23 красавiка 2024, aўторак, 13:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі залатая ліхаманка

5
У Расеі залатая ліхаманка
ФОТА: AP

Пуцін баіцца фінансавых санкцый амерыканцаў.

«У 2018 годзе цэнтральныя банкі купілі як ніколі шмат золата. У першых шэрагах была Расея. Такія пакупкі не выпадковыя і вынікаюць з выразнай стратэгіі», - мяркуе журналіст швейцарскага выдання Neue Zürcher Zeitun (пераклад - inopressa.ru) Крысціян Штайнер.

«Толькі летась Цэнтрабанк купіў 274 тоны золата, стаўшы найбуйнейшым пакупніком гэтага каштоўнага металу. Паводле звестак Сусветнай залатой рады, на яго долю выпала 40% усіх пакупак золата, учыненых цэнтрабанкамі. (...) Купля золата - важная частка антыкрызіснай палітыкі расейскага ўрада. Такім чынам Крэмль хоча вызваліцца ад залежнасці ад даляра і абараніцца ад далейшых санкцый з боку ЗША», - паказвае аўтар артыкула.

ЗША, працягвае Штайнер, не змогуць накласці санкцыі на расейскае золата. «Рональд-Петэр Штоферле з інвестыцыйнай кампаніі Incrementum (Ліхтэнштэйн) называе золата «самай цвёрдай валютай свету», для якой характэрная мінімальная натуральная інфляцыя. Да таго ж каштоўны метал - гэта добрая абарона ад ваганняў даляра», - паведамляе выданне.

«Пяць гадоў амерыканскіх санкцый паказалі расейскаму ўраду яго ўласныя межы. У красавіку мінулага года Крамлю давялося назіраць за тым, як рашучыя санкцыі ЗША, накіраваныя супраць расейскіх кампаній, сталі прычынай заняпаду рубля і біржы. З'явіўся і страх таго, што могуць рушыць услед новыя санкцыі, у выніку якіх Расея, напрыклад, можа быць адключаная ад глабальных плацежных сістэм», - гаворыцца ў артыкуле.

«Пытанне заключаецца ў тым, ці зможа Расея яшчэ больш павялічыць закупкі золата. Цяпер Цэнтрабанк купляе золата ў асноўным у Расеі. Перавага куплі золата ў айчынных вытворцаў заключаецца ў тым, што ўся інфраструктура - ад здабычы да перапрацоўкі - знаходзіцца ў Расеі. Гэта дазваляе банку купляць золата без даляраў. У 2018 годзе купля Расеяй золата ўпершыню перавысіла мясцовую прапанову. 2019 год пакажа, ці паспрабуе банк прадоўжыць закупкі на сусветным рынку».

Аднак, адзначае выданне, Пуцін ужо сёння ганарыцца вялікімі рэзервамі Цэнтрабанка. «У фінансавых санкцыях амерыканцаў Пуцін бачыць такую ж моцную пагрозу, як і ў вайсковай сіле NATO. Да таго ж прэзідэнт хоча любым коштам перашкодзіць таму, каб Расея ў выпадку нафтавага шоку стала залежнай ад заходніх грошай. Перасцерагальны прыклад ён бачыць у Савецкім Саюзе: Міхаіл Гарбачоў страціў грошы на спекуляцыях і, калі цана нафты моцна ўпала, быў вымушаны браць на Захадзе мільярдныя крэдыты, каб фінансаваць куплю прадуктаў харчавання».

«Паводле апытанняў, рэйтынг пуцінскай палітыкі моцна падае, і насельніцтва адчувае сябе падманутым, перш за ўсё, павышэннем пенсіённага ўзросту. Для многіх расейцаў адносна ранні выхад на пенсію з'яўляецца адзіным сацыяльным механізмам у краіне, - падкрэслівае Штайнер. - На плечы насельніцтва кладуцца і новыя падаткі. (...) Чыстыя даходы насельніцтва падаюць на працягу некалькіх гадоў».

«Але пакуль у адносінах з Украінай будзе па-ранейшаму наспяваць напружанасць, а Расея будзе сварыцца з Захадам замест таго, каб супрацоўнічаць з ім, тэхнакратам з міністэрства фінансаў давядзецца быць гатовымі да ўдараў, - рэзюмуе Штайнер. - Разам з небяспекай рэзкага падзення коштаў нафты ўжо пагражаюць і новыя санкцыі амерыканцаў. У такіх умовах Крэмль загадзя рыхтуецца да магчымых ператрусаў i стварае рэзервы. Аддаючы перавагу ўстойліваму да крызісаў золату».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках