23 красавiка 2024, aўторак, 9:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі будзе каштаваць беларусам «ільготнае» размытненне аўтамабіляў з ЗША

22
Колькі будзе каштаваць беларусам «ільготнае» размытненне аўтамабіляў з ЗША

Журналісты палічылі кошт пытання.

Указ №140 "Аб кампенсацыi мытаў, падаткаў" прадугледжвае пакрыццё інвалідам I і II групаў, а таксама шматдзетным сем'ям 50% мытаў, падаткаў, якія падпадаюць пад выплату пры ўвозе на тэрыторыю Беларусі аднаго легкавога аўтамабіля цягам года.

Але што такое 50% мытаў у грашовым выражэнні? Разам з кіраўніком кампаніі AutoGroup.by Дзмітрыем Бальдзюсавым сайт abw.by разабраўся, якія мыты аплачваюцца цяпер пры прыгоне аўтамабіляў з ЗША і колькі можна будзе зэканоміць тым, хто скарыстаецца льготнымі ўмовамі.

Калі казаць пра мадэлі для шматдзетных сем'яў, то льготныя ўмовы адкрываюць доступ да мінівэнаў Dodge Grand Caravan / Chrysler Grand Voyager / Town & Country. Яны былі цікавымі і да прыняцця закона, а цяпер жа і зусім могуць стаць жаданым варыянтам для набыцця, тым больш што ў выпадку з гэтымі мадэлямі можна выбіраць паміж рознымі варыянтамі размытнення. Хто не хоча набываць машыну з вялікімі пашкоджаннямі, шукае не моцна біты "прахадны" ва ўзросце 3-5 гадоў. Але калі ўзяць троху мацней пацярпелы аўтамабіль да трох гадоў, размытненне атрымаецца таннейшым.

«Калькуляцыя простая. Аўтамабіль ва ўзросце 3-5 гадоў з маторам 3.6 мытніцца паводле стаўкі 3,6 еўра за кубічны сантыметр – выходзіць 12.960 еўраў. Калі паводле новага закона можна аплаціць толькі палову мыты, то атрымаецца ўжо 6480 еўраў, ці 7260 даляраў. Калі ж аўтамабіль да трох гадоў, а ягоны мытны кошт да 8500 еўраў, то ён мытніцца паводле стаўкі 2,5 еўра за кубічны сантыметр. У такім выпадку атрымліваецца 9000 еўраў, а 50 адсоткаў гэтай сумы – 4500 еўраў. І гэта менш, чым поўнае размытненне 2,0-літровага рухавіка "прахаднога" ўзростам аўтамабіля!» – зазначае кіраўнік AutoGroup.by Дзмітрый Бальдзюсаў.

Але каб размытніць машыну да трох гадоў за 2,5 еўра за "кубік", яе мытны кошт не павінен перавышаць 8500 еўраў / 9580 $. У адваротным выпадку тарыф будзе значна вышэйшы, і гэта ўжо не так цікава.

«Як лічыцца мытняй рэшткавы кошт? Бярэцца кошт цэлага патрыманага аўтамабіля ў ЗША, з яго адымаецца кошт пашкоджанняў праз калькуляцыю, якая складаецца ацэннікам тут. Адпаведна, калі цэлая машына ў ЗША каштуе 25.000 даляраў, а пашкоджанняў на 16.000, то яе рэшткавы кошт 9000 даляраў – і яна мытніцца паводле стаўкі 2,5 еўра за 1 "кубік". Але калі машына каштуе 40.000 даляраў, то пашкоджанняў на 30 з лішнім тысячаў ці не набярэцца, ці гэта будзе ўжо адкрыты хлам. Такія дарагія мадэлі лепш браць ва ўзросце 3-5 гадоў», – зазначае эксперт.

Так што галоўная задача пры выбары машыны з Амерыкі – знайсці варыянт з не вельмі моцнымі пашкоджаннямі і прагназаваным коштам аднаўлення і пры гэтым упісацца ў рэшткавы кошт 9580 $, каб размытніць яго за 2,5 еўра за куб.см.

У выпадку з Dodge Grand Caravan і ягонымі аналагамі усё добра: цэлы ўжываны аўтамабіль каштуе да 25.000 $, так што знайсці не моцна пашкоджаны варыянт да парога 9500 $ не праблема. Калі набыць у ЗША машыну за 5000 $, то з улікам дастаўкі і іншых накладных выдаткаў, а таксама 50% размытнення яна абыдзецца ад 16.000 $. Праўда, без уліку аднаўлення. Але гэта вельмі добры кошт.

Аналагічны класам мінівэн Toyota Siena, які абсталёўваецца рухавіком 3.5 V6 (269 л.з.), будзе прыкладна на 2000 даражэйшы – проста таму, што сама мадэль на амерыканскім рынку мае больш высокі кошт. І ў такім выпадку вы таксама атрымліваеце вельмі ёмісты і камфартабельны мінівэн.

Але ж 7-мясцовымі бываюць не толькі аднааб’емнікі, але таксама пазадарожнікі і красоверы. Тут цікавым варыянтам можа быць Ford Explorer цяпер ужо папярэдняга пакалення. Прычым самы прывабны варыянт – аўтамабіль ва ўзросце 3-5 гадоў з рухавіком 2.3 EcoBoost (274 л.з.), бо 3,5-літровы варыянт танней прывезці з Расеі.

Поўнае размытненне 2,3-літровага матора паводле стаўкі 2,7 еўра абыдзецца на 7500 еўраў, а з улікам ільготы атрымаецца 3750 еўраў! Так, аўтамабіль ва ўзросце да трох гадоў мытніцца танней (5750 еўраў, а 50% ад гэтай сумы – 2875 еўраў). Але каб упісацца ў рэшткавы кошт 9500 $, першапачаткова дарагі Explorer павінен быць моцна пашкоджаны.

Тым больш гэта датычыць прэміўмнага пазадарожніка Mercedes GL, які таксама больш выгодна браць ва ўзросце 3-5 гадоў. Гаворка пра версіі з 3,0-літровым бензінавым V6, які будзе мытніцца паводле стаўкі 3 еўры за кубічны сантыметр. Поўны кошт размытнення – 9000 еўраў, а з палёгкай атрымаецца 4500 еўраў.

Зрэшты, адносна канчатковага кошту аўтамабіля гэта не такая ўжо вялікая сума. Бо ў ЗША не моцна пашкоджаны GL будзе каштаваць ад 20.000 $ з улікам дастаўкі і размытнення, але без кошту аднаўлення ён абыдзецца мінімум на 30–32 тыс. даляраў. Але гэта ўсё роўна вельмі цікавы кошт, паколькі тут 4-5-гадовы GL будзе каштаваць блізу 50 тыс. даляраў.

Як бачым, ільготныя ўмовы размытнення могуць знізіць агульныя затраты на аўтамабіль з ЗША на 4-6 тыс. еўраў, і гэта вельмі добрая "зніжка", асабліва для тых, хто разглядае да набыцця, скажам, Dodge Grand Caravan, але абмежаваны ў сваім бюджэце. Эканомія гэтых сродкаў дакладна не будзе лішняй: за кошт гэтага можна і варыянт на аўкцыёне нагледзець лепшы, і не пакутаваць пры далейшым аднаўленчым рамонце.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках