі прапаноўваць ільготнікам за матэрыяльную ўзнагароду прыгнаць ім машыну.

– Нам учора двойчы патэлефанавалі і папрасілі набыць аўто ў Еўропе. За паслугу прапанавалі 500 даляраў, – апавяла Ганна, шматдзетная мама з Менска. – Мы адмовіліся ад прапановы: не ўвязваемся ў сумнеўныя мерапрыемствы, дый, можа, мы самі надумаем скарыстацца прывілеем і абновім сямейнае аўто.

– Указ згуляе на руку перакупнікам. Упэўнены, што машыны пад ільготу будуць гнаць дарагія, коштам ад 30 тысячаў даляраў. Таму ўзнагарода за паслугу 500 даляраў цалкам рэальная, бо прыбытак будзе значны. Думаю, цяпер яны вывучаюць, як угоду можна правесці праз дакументы, і пачнуць дзейнічаць. А льготнікаў, якія пагодзяцца набыць машыну, знойдзецца вельмі шмат, – падзяліўся меркаваннем адзін з уладальнікаў менскага аўтахауса.

Удакладнім, што тым, хто надумае зарабіць на прыгонцы машынаў для перакупнікаў, не варта забывацца, што дарагія пакупкі адсочваюцца падатковымі органамі. Так што не выключана, што пасля ўгоды падатковая можа пацікавіцца, адкуль сродкі на набыццё дарагой машыны за мяжой, і прад'явіць падатак да выплаты.

Такія ўгоды не выключаныя, бо дакументам не прадугледжаныя абмежаванні ў карыстанні і распараджэнні транспартнымі сродкамі, пры ўвозе якіх мытныя плацяжы пакрываліся ў адпаведнасці з указам.

Пакрыццё робіцца аднакратна цягам года. Пры гэтым гаворка ідзе не пра каляндарны год (з 1 студзеня да 31 снежня), а пра год, падлік якога пачынаецца з дня папярэдняга выпуску транспартнага сродку ў свабодны зварот з вяртаннем. То-бок калі машына будзе ўвезеная з вяртаннем 1 траўня 2019 года, то наступную машыну з вяртаннем можна будзе завезці праз год, пачынаючы з 2 траўня 2020 года.

У ДМК Беларусі паведамілі: для таго каб скарыстацца льготай, неабходна падаць у мытню пацвярджальныя дакументы:

пасведчанне інваліда – для інвалідаў I або II групы;

пасведчанне шматдзетнай сям'і – для бацькоў (усынавіцеля, удачарыцеля) у шматдзетнай сям'і.

Пададзеныя дакументы павінны быць сапраўдныя на момант дэкларавання аўтамабіля.

Указ № 140 прапануе два спосабы кампенсацыі:

пасведчанне інваліда або пасведчанне шматдзетнай сям'і можна паказаць непасрэдна пры ўвозе аўтамабіля. У такім выпадку плацяжы ў дачыненні да такога аўтамабіля фізасоба мае права выплаціць памерам 50% ад належных, г.зн. палову;

калі з якой-небудзь прычыны дакументы (пасведчанні) не былі пададзеныя пры дэклараванні транспартнага сродку, то іх можна падаць у мытню, што ажыццявіла выпуск аўтамабіля, цягам аднаго года з дня такога выпуску. У гэтым выпадку палова ад выплачаных плацяжоў будзе вернутая фізічнай асобе на яе заяву.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках