19 красавiка 2024, Пятніца, 7:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Плацяць $100 і чакаюць, пакуль звольнімся»

20
«Плацяць $100 і чакаюць, пакуль звольнімся»

Што адбываецца на заводзе, які выконвае заказы для БелАЭС.

Завод электрамантажных вырабаў (ЗЭІ), які ўваходзіць у ААТ «Белэлектрамантаж», прастойвае, а з работнікамі не хочуць падаўжаць кантракты, паведамляе «Белсат».

У рэдакцыю тэлеканала звярнуўся рабочы Віктар (імя змененае для бяспекі) з просьбай распаўсюдзіць інфармацыю аб сітуацыі на прадпрыемстве.

Віктар прысвяціў заводу больш за дзесяць гадоў. Цяпер, кажа мужчына, стан крытычны - кіраўніцтва пачало «эканоміць»: амаль усіх перавялі на 2/3 стаўкі, зрэзалі прэміі ды выплаты за шкоднасць. Ён упэўнены, што не за гарамі і банкруцтва.

«З 2016 года нас перавялі на чатыры працоўныя дні, пятніцы неафіцыйна зрабілі непрацоўнымі. Праблемы пачаліся ў 2016 годзе, калі змянілася кіраўніцтва. Змяніўся дырэктар і галоўны інжынер. А яны прывялі з сабой на кіроўныя пасады сваіх набліжаных і сваякоў.

У аддзеле маркетынгу працуе пляменнік намесніка дырэктара. Кіраўніцтва любіць выпіць, нават падчас працы здараецца. Дырэктар выкарыстоўвае службовы аўтамабіль, ездзіць на ім на рыбалку, на лецішча, свае справы развязвае. А яго «Santa Fe» ўжо год пыліцца на тэрыторыі завода. Кажа, што няма грошай на тэхагляд».

Вады і электраэнэргіі няма, заробак – 200 рублёў

Запазычанасці настолькі вялікія, што на вытворчасці адключылі гарачую ваду і электраэнэргію. Работнікі мыюцца вадой з бойлераў, а каму бракуе вады, ідуць дадому брудныя.

«Запазычанасць за электраэнэргію блізу 500 000 рублёў. Гэта значыць, цалкам адключанае прадпрыемства. Маўляў, трэба эканоміць, каб далей у мінус не сыходзіць. Заробак выплачваюць позна, пасля 25-га, а часам і 1-га. А да гэтага тэрміну трэба ж камунальныя заплаціць, крэдыты.

Часам падзяляюць заробак на тры часткі. Раней выходзіла «нета» больш за 500 рублёў. У гэтым месяцы менш выйдзе, а ў наступным, паводле маіх падлікаў, у найлепшым выпадку будзе толькі 200 рублёў. Раней заробак быў па 800-900 рублёў»

Адсутнасць грошай работнікам тлумачаць тым, што «Белэлектрамантаж» забірае ўсе грошы ЗЭІ, таму ў арганізацыі няма сродкаў набыць метал.

«Але ёсць кантракты, дзе метал свой, але кіраўніцтва адмаўляецца ад прапаноў. Яны спасылаюцца на гендырэктара Пятрушына.

Яшчэ адзін аргумент - што ў нас вялікі падатак на зямлю, таму даражэйшая прадукцыя. Кіраўніцтва плануе пакінуць некалькі адзінак абсталявання, а астатняе накіруюць у Мазырскі філіял, плошчы завода аддадуць у арэнду. Яны ўжо выставілі на продаж нерухомасць завода».

Прадукцыю ЗЭІ з БелАЭС вяртаюць як металалом

Галоўным пакупніком вытворчасці завода апошнія некалькі гадоў была Беларуская АЭС. Аднак, са слоў Віктара, з невядомых прычын прадукцыю пачалі вяртаць, а заказы БелАЭС цяпер выконваюць расейцы.

«Калі пачалі будаваць БелАЭС, кіраўніцтва адмовілася ад іншых заказаў, тым самым страціўшы сталых кліентаў і партнёраў. Пачалі набываць адпаведнае абсталяванне. Узялі ў лізінг дарагі станок, дагэтуль не выплацілі. У Рэчыцы ацынкоўвалі металаканструкцыі, але ўсё вярталася ў вельмі дрэннай якасці.

Усіх заганялі ў Астравец займацца мантажом. Пасля выявілася нешта не так з гэтымі канструкцыямі, пачалі дэмантаваць. Тыя металаканструкцыі, якія пастаўляліся для ўмацавання кабеляў, ацынкаваныя латкі, цяпер прывозяць назад як металалом.

Яны не патрэбныя. Яны стаялі там пад адкрытым небам, сапсаваліся, цяпер іх проста складуюць. Не ведаюць, што рабіць».

На нязгодных пачалі ціснуць, улады парушэнняў не знайшлі

Ціснуць на рабочых пачалі пасля таго, як яны напісалі калектыўную скаргу ў адміністрацыю Лукашэнкі і Камітэт дзяржаўнага кантролю. Са слоў рабочых, новае кіраўніцтва наўмысна завышае кошты прадукцыі і дэталяў, у выніку чаго ў тэндэрах перамагаюць дробныя прыватныя фірмы, а ў завода няма заказаў і грошай на аплату крэдытаў.

«Нам казалі, што трэст нас цягне ўніз, забірае грошы, якія завод зарабіў. У нас былі сходы, усе маўчалі. Мы пыталіся, чаму ніхто нічога не робіць, аддзел маркетынгу бяздзейнічае, у нас нават сайта няма. Як хтосьці можа даведацца аб прадукцыі?

Нам кажуць, што сайт зрабіць занадта дорага. Мы папрасілі напісаць ліст, каб аддзяліцца ад трэста, а кіраўніцтва кажа, што не ведае, што пісаць. І аднойчы нехта падкінуў гатовы ліст-скаргу ў гардэробную, а рабочыя сабралі подпісы і накіравалі ў адміністрацыю».

Адміністрацыя направіла ліст у Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, адкуль прыйшоў адказ, што ўсё ў рамках закона, завышаных коштаў прадукцыі няма, на прадпрыемстве адсутнічаюць інавацыйныя распрацоўкі,а на 2019 год запланаванае «дасудовае фінансавае аздараўленне» арганізацыі. Разглядаецца таксама варыянт аптымізацыі структуры праз яе ліквідацыю і далучэнне да іншага філіяла.

«Напісалі нам адпіску. Калі звальняўся адзін з рабочых, яго папрасілі напісаць заяву аб звальненні на ўзаемную згоду бакоў і прыпісаць, што ён згаджаецца на затрыманне аплаты.

Гэта значыць, каб яму заплацілі не цягам трох дзён, а ў невядомы тэрмін, аргументуючы тым, што грошай няма. Не падаўжаюць кантракт кіраўніку энэрга-механічнага аддзела і многім іншым. А большасць працоўных ужо ва ўзросце».

Афіцыйныя каментары прадпрыемства

З генеральным дырэктарам «Белэлектрамантажу» Паўлам Пятрушыным звязацца не ўдалося. Спачатку ён быў на нарадзе, пазней выявілася, што ў камандзіроўцы.

Спроба звязацца з дырэктарам Завода электрамантажных вырабаў Уладзімірам Кавальчуком таксама не мела поспеху:

«Дзесьці ён на прадпрыемстве ходзіць, а калі ходзіць, значыць, працуе прадпрыемства», - пасля доўгай паўзы адказала супрацоўніца аддзела маркетынгу.

Кіраўнік філіяла «ЭМУ-13» «Белэлектрамантажу», які знаходзіцца ў Астраўцы і заказвае прадукцыю ЗЭІ, распавёў belsat.eu, што не чуў аб праблемах на заводзе і зняпраўдзіў, што прадукцыю вярталі.

«Мы ніякіх канструкцый не вярталі, за іншыя філіялы адказаць не магу. Мы дагэтуль заказваем дэталі, але можна сказаць, што ўсё, што яны павінны былі паставіць, ужо паставілі.

Так, расейцы таксама тут працуюць - вырабляюць і будуюць, па тэндэры коштамі мы на адным узроўні. У іх свая дакументацыя, з імі падпісаны кантракт, але чаму яны займаюцца, а не беларусы, не ведаю, не скажу».

Гісторыя «Белэлектрамантажу» налічвае 75 гадоў. Завод электрамантажных вырабаў выконваў заказы падчас будоўлі Нацыянальнай бібліятэкі, «Мінск-Арэны», Палаца Незалежнасці, калійных камбінатаў у Салігорску і Туркменістане, мадэрнізацыі стадыёна «Дынама».

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках