29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адвакат: Канавалава не было на станцыі падчас выбуху

196
Адвакат: Канавалава не было на станцыі падчас выбуху
Станіслаў Абразей

Сенсацыйная інфармацыя аб тэракце ў менскім метро.

Адвакат Станіслаў Абразей у 2011 годзе бараніў Уладзіслава Кавалёва ў справе аб тэракце ў менскім метро. Падчас працэсу ён спрабаваў давесці, што людзі на лаве падсудных невінаватыя, а Дзмітрыя Канавалава наогул не магло быць у метро ў момант выбуху. Адвакат застаецца ў гэтым упэўненым і сёння - праз восем гадоў пасля тэракту на станцыі метро «Кастрычніцкая». У эксклюзіўным інтэрв'ю «Белсату» Станіслаў Абразей упершыню распавядае пра сваю працу ў гэтай справе і дачыненнях з Уладзіславам Кавалёвым, а таксама тлумачыць, чаму не верыць у афіцыйную версію тых падзей.

- Як вы сталі адвакатам Уладзіслава Кавалёва?

— Я працаваў у Менскай гарадской калегіі адвакатаў. Да мяне звярнулася маці Кавалёва. Сказала, што ўсе абаронцы, да якіх яна звярталася, не хочуць удзельнічаць у гэтай справе, і вельмі прасіла, каб я ёй не адмовіў. Я адразу пагадзіўся і мы ўклалі дамову.

А 17.56. 11 красавіка 2011 года на платформе станцыі метро «Кастрычніцкая» выбухнула бомба. Загінулі 15 чалавек, 387 атрымалі раненні. Праз дзень паводле падазрэння ва ўчыненні тэракту былі арыштаваныя двое ўраджэнцаў Віцебска - токар Дзмітрый Канавалаў і электраманцёр Уладзіслаў Кавалёў. 30 лістапада 2011 года Вярхоўны суд прысудзіў Канавалава і Кавалёва да смяротнага пакарання. Акрамя тэракту ў метро, Канавалава прызналі вінаватым у арганізацыі выбуху на Дзень Незалежнасці ў Менску ў 2008 годзе, выбухах у Віцебску ў верасні 2005 года, а таксама ў шэрагу актаў злоснага хуліганства ў пачатку 2000-х, калі ён быў яшчэ падлеткам. У сакавіку 2012 года Канавалава і Кавалёва расстралялі.

- Наколькі я разумею, адразу пасля затрымання з Кавалёвым працаваў іншы адвакат. Ён адмовіўся далей займацца гэтай справай?

- Першы адвакат Кавалёва быў прызначаны на падставе 46-а артыкула Крымінальна-працэсуальнага кодэкса [артыкул, які рэгулюе запрашэнне або прызначэнне адваката падазраванаму – заўв. belsat.eu]. У народзе гэта называецца «бясплатны адвакат», хоць так ці інакш з абвінавачанага спаганяюцца грошы за гэтыя паслугі. Праўда, не такія вялікія, як агулам плацяць адвакатам. Нельга сказаць, што той адвакат адмовіўся. Ён не мае права адмовіцца паводле закона. Ён працаваў на першых следчых дзеяннях. Але маці з ім дамову не ўкладала. Гэта была выключна яе ініцыятыва.

- Калі вы ўпершыню ўбачылі Кавалёва?

- Дату не памятаю. Але гэта быў прыкладна 3-4 дзень пасля тэракту. На той момант Канавалаў і Кавалёў ужо далі прызнальныя паказанні. Следствам займалася Генеральная пракуратура, а знаходзіліся Канавалаў і Кавалёў у СІЗА КДБ.

Памятаю, што спачатку былі праблемы з допускам да Кавалёва мяне як абаронцы. Я патэлефанаваў следчаму, распавёў, што са мной уклалі дамову. Але ён усяляк пазбягаў сустрэчы, не адказваў на званкі. Мне ў выніку давялося перадаваць ордэр на ўдзел у крымінальнай справе праз дзяжурнага пракуратуры. Як я цяпер разумею, следчы проста хацеў правесці як мага больш следчых дзеянняў да з'яўлення новага адваката.

- Якое ўражанне пакідаў Уладзіслаў Кавалёў?

- Вельмі ўпэўнены ў сабе, аптымістычны і жыццярадасны хлопец. Захапляецца псіхалогіяй. Чытае кнігі аб самаразвіцці. Потым, калі мы з ім размаўлялі, ён і мне нейкія цікавыя рэчы падказаў у плане росту асобы - сапраўды карысныя. Напрыклад, sleeptracker - гэта такі наручны гадзіннік-будзільнік, якія рэагуюць на імпульсы цела і вызначаюць найлепшы для арганізма час абуджэння…

- Гэта значыць, вашыя размовы не абмяжоўваліся выключна справай…

— Так. Яму было цікава пагутарыць не толькі пра справу. Ён хацеў знайсці аднадумца, які б падзяляў ягоныя інтарэсы.

- А Кавалёў у СІЗА КДБ сядзеў у адзіночнай камеры?

- Наколькі я памятаю, так.

- У вас адразу склаліся такія добрыя стасункі з Уладам?

— Вядома, не. Я ў першую чаргу юрыст. Мне важна, каб кліент мне казаў праўду. Пакуль не разбяруся ў справе, я не давяраю чалавеку. Спачатку я быў напагатове, хацеў выключыць усякую фальш у нашых стасунках. З ягонага боку таксама была насцярожанасць спачатку. Гэта значыць, быў такі этап прамацвання, ці можам мы давяраць адзін аднаму.

— Калі адбыўся той пераломны момант, пасля чаго паўстаў узаемны давер?

- Гэта адбылося амаль адразу, як у нас з'явілася магчымасць пагутарыць сам-насам. Ён распавёў, як праходзілі допыты. Распавёў, што з красавіка да лістапада больш за 15 хвілін запар на дзень ім не давалі спаць. Толькі яны засыналі, праходзіла 15 хвілін, і іх прымушалі падымацца, называць імя і свой крымінальны артыкул. Было некалькі выпадкаў, калі я прыходзіў да Кавалёва, а ён быў у такім стане разгубленасці і дэзарыентацыі, што проста не мог успомніць мяне. У яго быў адкрыты рот, пашыраныя зрэнкі. Калі я пачынаў з ім гутарыць, я бачыў, што ён ніяк не рэагаваў. У гэтыя хвіліны ў СІЗА звычайна абвяшчалі каранцін і Кавалёва адводзілі, бо разумелі, што ў мяне могуць узнікнуць падазрэнні з нагоды ягонага стану. Было мінімум два такія выпадкі.

КАВАЛЁЎ І АБРАЗЕЙ У СУДЗЕ. ФОТА-REUTERS

— У вас узнікла падазрэнне, што гэта мог быць вынік уздзеяння псіхатропных рэчываў?

- Я проста не разумеў, у чым справа: яго штучна давялі да такога стану або сапраўды мае месца ўжыванне нейкіх рэчываў?

— Пра катаванні бессанню ён вам расказаў у лістападзе. Чаму толькі тады?

- Дык ім строга забаранялася распавядаць пра ўмовы ўтрымання. Ён у прынцыпе не шмат пра гэта казаў. Але даваў зразумець, што ўтрыманне за кратамі для яго - вялікае выпрабаванне.

11 КРАСАВІКА 2011 ГОДА Ў МЕНСКУ. ФОТА - © PHOTOXPRESS/ZUMAPRESS.COM

— На вашу думку, чаму Кавалёў спачатку прызнаў сваю віну? На судзе ён скардзіўся толькі на псіхалагічны ціск, аб фізічных катаваннях нічога не казаў. Якім бы не быў той псіхалагічны ціск, гаворка ўсё ж ішла аб расстрэльным артыкуле…

— Асновай усяго быў страх. Магчыма, Кавалёва запалохалі. Запалохала сама сітуацыя, той рэжым, у які ён патрапіў - усё ў сукупнасці здушыла ягоную волю да супраціву. Магчыма, ужываліся і некаторыя іншыя метады, але довадаў таму няма. Калі б Уладзіслаў не баяўся, ён распавёў бы праўду адразу.

- Калі страх сышоў і ён пачаў мяняць паказанні?

- Страх пачаў праходзіць, калі ў нас з ім з'явілася больш часу для размоў. Калі ён даверыўся мне і распавёў, як усё было насамрэч. Ён баяўся мяняць паказанні, але я яго пераканаў, што за праўду нічога не будзе. Потым у апошнім слове Кавалёў папрасіў прабачэння ў Канавалава за тое, што абгаварыў яго. Я мяркую, што гэта быў мужны ўчынак.

— Якое ў вас склалася ўражанне пра Дзмітрыя Канавалава?

— Вы хочаце спытаць, ці ўбачыў я монстра? Зыходзячы з матэрыялаў справы, я выразна разумеў, што гэта зусім іншы чалавек, чым той «крывавы тыран», якім зрабілі яго ў вачах грамадства. Вочы ў яго добрыя. Погляд не халодны. Ён быў вельмі запалоханы, бледны, падаўлены. Ён нават са сваім абаронцам стараўся не размаўляць. Я вельмі хацеў, каб на судзе ён распавёў праўду. Але ён баяўся.

КАНАВАЛАЎ І КАВАЛЁЎ Ў СУДЗЕ. ФОТА-REUTERS/VASILY FEDOSENKO

- Для вас стала нечаканасцю, што Канавалаў адмовіўся даваць паказанні ў судзе і ўвесь працэс маўчаў?

- Гэта было нечаканасцю для ўсіх. У мяне было шмат пытанняў да яго. І наўрад ці Канавалаў знайшоў бы на іх адказы, якія не супярэчылі б ягоным прызнальным паказанням.

— Вы і сёння ўпэўненыя, што Канавалаў не падрываў менскае метро?

Даведка belsat.eu: якасць запісу камер назірання ў метро не дазваляе сцвярджаць са 100-адсоткавай упэўненасцю, што на відэа сапраўды Канавалаў. У сваім заключэнні экспэрты ФСБ прыйшлі да высновы, што «ўстанавіць партрэтнае падабенства чалавека, зафіксаванага камерамі назірання 11 красавіка на станцыях метро, з Канавалавым не ўяўляецца магчымым». Спецыялісты толькі адзначалі, што асаблівасці вонкавага выгляду і адзення чалавека, які быў зафіксаваны камерамі ў менскім метро, адпавядаюць вонкаваму выгляду і адзенню, канфіскаванаму ў Канавалава. Прасцей кажучы, чалавек на відэа - вельмі падобны на Канавалава, але на 100% у гэтым нельга быць перакананым.

- Канавалава не было на станцыі падчас выбуху і быць не магло. Наколькі я памятаю, пасля тэракту сляды выбуховых рэчываў выявілі на вопратцы нават тых людзей, якія знаходзіліся ў той момант на станцыі «Купалаўская». А ў Канавалава, які знаходзіўся непасрэдна на станцыі «Кастрычніцкая», наогул нічога не было - ні на вопратцы, ні ў носе, ні ў вушных ракавінах. Ён быў абсалютна чысты. Калі б ён прысутнічаў на месцы здарэння, на ім бы засталіся сляды выбуховых рэчываў.

«ЧАЛАВЕК З ТОРБАЙ» У МЕТРО. ПАВОДЛЕ СЛЕДСТВА, НА ВІДЭА КАНАВАЛАЎ. ФОТА-REUTERS

- Калі Канавалава не было ў метро падчас выбуху, то хто тады ўчыніў тэракт?

- Я не хачу выстаўляць версіі, не маючы довадаў. Я магу толькі звярнуць увагу на некаторыя загадкавыя абставіны. Напрыклад, паводле неафіцыйнай інфармацыі, незадоўга да затрымання каля пад'езда дома на вуліцы Караля [у доме па вул. Караля, 9а Канавалаў здымаў кватэру, менавіта там адбылося затрыманне, – заўв. belsat.eu] стаяў падазроны, цалкам затанаваны мікрааўтобус - ці то без нумароў, ці то з расейскімі нумарамі. У кватэры, якую Канавалаў здымаў у Менску, былі знойдзеныя загадкавыя SIM-карты расейскага аператара «Мегафон». Я хадайнічаў у судзе аб запатрабаванні ў мабільнага аператара ўсёй інфармацыі аб SIM-карце: каму яна належыць і якія званкі ажыццяўляліся з яе. Але маё хадайніцтва адхілілі. Акрамя адвакатаў ніхто на гэтую SIM-карту наогул не звярнуў увагі, следчыя не зацікавіліся ёй. Улад Кавалёў нічога аб расейскай SIM-карце не ведаў, паняцця не меў, адкуль яна…

- Лагічна выказаць здагадку, што ўсе гэтыя дэталі сведчаць аб наяўнасці нейкай трэцяй сілы ў гэтай справе. Правільна?

- Скажам так: паколькі гэтыя дэталі не былі вывучаныя, то наяўнасць трэцяй сілы не выключаецца.

- Наяўнасць трэцяй сілы не выключаецца, у кватэры была знойдзеная расейская SIM-карта, але пры гэтым беларускі бок запрашае ў якасці экспэртаў прадстаўнікоў ФСБ Расеі. Даволі дзіўны крок. У экспэртах з Расеі сапраўды была неабходнасць?

- Я мяркую, што ў нас дастаткова тэхнічных сродкаў і спецыялістаў, каб правесці тыя экспэртызы, якія ў выніку правялі экспэрты ФСБ на тэрыторыі Беларусі. Ніякіх асаблівых метадаў расейцы не выкарыстоўвалі. Гэта значыць, можна было абысціся і без іх.

- Тое, што Уладзіславу Кавалёву вынеслі смяротны прысуд, для вас стала нечаканасцю?

- Для мяне гэта было надзвычай нечакана. Я не мог зразумець, як паводле такіх абвінавачванняў, з такой доваднай базай чалавека маглі прысудзіць да смяротнага пакарання. Гэта стала для мяне шокам.

- У вашай кар'еры гэта быў адзіны выпадак, калі вашага падабароннага прыгаворвалі да смерці?

- Так, адзіны.

- Як вы на гэта рэагавалі?

- Спачатку проста не верылася. А потым, калі маці атрымала паведамленне, што прысуд прыведзены ў выкананне, знаходзіўся ў ступары.

ПАШТОЎКА, ЯКУЮ УЛАДЗІСЛАЎ КАВАЛЁЎ ДАСЛАЎ СЯСТРЫ. ФОТА BELSAT.EU

- Як выглядала ваша апошняя сустрэча з Кавалёвым? Як ён сябе паводзіў?

- Улад бачыў, што я падаўлены, што я спачуваю яму. І таму спрабаваў нават падбадзёрыць мяне, жартаваць: маўляў, выблытаемся, усё добра будзе.

- Якія словы або дэталь у паводзінах Кавалёва за ўвесь час знаёмства вам больш за ўсё ўрэзалася ў памяць? Можа і нязначная сама па сабе, але найбольш запамінальная.

- (Задумваецца). Я памятаю, што ён заўсёды трымаў спіну роўна. Ішлі шматгадзінныя допыты: было чатыры гадзіны, перапынак, а потым зноў чатыры гадзiны. І вось ён усе восем гадзін мог сядзець з роўнай спінай. Гэта ж цяжка. Калі я яго спытаў, як гэта ў цябе атрымліваецца, ён адказаў: «Я так развіваю ў сабе сілу волі».

Напісаць каментар 196

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках