25 красавiка 2019, Чацвер, 1:48
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Правінцыйны няўдачнік пакіне пасля сябе плот

33
ФОТА: SVABODA.ORG

Зноў праславіліся. Бессаромна, на ўвесь свет.

А то ж у канцы зімы наступіла нейкая дзіўная паўза. Зніклі раптам з навінных зводак. Цэнтр рэгіёну, а тут пустая прастора. Акрамя застарэлых сварак з Пуціным, ніякіх сур'ёзных здарэнняў. І вялікіх дасягненняў кот наплакаў. Датчане, шведы, нарвежцы і ўвогуле ўсе, хто затоена зайздросціць нам і чакае ўсхвалявана пазітыўных сігналаў, глядзелі ў наш бок з непакоем і відавочным здзіўленнем. Чаму такое зацішша? Ці не здарылася нешта зусім нядобрае ў добраславёных Драздах?

І вось, нарэшце, першая навіна адтуль. Нечаканая. Ашаламляльная. Выразны сігнал пра тое, што курылка ўсё ж такі жывы. І да крайнасці ўзбуджаны: а як жа – вясна!.. Наперадзе – неймаверныя прыгоды. Пасяўныя завісанні над калгаснымі нівамі. Еўрапейскія гульні з абавязковым трыумфам. Парад – магутны і нязломны. І яшчэ вялікае сямейнае свята – 25 гадоў у Драздах. А потым і «наша ўсё» – выбары. Галоўныя. Лёсавызначальныя. На якія выходзіць належыць ва ўсім бляску персанальных паўнамоцтваў. І пажадана – з падарункамі для электарату. Але вось тут хаваецца д'ябал. Што можа прапанаваць сёння масам дарэшты збяднелая ўлада?

А зрэшты, не варта іх недаацэньваць. Яны яшчэ шмат чаго могуць. Вакол галоўных начовак кіпіць неўтаймоўная чыноўніцкая ініцыятыва. Строчаць пражэкты і спрабуюць прасунуць іх у зону ўвагі кіраўніка. Ды і сам ён далёка не промах. Ніхто так не ўмее «забараняць і не пушчаць», як прызвычаіўся за гэтыя гады ён. Краіна проста правалілася ў глейкае балота забаронаў і абмежаванняў. Бессэнсоўных і бязлітасных. Адзіны сэнс якіх – усім паказаць, што ёсць такая ўлада. Злая і дакучлівая. Помслівая і тупая.

Зверствамі і дзікасцю ў гэтай краіне ўжо нікога не здзівіць. Але тое, што адбылося ў Курапатах – не проста акцыя кіроўнага вандалізму. На другі дзень пасля яе пачатку, калі горы выкарчаваных варварамі крыжоў ужо былі пагружаныя ў аўтазакі для мёртвых і звезеныя да месцаў утылізацыі, на схілы гэтай Галгофы ўварвалася новая спецтэхніка пры падтрымцы адборнага атрада ўціску. Звярнулі ўвагу, у якіх яны чынах? На простыя затрыманні такіх не пасылаюць. Тых нешматлікіх, хто спрабаваў наставіць уціхамірвальнікаў ці прынамсі пераканаць ударніка драздоўскай працы, які свідраваў дзіркі пад слупы, што на гэтай зямлі ўрубаць шансон не варта, хапалі і цягнулі да машынаў на шашы.

Афіцыйная версія гэтых варварскіх выхадак можа выклікаць хіба толькі слёзы замілавання. Пасланцы найвышэйшай улады быццам бы хочуць усяго толькі нешта там добраўпарадкаваць, удасканаліць, словам, «навесці парадак на зямлі». Але ў такім выпадку навошта спатрэбілася раптам гэтая недарэчная спецаперацыя, якой праславіўся зноў на ўвесь свет крыўдлівы рэжым?

Сабралі б тых, хто ўжо чвэрць стагоддзя абараняе ад нававыяўленых дзікуноў і іхніх бульдозераў гэты расстрэльны лес. Апавялі б ім пра высакароднасць сваіх намераў і такія запозненыя чамусьці раскаянні. Пераканалі б народ, што ніколі, ні пры якім надвор'і пад гэтымі соснамі не ўзнікнуць рэстараны, танцпляцоўкі і іншыя будынкі, якім так не хапае свабоднай зямлі ў горадзе і ягоных ваколіцах. І можа быць, хоць на нейкім часовым прамежку сюды вярнуліся б спакой і цішыня.

Але хіба ўлада, у якой пад рукой такая сіла, дазволіць сабе такую недаравальную слабасць? І вось ужо зароў матор. Трактарыст-ударнік свідруе бескампрамісна падатлівую зямлю. Хто тут ляжыць, дзе і з якой прычыны, не ягоны клопат. І амапаўцам няма справы да усялякіх там праблемаў. Яны, амапаўцы, ужо валакуць па крутым схіле Ніну Багінская з яе бел-чырвона-белым сцягам. А непрымірэнчы і адважны палкоўнік тутэйшай міліцыі на пару з чынам не такім важным, заломваюць рукі Паўлу Севярынцу, які паспрабаваў абараніць ад дэманстратыўнай агрэсіі пажылую жанчыну. Усё як заўсёды. Па-дурному і злосна.

А ў нядзелю апоўдні на плошчы Свабоды сабраліся тыя, хто прыйшоў узнесці малітву за Курапаты. Людзі розных канфесій. Вернікі і атэісты. Пра гэтую малітву абвешчана было загадзя. Улады выдатна ведалі, хто гэтыя людзі і чаму яны прыйшлі ў гэты дзень і гадзіну да сабора. Аднак яшчэ да прызначанага часу «ў складках мясцовасці» ўжо былі раскіданыя аўтазакі. Супрацоўнікі міліцыі, спецслужбісты ў цывільным і проста стукачы багата рассыпаліся па наваколлі. Падышоў міліцыянт у чыне капітана і папярэдзіў, што акцыя несанкцыянаваная і адміністрацыйныя наступствы неўнікнёныя. Рэжым, якому нават у малітве пачынае мроіцца палітычная акцыя, на доўгае жыццё наўрад ці здольны.

Кожны дыктатар, сыходзячы, пакідае нешта ў спадчыну. Як правіла, гэта канцэнтрацыя таго, на што ён быў здольны. З рук Кім Ір Сэна паўночныя карэйцы атрымалі чучхе. Гітлер немцам пакінуў руіны. Сталін – ГУЛАГ. А правінцыйны няўдачнік, які з нармальнай еўрапейскай краіны спрабаваў стварыць прэтэнцыёзны глухмень, падобна, пакіне пасля сябе плот. І не адзін.

Той, які ў Курапатах, пакуль не дабудаваны. Да канца мінулага тыдня ягоным умельцам і падручным заставалася прайсці яшчэ дзвесце метраў. Вядома, дабудуюць. І калі будзе загадана, на ўваходзе паставяць узлаваную вохру з лютым сабакам. Каб усё было ў найлепшых традыцыях. Як у ранейшыя часы, па якіх найвышэйшая туга ягоная не згасае.

А вось з тым магутным і неадольным плотам, які ён ставіў дваццаць пяць гадоў сваёй улады, не ўсё так ідэальна, як з курапацкім. Задума грандыёзная і простая. З дэкрэтаў, забаронаў і іншых выкрутаў ягонай вертыкалі стварыць такую сістэму, якая акружыла б усю падведамную прастору нябачнай і неадольнай агароджай. Каб з’явіўся своеасаблівы анклаў, у якім без дазволу кіраўніцтва ўсіх рангаў чалавек і кроку не мог бы ступіць. І вось тады, дамогшыся ўсеагульнай рабскай пакоры, можна ўпэўнена і няўхільна весці краіну да росквіту.

Пасля спецаперацыі ў Курапатах яе арганізатар і натхняльнік быў узбуджаны поспехам. І нават не зразумеў, што стварыў. Гэта хлусня, быццам час усё лечыць. Боль не прайшоў і не праходзіць. З памяці здзекавацца занадта неабдумана. Такія абразы людзі не даруюць.

І не даруюць – нікому і ніколі.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Нагадаем, партыя «Народная Грамада», якая ўваходзіць у Беларускі Нацыянальны Кангрэс, заклікала да новага малебну «Вызвалі нас ад лукавага» 15 красавіка а 18.00 каля адміністрацыі Лукашэнкі (Менск, вуліца Карла Маркса, 38).

4 красавіка ўлады знішчылі крыжы па перыметры Курапатаў.

Актывісты паведамляюць, што было знесена і вывезена блізу 100 крыжоў.

1 сакавіка на прэс-канферэнцыі Лукашэнка выказаў незадаволенасць крыжамі вакол Курапатаў, якія бачныя з дарогі.

На заклік аднаго з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалая Статкевіча ў цэнтры Менску адбыўся малебен, у якім узялі ўдзел блізу 1000 чалавек.

Заклік падтрымаў сустаршыня БХД Павел Севярынец.

12 красавіка ўлады зноў знішчылі 50 крыжоў па перыметры Курапатаў.

***

Калі вам спадабаўся артыкул, Вы можаце падтрымаць сайт Charter97.org наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:

Cпасылка:

https://www.paypal.com/cgi-bin/webscr?cmd=_s-xclick&hosted_button_id=WPS4NY975YGSS&source=url


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас charter97@gmail.com