19 красавiка 2024, Пятніца, 23:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Губернатара» Зайца выганяць гэтак жа, як і папярэднікаў?

6
«Губернатара» Зайца выганяць гэтак жа, як і папярэднікаў?
ЛЕАНІД ЗАЯЦ
ФОТА: ВІКТАР ТАЛОЧКА

Тэрмін прыдатнасці старшыні Магілёўскага аблвыканкама - вельмі невялікі.

Новы кіраўнік Магілёўскай вобласці Леанід Заяц у вачах Лукашэнкі павінен стаць новай надзеяй. Але ён яго звольніць даволі хутка, піша «Магілёўская вясна».

26 сакавіка Лукашэнка звольніў старшыню Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага падчас наведвання аграхолдынга «Купалаўскі». Дыктатара збянтэжылі «каровы як у Асвенціме» і тое, што «жывёлы абас...ыя ўсе». Атрымалі многія - у тым ліку і міністр сельскай гаспадаркі Леанід Заец і віцэ-прэм'еру Міхаіл Русы, якіх 27 сакавіка Лукашэнка адправіў у адстаўку.

Зрэшты, ненадоўга - ужо 1 красавіка кіраўнік адправіў Русага і Зайца падымаць Магілёўшчыну, адзначыўшы, што тыя павінны паказаць сябе «тэхналагічнымі сапраўднымі мужыкамі».

3 красавіка Магілёўскі абласны «савет дэпутатаў» аднагалосна зацвердзіў экс-міністра ў якасці новага старшыні аблвыканкама. Зваротны адлік пачаўся.

СУПРАЦЬ ПОСПЕХУ ЛЕАНІДА ЗАЙЦА - ДОСВЕД ЯГОНЫХ ПАПЯРЭДНІКАЎ

За апошнія дваццаць гадоў Магілёўскай вобласцю даўжэй за шасцігадовы тэрмін кіраваў толькі адзін чалавек - Барыс Батура. 8 гадоў, з 14 лістапада 2000 да 31 кастрычніка 2008 Батура стаяў на чале рэгіёну. Трэба аддаць належнае, што за час яго кіраўніцтва вобласць здолела выйсці з крызісу канца 90-х гадоў. Шмат у чым гэта звязана з расейскім капіталам і інвестыцыямі – у Батуры былі добрыя сувязі ў суседняй дзяржаве.

БАРЫС БАТУРА, ФОТА — MLYN.BY

Ён жа быў апошнім са старшыняў Магаблвыканкама, хто пайшоў на падвышэнне - у 2008 годзе стаў старшынём «Савета Рэспублікі».

У астатніх атрымалася горш. Значна горш.

ПЁТР РУДНІК І ЯГОНЫ «НІКЧЭМНЫ» СТЫЛЬ КІРАВАННЯ

Пётр Руднік, які змяніў Батуру, да гэтага займаў пасаду дырэктара «Магілёўліфтмаша». У канцы 2000-х прадпрыемства было на ўздыме, завод атрымліваў шмат заказаў з Расеі, а рабочыя - даволі нядрэнныя заробкі.

У канцы 2008 года Руднік афіцыйна стаў старшынём Магілёўскага аблвыканкама і пратрымаўся 6 гадоў, хоць рэгіён пры ім дэградаваў.

ПЁТР РУДНІК

Усё скончылася прыкладна таксама, як і надоечы ў «Купалаўскім» — 5 лістапада 2014 года Лукашэнка на нарадзе ў доме саветаў заявіў, што ў вобласці адсутнічае адэкватная сістэма падбору кадраў, а стыль працы Рудніка ён назваў «нікчэмным». Праўда, дыктатар даў кіраўніку вобласці час на выпраўленне - 10 дзён.

Да 15 лістапада Руднік змяніў некалькіх кіраўнікоў прадпрыемстваў і сельгасарганізацый ва ўсім рэгіёне, быў строгі з падначаленымі і стараўся навесці парадак. Не дапамагло - 22 снежня, менш чым праз месяц пасля нарады, Лукашэнка звольніў Рудніка. Ужо на наступны дзень экс-старшыню аблвыканкама прызначылі генеральным дырэктарам завода «Магілёўхімвалакно». Там справы ў Пятра Міхайлавіча пайшлі крыху лепш - прадпрыемства развіваецца, хоць праблемы ёсць.

УЛАДЗІМІР ДАМАНЕЎСКІ - НЕПРЫКМЕТНЫ І НЕЗРАЗУМЕЛЫ

Наступным пасля Рудніка старшынём Магілёўскага аблвыканкама стаў Уладзімір Даманеўскі. Дагэтуль чыноўнік жыў доўгі час у сталіцы, дзе займаў розныя пасады ў апараце Менскага аблвыканкама, потым чатыры гады быў старшынём Слуцкага райвыканкама, а затым год быў памочнікам Лукашэнкі ў Гарадзенскай вобласці.

УЛАДЗІМІР ДАМАНЕЎСКІ, ФОТА-ДЗЯНІС ВАСІЛЬКОЎ, TUT.BY

27 снежня 2014 Лукашэнка прызначыў Даманеўскага старшынём Магілёўскага аблвыканкама і тут, мабыць, і ўсё. На фоне жорсткага і аўтарытарнага рудніка Даманеўскі выглядаў ценем, які незразумела за што адказвае. Ён сустракаўся з нейкімі дэлегацыямі, развіваў стасункі з Кітаем, і наогул чымсьці быццам займаўся, але вобласць бадзёра дэградавала.

Усе ведаюць, чым скончылася пяцігадовае кіраванне Уладзіміра Віктаравіча - «Купалаўскім», каровы, пагроза надзець кайданкі.

Куды яго адправяць працаваць - пакуль невядома.

ЗАЯЦ ШМАТ ЧАГО СКАЗАЎ ПРА ПЛАНЫ. РУДНІК ПАЧЫНАЎ ДАКЛАДНА ГЭАК ЖА

3 красавіка, адразу пасля зацвярджэння Зайца ў ролі старшыні Магаблвыканкама, Наталля Качанава, кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі, заявіла, што «кадравыя перастаноўкі ў рэгіёне дапамогуць рэалізаваць у поўнай меры патэнцыял вобласці».

«Часу вельмі мала, за два гады мы павінны змяніць эканоміку гэтага рэгіёну», — заявіў сам Заяц, — трэба вырабляць больш запатрабаванай таварнай прадукцыі, рэалізоўваць яе добрымі коштамі, а атрыманыя сродкі накіроўваць на гаспадарчую дзейнасць, развіццё сацыяльнай інфраструктуры, падвышэнне заробку, - пазначыў планы экс-міністр адразу пасля прызначэння.

Наўрад ці гэтыя словы вартыя хоць шэлега. Да яго Руднік і Даманеўскі ўступалі на пасаду з такой жа рыторыкай, але змяніць эканоміку ў іх калі і атрымалася, то неяк не туды.

Руднік пасля зацвярджэння яго старшынём аблвыканкама, заяўляў, што «Магілёўшчына не павінна змяншаць абароты, яна павінна рухацца наперад».

— Мы абавязаныя не дапусціць падзення вытворчасці ў вобласці і дасягнуць пазначанага прыросту прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Трэба не толькі не страціць рынкі збыту, але і знаходзіць новыя, нетрадыцыйныя рынкі для прадукцыі нашых вытворцаў - з гэтых слоў пачыналася кар'ера Пятра Міхайлавіча як кіраўніка рэгіёну.

Калі на пасадзе старшыні аблвыканкама зацвердзілі Даманеўскага, ён з планамі не спяшаўся - сказаў, што не падрыхтаваны, каб гаварыць на гэтую тэму. Затое чарговым разам паказаў, як любіць прэзідэнта, назваўшы яго «палітыкам сусветнага маштабу», які акурат фармаваўся ў Магілёўскай вобласці.

РОБАТЫ-ДЭПУТАТЫ

Ведаеце, што аб'ядноўвае Рудніка, Даманеўскага і Зайца ўжо цяпер? Так, кожны з іх быў прызначаны старшынём аблвыканкама асабіста Лукашэнкам. Але акрамя прызначэнняў, кожнага з гэтых людзей зацвердзіў на пасады Магілёўскі абласны «савет дэпутатаў».

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ САВЕТ ДЭПУТАТАЎ, ФОТА — MOGILEVNEWS.BY

Важны момант - аднагалосна.

Смяхотна выглядае факт таго, што кандыдатуры людзей, якія апошнія дзесяць гадоў кіруюць вобласцю з насельніцтвам блізу мільёна чалавек, не выклікаюць ніякіх пытанняў.

Даманеўскі і Заяц наогул да прызначэння ў Магілёўскую вобласць нічога агульнага з ёй не мелі. Апошні, да таго ж, яшчэ і міністр, які зазнаў паразу.

Нарэшце, як можна трэці раз запар аднагалосна зацвярджаць новага старшыню Магаблвыканкама, калі Лукашэнка, які прызначыў першых двух, відавочна не меў рацыю?

Калі б «саветы дэпутатаў» у Беларусі абіраліся, а не фармаваліся, інтрыгі са з'яўленнем новага кіраўніка рэгіёну было б больш.

Пакуль жа інтрыгі няма - Магілёўская вобласць упэўнена пляцецца ў эканамічным хвасце краіны. Змена старшыні аблвыканкама ў гэтым выпадку – усяго толькі замена свяцільні, а не перагарэлай лямпачкі.

Праз 5-6 гадоў, калі не раней, Зайца заменяць - на яго павесяць усіх сабак адсталасці рэгіёну, пасля чаго Лукашэнка прызначыць новага героя. Той бадзёра скажа пра вялікія планы і яго зацвердзяць. Аднагалосна.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках