«Знішчэнне крыжоў у Курапатах - абраза памяці беларускага народа»
5- 15.04.2019, 17:41
- 8,848
Улады адбельваюць сталінскіх паслугачоў.
4 красавіка ўлады знішчылі блізу 100 крыжоў, якія былі ўсталяваныя па перыметры народнага мемарыялу ў Курапатах, а ў суботу, 13 красавіка, яшчэ 50.
У грамадстве гэта выклікала шок, неразуменне і выбух абурэння. Дзеянні ўладаў для віцебскай «Вясны» ацаніў стваральнік і старшыня грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў. Ён кажа, што знішчэнне крыжоў у Курапатах, пад якімі, на розныя звесткі, ляжыць да 250 тысяч нявінна забітых грамадзян, з'яўляецца абразай памяці беларускага народа.
«Праз знішчэнне крыжоў знішчаецца наша памяць, адбельваюцца сталінскія паслугачы і карнікі. Занядбаць памяць аб ахвярах сталінізму беларускі народ проста не мае маральнага права, але менавіта гэтага дамагаецца цяперашняя ўлада. У людзей, якія маюць дачыненне да руйнавання крыжоў, д'ябал адабраў розум, і яны з гэтым пагадзіліся...»
Нагадаем, партыя «Народная Грамада», якая ўваходзіць у Беларускі Нацыянальны Кангрэс, заклікала да новага малебну «Вызвалі нас ад лукавага» 15 красавіка а 18.00 каля адміністрацыі Лукашэнкі (Менск, вуліца Карла Маркса, 38).
4 красавіка ўлады знішчылі крыжы па перыметры Курапатаў.
Актывісты паведамляюць, што было знесена і вывезена блізу 100 крыжоў.
1 сакавіка на прэс-канферэнцыі Лукашэнка выказаў незадаволенасць крыжамі вакол Курапатаў, якія бачныя з дарогі.
На заклік аднаго з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалая Статкевіча ў цэнтры Менску адбыўся малебен, у якім узялі ўдзел блізу 1000 чалавек.
Заклік падтрымаў сустаршыня БХД Павел Севярынец.
12 красавіка ўлады зноў знішчылі 50 крыжоў па перыметры Курапатаў.