29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Антыбеларуская прапаганда ў інтэрнэце ўзмацнілася ў разы

50
Антыбеларуская прапаганда ў інтэрнэце ўзмацнілася ў разы

Сітуацыя з антыбеларускай дэзінфармацыяй і прапагандай у онлайн-СМІ за апошнія два гады змянілася кардынальна ў горшы бок.

Пра гэта гаворыцца ў даследаванні дырэктара даследаванняў аналітычнага цэнтра EAST, чальца сеткавай групы экспэртнай структуры iSANS Андрэя Елісеева, паведамляе «Белсат».

Паводле яго, у разы ўзрасла колькасць інтэрнэт-рэсурсаў, што рэгулярна публікуюць матэрыялы пра Беларусь, у якіх змяшчаюць дэзінфармацыю, прапаганду і мову варожасці. Сёння налічваецца каля 40 даволі актыўных сайтаў. Да ліку найбольш агрэсіўных рэсурсаў аднесеныя Ross-bel.ru, Teleskop, Sozh, Vitbich, Berestje-News, GrodnoDaily, Mogilew.by, Podneprovie-Info, Imhoclub.by, Dranik, Politring.

Пры гэтым, гаворыцца ў даследаванні, за апошнія два гады з’явіўся цэлы шэраг новых актыўных сайтаў з дэзінфармацыяй і мовай варожасці, якія цалкам прысвечаныя Беларусі. На сёння іх налічваецца каля 15, тады як раней асноўнымі крыніцамі дэзінфармацыі па Беларусі былі расейскія сайты з шырокай інфармацыйнай позвай, а не толькі пра Беларусь.

Андрэй Елісееў адзначае, што пачала актыўную дзейнасць паўнавартасная сетка рэгіянальных сайтаў з рэгулярнымі публікацыямі, у якіх ужываюць мову варожасці да розных сацыяльных, палітычных, рэлігійных, прафесійных груп Беларусі.

«Публікацыі выкарыстоўваюць агрэсіўную шавіністычную рыторыку, часам адкрыта ставяць пад сумнеў існаванне самастойнага беларускага этнасу і мовы, дыскрэдытуюць і скажаюць гісторыю Беларусі», – гаворыцца ў даследаванні.

За большай часткай рэгіянальнай сеткі дэзінфармацыі стаіць расейская арганізацыя CIS-EMO, якая раней служыла парасонавай арганізацыяй «міжнародных назіральнікаў» на рэферэндуме 2014 года ў Крыме. Доўгі час яе ўзначальваў адзін з лідараў расейскай неанацысцкай арганізацыі Рускае нацыянальнае адзінства. Зараз CIS-EMO узначальвае Станіслаў Бышок, які разам з уладальнікам дамену Sozh.info Сяргеем Лушчом, рэдактарам Teleskop-by.org Львом Крыштаповічам і расейскім палітыкам Сяргеем Бабурыным узначальвае Грамадзянскую ініцыятыву «Саюз», заснаваную ў Беларусі ў 2018 годзе.

Усе яны, а таксама кіраўнік Ross-bel.ru Андрэй Герашчанка падтрымліваюць прынамсі ўскосную сувязь з амбасадай Расеі ў Беларусі праз Каардынацыйную раду кіраўнікоў беларускіх грамадскіх абʼяднанняў расійскіх суайчыннікаў. Шэраг чальцоў арганізацыі таксама часта публікуюць на дэзінфармацыю пра Беларусь, адзначае Андрэй Елісееў.

Усяго, паводле ягоных слоў, з часу «справы Рэгнум», звязанай з крымінальным пераследам трох аўтараў антыбеларускіх публікацый, гэта з'ява не толькі не зменшылася ў маштабах, але значна развілася як колькасна, так і якасна.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках