24 красавiка 2024, Серада, 7:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гульні ў вышэйшую палітычна-эканамічную арыфметыку

1
Гульні ў вышэйшую палітычна-эканамічную арыфметыку
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА CHARTER97.ORG

Змагаецца-змагаецца начальства за ўстойлівасць, а ўстойлівасці няма, і заробак у мужыкоў не расце ніяк.

Эксперт «Асабістага капіталу» Міхал Залескі аналізуе, куды падзеліся 2 мільярды долараў, якія штогод вылучаюцца на беларускую сельскую гаспадарку. І ці сталі мы пасля спажывання тых мільярдаў харчавацца лепей, паведамляе «Белсат».

Некалі бальшыня людзей займалася выключна сельскаю гаспадаркай і больш нічым. Цяпер наадварот. І галодных няма. У чым сакрэт? У аграрнай рэвалюцыі, што адбылася і дазваляе аднаму тутэйшаму вяскоўцу самому карміцца і яшчэ дваццаць гарадскіх карміць.

Бо за ўсё даводзіцца плаціць і за шчасце быць сытым асабліва. У свеце Дырэктывы № 6, каторай кіраўніцтва нядаўна ашчаслівіла народ, разгледзім 3-4 лічбы.

У першую чаргу тое, што вёсцы далі незваротна: датацыі, льготы, дараваныя крэдыты ды іншая дапамога, якой дакладна ніхто, здаецца, не ўлічвае. Паводле розных ацэнак, гэта каля $ 2 млрд штогод, калі браць апошнія гады – у дзяржаўным бюджэце датацыі вёсцы супастаўляльная з выдаткамі на адукацыю і ахову здароўя, хоць скарачаць іх увесь час спрабуюць.

Карацей, за часы Лукашэнкі мільярдаў 50 даляраў вёсцы проста далі. А ўзялі, каб даць, дзе? У кішэнях грамадзянаў. Іншай крыніцы ніводная дзяржава не мае.

Прычына такіх паводзінаў начальства простая: нішто так не ўмацоўвае ўладу, як поўныя страўнікі насельніцтва. Харчовая бяспека ў пэўным сэнсе праз тыя датацыі палепшылася, хлеб, бульба, мяса, малако – свае, пазычаць не трэба. Але імпарт харчовай прадукцыі ўражвае памерам, а доля сельскай гаспадаркі ў ВУП – наадварот, скарачаецца.

А гэтыя 4,5 мільярды, што на ўвоз харчовай прадукцыі ды сыравіны ідуць, яшчэ ж зарабіць трэба або пазычыць.

Начальства суцяшае нас, што затое доля харчавання ў бюджэце скарачаецца і паціху-памалу набліжаецца да еўрапейскага ўзроўню.

Але тэмп такі, што дагонім у 2050 годзе хіба, ды і, паводле начальства, рэальныя прыбыткі грамадзянаў растуць як рошчына і, гэткім чынам, грошай на ежу ідзе насамрэч не меней, а болей – атрымліваецца.

Мяне гэтыя гульні ў вышэйшую палітычна-эканамічную арыфметыку заўсёды напружваюць неяк. Галоўнае ж вынік: што мы ямо, а што ў Еўропе.

Зразумела, што ў бульбе мы чэмпіёны свету. Мяса мы ямо, як немцы, бо прылічваем да яго сала і гэтак званыя мясапрадукты. Малака і вырабаў з яго на 184 літры менш за немцаў спажываем. Садавіны на 10 кілаграмаў меней, затое цукру на столькі ж болей. Карацей, грэх скардзіцца. І датацыі іхныя ўтрая большыя за нашыя. Нашыя, праўда, на тры чвэрці ў банках ды офісах асядаюць.

А мужыкі, каб трактар купіць, прадавалі ў 1991 годзе 20 тонаў збожжа, а цяпер, каб такі самы набыць, мусяць 360 тонаў прадаць.

Змагаецца-змагаецца начальства за ўстойлівасць, а ўстойлівасці няма і заробак у мужыкоў не расце ніяк.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках