25 красавiка 2024, Чацвер, 18:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта настаўнікі збіраюць дасье на вучняў ды іх бацькоў?

12
Навошта настаўнікі збіраюць дасье на вучняў ды іх бацькоў?
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Як пісьменна сябе паводзіць, калі школа распытвае пра асабістыя звесткі дзяцей і сям'і.

Бацькі школьнікаў у сацыяльных сетках распавядаюць, што настаўнікі просяць іх падаць у спецыяльных анкетах асабістую інфармацыю: пасведчанне аб нараджэнні, пашпартныя звесткі дзіцяці і бацькоў, адрас пражывання, льготы і дасягненні ў вучобе і спорце, піша «Заўтра тваёй краіны».

Большая частка гэтай інфармацыі ў школ ужо ёсць, кажа экспэрт у галіне абароны персанальных звестак, юрыст праваабарончай арганізацыі Human Constanta Аляксей Казлюк.

Ці законна настаўнікі збіраюць дадатковыя персанальныя звесткі вучняў і іх бацькоў, і ці можна адмовіцца дзяліцца гэтымі звесткамі?

Якую інфармацыю могуць збіраць у школе?

У школ і вышэйшых органаў сістэмы адукацыі ёсць інфармацыя пра школьніка і ягоную сям'ю, прадугледжаная нарматыўнымі актамі, з моманту паступлення ў школу. Пры патрэбе яна абнаўляецца і дапаўняецца. Гэтымі звесткамі дзяржаўныя структуры могуць дзяліцца паміж сабой у розных сітуацыях у рамках закона.

Ці законна прасіць у бацькоў інфармацыю, як паказана ў анкетах?

Ці законна настаўнікі просяць бацькоў запоўніць анкеты або не, вызначыць складана. Бо ў публічным доступе няма нарматыўных дакументаў аб стварэнні дадатковай базы звестак ва ўстановах адукацыі, як няма і тлумачэння ад адміністрацыі школ пра тое, на якой падставе запытваюцца звесткі пра дзяцей і іх бацькоў.

Але паколькі ніхто не патлумачыў бацькам, для чаго гэта робіцца, у іх узнікаюць сумневы.

Калі ж няма нарматыўнага акту, на падставе якога школы збіраюць персанальныя звесткі дзяцей і іх бацькоў, то гэтыя дзеянні могуць парушаць закон «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі». Ён абвяшчае, што «ніхто не мае права патрабаваць ад фізічнай асобы інфармацыі пра ягонае прыватнае жыццё і персанальныя звесткі». Там жа пазначана, што збіраць персанальныя звесткі можна толькі са згоды чалавека.

Ці можа школа абавязаць даць гэтую інфармацыю?

Школа мае права прасіць бацькоў падзяліцца патрэбнымі ёй звесткамі. Але кіраўніцтва ўстановы адукацыі ў гэтым выпадку павінна паказваць нарматыўны дакумент або распараджэнне, якога яна пільнуецца. Юрыст кажа, што такая анкета павінна суправаджацца абгрунтаваннем, для чаго і на якой падставе збіраецца інфармацыя. Бацькі маюць права ведаць, для якіх мэт яны перадаюць звесткі пра сябе і сваіх дзецяй, а таксама ў каго будзе знаходзіцца база звестак і як яна будзе абаронена.

Без згоды чалавека яго персанальныя звесткі могуць трапляць у базу толькі ў тым выпадку, калі ёсць нарматыўны дакумент, дзе напісана, што для збору гэтай інфармацыі згода грамадзяніна не патрабуецца.

Калі работнікі школ, якія перадаюць бацькам анкеты, не ведаюць, для чаго яны збіраюць інфармацыю, яны не могуць гарантаваць, што атрыманыя персанальныя звесткі будуць выкарыстоўвацца толькі для афіцыйных мэт, і што імі не скарыстаюцца зламыснікі.

Што рабіць, калі сумняваешся ў патрэбе падачы запытаных звестак?

Бацькі могуць звярнуцца да адміністрацыі школы з просьбай растлумачыць неабходнасць збору гэтых звестак. Калі яны не атрымаюць прымальнага адказу, можна перанакіраваць запыт у раённы аддзел адукацыі і далей у вышэйшыя органы.

Бацькі ў такіх выпадках не абавязаныя пісаць пісьмовую адмову: не напісаўшы, што даеш сваю згоду на збор і апрацоўку персанальных звестак, чалавек аўтаматычна адмаўляецца ад гэтага.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках