24 красавiка 2024, Серада, 16:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Да канца года плата за ацяпленне і газ павысіцца ў разы!»

10
«Да канца года плата за ацяпленне і газ павысіцца ў разы!»

База «дармаедаў» можа быць значна пашыраная.

Хатняя гаспадыня з Гомеля Марыя Тарасенка стала пятым чалавекам, у якога з пачатку года атрымалася аспрэчыць пастанову дзяржавы пра ўключэнне сваіх звестак у «базу дармаедаў».

Аднак ейная барацьба з незаконным дэкрэтам стала самай насычанай: суды розных інстанцый некалькі разоў адхілялі пазовы Марыі Тарасенкі з абскарджаннем як самога факту ўнясення ў «дармаедскія спісы», так і з патрабаваннем пакрыць маральную шкоду, нанесеную чыноўнікамі.

У выніку Марыя Тарасенка, якая атрымала нядаўна «дармаедскую жыроўку» з падвышанай у 5,5 разоў платай за гарачую ваду, не будзе плаціць дзяржаве паводле спецыяльнага тарыфу да студзеня наступнага года.

Як сама Марыя ацэньвае гэты факт і што яна мае намер рабіць далей? Сайт Charter97.org пагутарыў з гераіняй самай гучнай «дармаедскай» справы сёлета.

– Як Вы пракаментуеце тое, што Вы здолелі дамагчыся вызвалення ад выплаты камунальных плацяжоў паводле поўнага тарыфу, прадугледжанага для «дармаедаў»?

– Вызваленне ад выплаты павышаных камунальных плацяжоў я атрымала на год, у маральным сэнсе гэта прамежкавая перамога, такая свайго кшталту «перадышка».

Як грамадзянка Беларусі магу сказаць: павялічыўшы аплату за камунальныя паслугі на той падставе, што я не працую, мяне паставілі ў няроўныя ўмовы з іншымі грамадзянамі. Гэта значыць, я зазнала дыскрымінацыю. Падобныя дзеянні з боку ўлады супярэчаць Канстытуцыі Беларусі. Таму ў юрыдычным сэнсе – я дамаглася, няхай і часовага, але аднаўлення законнасці.

– Як далей будзеце змагацца з дэкрэтам аб «дармаедах»?

– Самае важнае – гэта максімальная інфармацыйная агалоска. У нас у краіне ўзнікла сур'ёзная праблема, якую мы атрымалі ў выніку выхаду ў свет гэтага дэкрэта.

Гэта тычыцца вялікай колькасці людзей, таму адмаўчацца ніяк не атрымаецца. Паводле падлікаў уладаў, у нас цяпер ёсць больш за 400 тысячаў так званых «не занятых у эканоміцы». Велізарны масіў асабістых звестак трапіў у рукі чыноўнікаў, якія маюць доступ да базаў звестак «дармаедаў». Што яшчэ могуць прыдумаць, маючы на руках звесткі гэтых людзей? Пакуль мы можам толькі здагадвацца.

Так, на сёння ўлады ахапілі падвышанымі камунальнымі плацяжамі толькі ўласнікаў жылля, але гэта не дае падставы астатнім расслабляцца.

Не толькі тым, хто ўжо трапіў у базу звестак «не занятых у эканоміцы», але і ўсім жыццёва неабходна быць напагатове. Да канца года плата за ацяпленне і газ павысіцца ў разы! І, магчыма, у спісы кандыдатаў на аплату патрапяць не толькі ўласнікі, але і непрацоўныя грамадзяне, якія жывуць у кватэрах.

Гэта значыць, тое што мы цяпер называем «базай дармаедаў», можа быць значна пашырана.

Як адзін з адказаў на палітыку дзяржавы я збіраюся стварыць у Гомельскай вобласці грамадскае аб'яднанне для абароны інтарэсаў усіх, хто трапіў пад дзеянне дэкрэтаў №1 і №3.

– Можаце расказаць пра гэта больш падрабязна? Ці будзе Вашае аб'яднанне праводзіць акцыі супраць дэкрэта аб «дармаедах»?

– Планы на правядзенне акцый ёсць, пакуль гэты пункт знаходзіцца ў распрацоўцы: мы з калегамі ўсё ўзважым, абдумаем.

Не сакрэт, што ўлада дзейнічае цяпер больш асцярожна. Сама падача дэкрэта аб «дармаедах» змянілася, улада таксама зрабіла высновы з масавых пратэстаў 2017 года, баіцца самой верагоднасці вулічных акцый па ўсёй краіне. Цяпер па беларусах наносяць «кропкавыя ўдары» і глядзяць, што будзе далей.

– Ці верыце Вы ў поўнае скасаванне дэкрэта аб «дармаедах»?

– Не пабаюся сказаць так: у поўнае скасаванне гэтага дэкрэта веру, як у Госпада Бога. Калі ж казаць без эмоцый, то я веру ў перамогу закону і здаровага сэнсу.

Што трэба рабіць, каб скасаваць гэты незаконны дэкрэт? Адказ просты: не маўчаць, не спрабаваць прыстасавацца да гэтай абсурднай сітуацыі, аб'ядноўвацца.

– Чым будзеце далей займацца, калі ў Вас атрымаецца вызваліць беларускіх беспрацоўных ад кляйма «дармаедаў»?

– Я чалавек паслядоўны: нам бы з адной праблемай разабрацца. Што нам яшчэ жыццё і краіна падкіне – з тым і будзем змагацца. Час пакажа.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках