29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЦВК Турцыі прызнаў перамогу апазіцыі на выбарах мэра Стамбула

ЦВК Турцыі прызнаў перамогу апазіцыі на выбарах мэра Стамбула
ЭКРЭМА ІМАМАГЛУ
ФОТА: HAQQIN.AZ

Партыя прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана ўпершыню з 1994 года саступіла ўладу ў горадзе.

Найвышэйшая выбарчая камісія Турцыі ў сераду, 17 красавіка, прызнала перамогу кандыдата ад галоўнай апазіцыйнай партыі ў краіне – Народна-рэспубліканскай партыі (НРП) – Экрэма Імамаглу на выбарах мэра Стамбула. Пра гэта паведамляе турэцкае агенцтва Anadolu. Выбары прайшлі 31 сакавіка, але на афармленне выніку спатрэбілася амаль тры тыдні, паведамляе РБК.

За дзень да гэтага кіроўная ў краіне Партыя справядлівасці і развіцця звярнулася ў выбаркам краіны з просьбай ануляваць вынікі выбараў у горадзе. Паводле звестак Daily Sabbah, прадстаўнікі партыі даставілі ў ЦВК «тры валізкі доказаў» парушэнняў на праведзеным галасаванні. З просьбай правесці паўторныя выбары ў ЦВК звярнулася таксама Партыя нацыяналістычнага руху (ПНД) – партнёр ПСР у кіроўнай кааліцыі.

Кіроўная партыя кандыдатам на выбарах мэра найбуйнейшага ў краіне горада (насельніцтва 17 млн) выбрала аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў прэзідэнта Рэджэпа ЭрдаганаБіналі Ілдырыма. Да лютага гэтага года ён быў старшынёй турэцкага парламента, а з траўня 2016 да ліпеня 2018 года займаў пасаду кіраўніка ўрада. Ягоным асноўным спаборнікам стаў Імамаглу – лідар рэспубліканскай партыі (найстарэйшая ў краіне, заснаваная Кемалем Атацюркам).

Спаборнікаў падзялілі некалькі тысячаў галасоў. Адразу пасля выбараў выбаркам абвесціў, што Імамаглу абышоў Ілдырыма з перавагай 28 тысячаў галасоў, што ў адсоткавых адносінах склала менш чым 0,3%. Праз тыдзень пасля галасавання ПСР стала патрабаваць перагляду вынікаў галасавання. 7 красавіка кіроўная партыя накіравала ў выбарчую камісію краіны хадайніцтва пра пералік галасоў у 38 выбарчых акругах Стамбула. У выніку пасля пераліку разрыў скараціўся да 14 тыс. галасоў на карысць Імамаглу. Пасля гэтага партыя Эрдагана стала патрабаваць скасавання вынікаў выбараў у Стамбуле, але не дамаглася гэтага.

Для Эрдагана і ягонай партыі перамога ў Стамбуле была вельмі важная. Стамбул – гэта фінансава-эканамічны цэнтр краіны, менавіта з перамогі на выбарах мэра горада ў 1994 годзе пачалося палітычнае ўзыходжанне Эрдагана. З тых часоў ісламісцкая партыя Эрдагана ні разу не саступала на выбарах у горадзе. Палітычная кар'ера 48-гадовага Імамаглу таксама звязаная са Стамбулам. У 2014 годзе ён быў абраны кіраўніком Бейлікдзюзю – усходняга раёна Стамбула і да сакавіцкіх выбараў заставаўся на гэтай пасадзе. «За тры месяцы перадвыбарчай кампаніі Імамаглу стаў фігурай, вядомай ва ўсёй Турцыі. Ён унікаў рэзкай рыторыкі і ў паважлівым ключы казаў нават пра свайго галоўнага спаборніка – Ілдырыма. Заспакойвальны тон, нехарактэрны для турэцкай палітыкі, у выніку стаў вельмі выгодным для кандыдата», – апавёў эксперт Цэнтра вывучэння сучаснай Турцыі Юры Мавашаў.

Партыя Эрдагана страчвае папулярнасць

Выбары ў органы мясцовага самакіравання прайшлі 31 сакавіка не толькі ў Стамбуле, але і па ўсёй Турцыі. У ходзе галасавання пераабіраліся кіраўнікі сталічных муніцыпалітэтаў, мэры гарадоў, сельскія і раённыя старасты і дэпутаты сельскіх радаў. Паводле адміністрацыйнага дзяленні ў Турцыі 81 правінцыя, 30 з якіх маюць статус сталічных муніцыпалітэтаў – гэта раёны з насельніцтвам большым за 750 тыс. чалавек. Кіраўнікі «звычайных» правінцый прызначаюцца ўрадам, муніцыпалітэтаў – пераабіраюцца кожныя пяць гадоў. Напярэдадні выбараў 31 сакавіка Эрдаган называў будучае галасаванне «вызначальным для краіны».

Паводле вынікаў галасавання ПСР перамагла ў 15 муніцыпалітэтах, а ейны партнёр у кіроўнай кааліцыі ПНД атрымала перамогу ў адным муніцыпалітэце. З 2014 года ПСР кантралявала 18 муніцыпалітэтаў. Упершыню за 25 гадоў ПСР саступіла на выбарах мэра ў двух самых населеных, палітычна і эканамічна значных гарадах краіны – Стамбуле і Анкары. У сталіцы кандыдат ад галоўнай апазіцыйнай сілы – НРП – Мансур Яваш набраў больш за 50% галасоў, у той час як за прадстаўніка кіроўнай партыі Мехмета Озхасекі прагаласавалі блізу 47% выбарцаў.

Спачатку ПСР і ейны лідар Эрдаган спакойна адрэагавалі на вынікі галасавання – нягледзячы на вынікі ў Анкары і Стамбуле ў цэлым у краіне кіроўная кааліцыя атрымала перамогу. За кандыдатаў ад кааліцыі прагаласавала большасць выбарнікаў: 53,3%, нагадвае Мавашаў. Але ў выніку ПСР усё ж такі не справілася з эмоцыямі, адзначае эксперт, і стала настойваць на перавыбарах у Стамбуле. Калі б партыя Эрдагана дамаглася перавыбараў, гэта мела б для яе вельмі негатыўны эфект: у турэцкага грамадства высокі давер да працэдуры выбараў, іхнія вынікі звычайна не аспрэчваюцца.

Муніцыпальныя выбары ў Турцыі паказалі, што папулярнасць кіроўнай партыі прадаўжае падаць, адзначае Мавашаў. У чэрвені 2018 годзе Эрдаган датэрмінова пераабраўся на пасаду прэзідэнта, атрымаўшы блізу 53% галасоў. Тады яго падтрымала большасць і ў Стамбуле, і ў Анкары. Шмат у чым падзенне папулярнасці кіроўнай партыі звязанае з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў краіне, кажа эксперт. З лета мінулага года турэцкая ліра ўпала на 30% у адносінах да даляра. Слабасць нацыянальнай валюты прывяла да росту інфляцыі (у лютым яна склала блізу 20%, а восенню летась дасягала 25%). У краіне ўпершыню за дзесяць гадоў пачалася эканамічная рэцэсія, у чацвёртым квартале 2018 года турэцкая эканоміка скарацілася на 3%. У 2017 годзе рост ВУП склаў 7,4%, у той час як летась – 2,6%. Акрамя таго, у краіне расце беспрацоўе. Паводле звестак Еўрастата, да канца 2018 года вырасла да 12,7% (з 9,8% у пачатку года).

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках