25 красавiка 2024, Чацвер, 10:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Гаравы: Трэба паказаць сваё адзінства – як у Курапатах, так і па ўсёй Беларусі

1
Леанід Гаравы: Трэба паказаць сваё адзінства – як у Курапатах, так і па ўсёй Беларусі
ФОТА: SVABODA.ORG

«Крыжалом» характарызуе ўладу як дзікуноў, якія жывуць за межамі хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Гарадоцкі краязнаўца і актывіст БСДП (Грамада) Леанід Гаравы мяркуе, што супраць гвалтоўных дзеянняў улады ў Курапатах беларусы павінны салідарызавацца, паведамляе «Віцебская вясна»:

«Падзеі ў Курапатах сведчаць: наша грамадства застаецца ў савецкім мінулым. Над Беларуссю па-ранейшаму пануе міфалогія “чырвонага чалавека”. Жыхары краіны і ейнае кіраўніцтва моляцца ідэям, ад якіх цывілізаваны свет даўно адмовіўся.

“Крыжалом” у Курапатах характарызуе ўладу і ейных выканаўцаў як дзікуноў, якія жывуць за межамі хрысціянскіх каштоўнасцяў. Дай жа Божа ім розуму, каб зразумелі, што робяць, каб пакаяліся і вярнулі крыжы на месца.

Мяркую, што выродлівым дзеянням постсавецкага аўтарытарызму народ павінен супрацьпаставіць жыццё ў праўдзе. Мы павінны дамагчыся, каб Курапаты і падобныя да іх месцы заставаліся нацыянальнымі сімваламі. Нам варта салідарызавацца супраць гвалтоўных дзеянняў уладаў. Неабходна дэманстраваць сваю еднасць з дапамогай акцый негвалтоўнага супраціву – як у Курапатах, так і па ўсёй Беларусі».

Нагадаем, партыя «Народная Грамада», якая ўваходзіць у Беларускі Нацыянальны Кангрэс, заклікала да новага малебну «Вызвалі нас ад лукавага» 15 красавіка а 18.00 каля адміністрацыі Лукашэнкі (Менск, вуліца Карла Маркса, 38).

4 красавіка ўлады знішчылі крыжы па перыметры Курапатаў.

Актывісты паведамляюць, што было знесена і вывезена блізу 100 крыжоў.

1 сакавіка на прэс-канферэнцыі Лукашэнка выказаў незадаволенасць крыжамі вакол Курапатаў, якія бачныя з дарогі.

На заклік аднаго з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалая Статкевіча ў цэнтры Менску адбыўся малебен, у якім узялі ўдзел блізу 1000 чалавек.

Заклік падтрымаў сустаршыня БХД Павел Севярынец.

12 красавіка ўлады зноў знішчылі 50 крыжоў па перыметры Курапатаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках